Юный ушачанин Антон Шараев занимается в модельной школе Сергея Нагорного и снимается в кино

Калейдоскоп

..Гэты страшны дзень сялянскі хлопчык Сёмка не забудзе ніколі. Чорнай хмарай наляцелі на яго вёску крыважэрныя татары: забілі сякерай дзядулю, падпалілі хату, пасеклі шаблямі людзей, застрэлілі з лука нават сабаку, у будцы якога цудам паспеў схавацца малы…

Гэта адзін з эпізодаў новага гістарычнага серыяла “Рускі палонны”, здымкі якога завяршыліся днямі ў Маскве. Фільм рэжысёра Івана Шурхавецкага, зняты для Першага канала, расказвае пра барацьбу за прастол і любоў да радзімы, і стваральнікі спадзяюцца, што іх работа парадуе аматараў гісторыка-прыгодніцкага кіно. Для ўшачан жа прэм’ера стужкі будзе адметнай тым, што ролю сялянскага хлопчыка Сёмкі сыграў у ёй наш зямляк Антон Шараеў.

Пры першым знаёмстве здаецца, што пяцікласнік Ушацкай школы нічым асаблівым не вылучаецца сярод сваіх аднагодкаў. Але ёсць у хлопца адна важная рыса: ён смела спрабуе сябе ў самых розных занятках і ва ўсім імкнецца да дасканаласці. Два гады таму захапіўся вейкбордзінгам – і першыя ж турніры ва Ушачах і Мінску прынеслі яму прызавыя месцы. Паспеў пакласці ў скарбонку дасягненняў і медалі спаборніцтваў па плаванні, якое асвойвае з першых дзён, як у нашай ДЮСШ адкрылася адпаведнае аддзяленне. З захапленнем вучыцца страляць у школьным ціры і плесці вырабы з саломкі ў Цэнтры дзяцей і моладзі, спрабуе нават вучыць кітайскую мову. Ну а з мінулага лета з’явіўся ў хлопчыка і яшчэ адзін напрамак развіцця – ён стаў навучэнцам мадэльнай школы Сяргея Нагорнага.

– Ідэя паспрабаваць сына ў гэтай сферы прыйшла выпадкова, – расказвае мама хлопчыка Анастасія Шараева. – Неяк рабілі сямейныя здымкі ў адной з наваполацкіх студый і майстар адзначыў, што Антон надзвычай фотагенічны, мае ярка выражаны славянскі тыпаж. Аказалася, што ў Віцебску ёсць аддзяленне мадэльнай школы – туды мы і накіраваліся “ў разведку”. Спачатку Антон аднёсся да гэтай ідэі з недаверам: маўляў, хадзіць па подыуме – справа для дзяўчат. Але ж сярод вучняў аказалася нямала хлопцаў, а заняткі былі цікавымі і разнастайнымі: акцёрскае майстэрства, фотапазіраванне, аповед пра сябе на розных мовах.

І бацькі па суботах сталі прывозіць сына ў абласны цэнтр. Трэба сказаць, што агенцтвы розных краін цесна супрацоўнічаюць і нават маюць агульную базу, куды заносяцца мадэлі. Трапіў туды і юны ўшачанін – і адразу прыцягнуў увагу арганізатараў паказаў знакамітых айчынных і замежных брэндаў. Зараз за плячыма хлопчыка ўдзел у шэрагу мерапрыемстваў, сярод якіх, напрыклад, прэстыжны паказ “Брэндс Фэшн Шоу”, што ладзіцца ў Мінску. Антон прэзентаваў адзенне такіх знакамітых марак, як “Глорыя джынс”, “Осцін”, “Орбі”.

Паралельна развівалася і яго акцёрская кар’ера. Прайшоўшы складаны кастынг міжнароднага мадэльнага агенцтва “Селебрыці Кідс», хлопчык атрымаў запрашэнне з “Масфільма”, дзе праходзілі здымкі тэлеперадачы “Натуральны адбор” – папулярнага шоу канала “ТВЦ” з вядучым Атарам Кушанашвілі. Акцёрскі дэбют аказаўся ўдалым. А за ім прыйшла чарга і прыгаданай у пачатку невялікай кінематаграфічнай ролі. На яе хлопца адабралі па здымку – прыцягнула тая самая славянская знешнасць. Цікава, што на другі этап кастынгу трэба было прыбыць у Маскву і спачатку сям’я Шараевых ад прапановы адмовілася – паездка ўсё ж далёкая і нятанная. Але, па ўсім відаць, беларускі бландзін моцна прыглянуўся арганізатарам і ў парадку выключэння яны дазволілі зняць відэа ва Ушачах.

– Мы паклалі перад Антонам кусок бервяна, які ўвасабляў забітага дзядулю, і сыну варта было заплакаць, паказаць, як ён бядуе, – прыгадвае Анастасія. – Потым запісалі і адправілі відэа, дзе ён чытае верш і спявае. А праз тыдзень прыйшло паведамленне, што сын зацверджаны на ролю Сёмкі.

– На здымках было вельмі цікава. Акцёры настолькі пераўвасобіліся ў сваіх герояў, што здавалася, быццам усё адбываецца насамрэч. Спрыялі гэтаму і касцюмы: мне, напрыклад, упершыню давялося абуць сапраўдныя лапці, – расказвае Антон. – Сцэну, калі татары ўрываюцца ў вёску, здымалі некалькі разоў. Асабліва складаным быў момант, калі я хаваўся ў будцы, а побач хадзіў воін і падпальваў усё наўкол. Вядома ж, я вельмі стараўся не падвесці рэжысёра, – расказвае хлопчык. – Думаю, гэта ўдалося: мой эпізод знялі ўсяго за два дублі. Увогуле ж усе ставіліся да мяне надзвычай дружалюбна і жартам называлі беларускім Харацьянам. Здымацца ў кіно вельмі спадабалася і спадзяюся, што ў мяне яшчэ будзе такая магчымасць!

Думаецца, што ў таленавітага хлопчыка абавязкова ўсё атрымаецца. Прынамсі, першыя крокі ў мадэльнай сферы ўжо робіць і яго трохгадовая сястрычка Яна. Летась яны з мамай увайшлі ў лік пераможцаў фотаконкурсу “Маленькія профі”, што праводзіла газета “Беларускі час”. Па яго ўмовах трэба было зрабіць здымак дзяцей у антуражы пэўнай прафесіі. Анастасія, якая захапляецца фатаграфіяй, прадставіла дачушку ў абліччы доктара (на здымку 1) – фота сярод 12 лепшых трапіла ў насценны каляндар, які надрукавала выданне.

Напрыканцы ж аповеду хочацца падкрэсліць вызначальную ролю бацькоў у развіцці дзяцей. У гэтым сэнсе сям’я Шараевых – яркі прыклад таго, што нават у глыбінцы можна паспяхова і рознабакова развіваць іх таленты. Праўда, дзеля гэтага трэба самому быць няўрымслівым і захопленым, ахвяраваць вольным часам і, канечне, ставіць перад сабой самыя высокія мэты.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *