В летнее время получить ожог можно не только от солнца, но и от борщевика Сосновского. Будьте осторожны!

Здравоохранение Калейдоскоп

У летні час апёк можна атрымаць не толькі ад гарачага сонца, але і ад баршчэўніку Сасноўскага, які, на жаль, вельмі распаўсюджаны ў нашым раёне. Кантакт з любымі яго часткамі вельмі небяспечны для чалавека, прычым не выратоўвае і верхняе адзенне. Сок расліны, трапляючы на адкрытыя ўчасткі скуры, робіць яе вельмі адчувальнай да сонечных праменяў. Каварства такіх апёкаў у тым, што чалавек не адразу адчувае іх сімптомы: яны могуць з’явіцца толькі праз суткі. Асабліва моцна расліна ўздзейнічае на дзіцячую скуру. Вельмі небяспечная яна для алергікаў.

Клінічная карціна апёку пачынаецца з пачырванення скуры, ацёку, моцнага свербу, узнікнення пузыроў. Можа ўзняцца тэмпература, з’явіцца ліхаманка, слабасць.

Калі ў вас быў кантакт з раслінай – тэрмінова ідзіце ў цень і прамыйце вадой з густой мыльнай пенай участкі цела, куды трапіў сок баршчэўніку. Не загарайце напрацягу некалькіх тыдняў, насіце закрытае адзенне. Пры з’яўленні сімптомаў апёку варта звярнуцца да ўрача дэрматолага ці хірурга.

Каб пазбегнуць непрыемнасцяў, нельга:

– хадзіць па забруджаных баршчэўнікам участках;

– датыкацца да яго;

– дазваляць дзецям гуляць паблізу расліны;

– скошваць баршчэўнік без спецадзення і ў сонечнае надвор’е;

– другі раз выкарыстоўваць спецадзенне без спецыяльнай апрацоўкі.

А.НІКІЦЕНКА, інструктар­валеолаг Ушацкага райЦГЭ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *