В белорусских лесах непростая ситуация с пожарами. Мы понаблюдали за обстановкой на Ушаччине вместе с лесной охраной в режиме онлайн

Профилактика и безопасность

Сёлетні веснавы сезон б’е рэкорды па ўзгараннях у беларускіх лясах. Асабліва няпроста ў гэтыя дні прыходзіцца лесаводам Гомельскай і Брэсцкай абласцей, дзе ўжо пашкоджаны тысячы гектараў. Хоць на Віцебшчыне сітуацыя адносна спакойная, нашы работнікі лесу трымаюць руку на пульсе і пільна сочаць за становішчам. Днямі мы далучыліся да іх і паназіралі за абстаноўкай… з вышыні птушынага палёту, праўда, толькі з дапамогай відэакамер!

“Ёсць нямала наступстваў, з якімі прыходзіцца змагацца – гэта ўраганы, шкоднікі, хваробы, але самым разбуральным застаецца пажар. Прычым, у абсалютнай большасці выпадкаў віноўнікам апошняга з’яўляецца чалавек”,– пачынае нашу размову пажарны вартаўнік Ушацкага лясгаса Ігар Леанідавіч Жодзік (на здымку). На кожны пажаранебяспечны вясенне-летні сезон на прадпрыемстве ўводзіцца такая пасада і, прайшоўшы спецыяльнае абучэнне, чалавек вядзе назіранне за лясамі. Аднак сёлета нават абучаць не прыйшлося: інжынер лясной гаспадаркі па адукацыі, І.Л.Жодзік 25 гадоў прысвяціў рабоце ва Ушацкім лясгасе і выдатна ведае ўсе нюансы справы.

Многія прыкмячалі вышку побач з адміністрацыйным будынкам лясгаса. На ёй устаноўлена відэакамера, а ўсё, што трапляе ў поле яе зроку, выводзіцца на экран манітора. Камера круціцца вакол сваёй восі, адсочваючы сітуацыю ў радыусе 20-25 кіламетраў. Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне дазваляе ўсяго некалькімі рухамі камп’ютарнай мышкі спыніць камеру або павярнуць у патрэбным кірунку, наблізіць “карцінку”. Вось ужо сапраўды новыя тэхналогіі на службе лесу! Днём за сітуацыяй сочаць спецыялісты па ахове лесу, а ўвечары і па выхадных – пажарны вартаўнік.

– Зона ахопу залежыць ад надвор’я. Калі на вуліцы смуга ці туман, яна, канечне, меншая. Сёння пахмурна, аднак, тэлевышку ў Астравенцы і нават яе тросы можна выдатна разгледзець, – дэманструе на экране Ігар Леанідавіч. – А часам нават, хоць і не так дэталёва, бачны выкіды наваполацкага НПЗ.

Калі на камерах заўважае дым, вартаўнік арыентуецца на мясцовасці, у тым ліку і з дапамогай карты. Калі ёсць небяспека для лесу, звязваецца з лясніцтвамі, дзе створаны спецыяльныя брыгады, паведамляе работнікам лясной аховы. У лясгасе існуе свая пажарна-вытворчая каманда, на ўзбраенні якой усё неабходнае – ад ранцавых апырсквальнікаў да пажарных машын.

Калі дзейнічае высокі клас пажарнай бяспекі – над лясамі Віцебшчыны лётае верталёт: тады дакладна вызначыць месца ўзгарання значна прасцей. Зрэшты, якраз падчас нашай размовы на камерах сталі бачны невялікія слупы дыму ў накірунку Строктаў і Матырына. Прааналізаваўшы сітуацыю, вартаўнік прыйшоў да высновы, што гэта невялікае ўзгаранне на сельгасугоддзях і пагрозы для лесу няма.

Сёлета ўжо больш двух дзясяткаў разоў работнікі ратавалі лес ад агню, які ішоў па сухой траве з палёў і ад населеных пунктаў. Выявіць такую пагрозу ўдалося як дзякуючы абыходам на месцах, так і з дапамогай відэаназірання.

“Людзі часта няправільна ацэньваюць свае сілы. Зусім нядаўна назіраў, як жыхар Ліпаўца згроб смецце каля дома і вырашыў яго спаліць, не ўзброіўшыся пры гэтым ні лапатай, ні вадой. Здаецца вогнішча было зусім невялікім, аднак рэзкі вецер падхапіў агонь і раздуў яго на немалую плошчу – блізка да дома і лазні. Гаспадар нават адзенне з сябе здымаў – збіваў ім агонь, добра, абышлося без страт”, – расказвае І.Л.Жодзік.

– Агульная плошча лесфонду на Ушаччыне складае 73,5 тысячы гектараў, з іх 18 тысяч знаходзіцца каля водаахоўных зон, адпаведна гэтыя месцы з’яўляюцца зонай павышанай рызыкі – там раскладаюць вогнішчы, кідаюць непатушаныя акуркі, – прадаўжае інжынер па ахове лесу Ушацкага лясгаса І.С.Шугалей. – Асабліва рвецца сэрца, калі агонь даходзіць да маладняку. І калі часткова пашкоджаныя вялізныя сосны яшчэ могуць аджыць ці пайсці на драўніну, то маладыя насаджэнні імгненна згараюць і не адзін год працы, укладзеныя сілы і сродкі пераўтвараюцца ў попел. Таму галоўная задача лясной аховы – зусім не гераічная барацьба з агнём, а недапушчэнне яго ўзнікнення. У крайнім выпадку – выяўленне на самай ранняй стадыі. Бывае, грамадзяне абураюцца, маўляў, нават у лесе ад камер не схавацца, аднак лічу, што гэта прымушае быць больш дысцыплінаванымі, не парушаць правілы і заканадаўства.

Аналагічныя камеры на вышках устаноўлены яшчэ і ва ўсіх лясніцтвах акрамя Ушацкага, дзе таксама на месцах вядзецца пастаянны маніторынг. На ўзбраенні лясной аховы і сістэма аператыўнага маніторынгу прыродных пажараў “Сканэкс” – па даных з космасу на карце адлюстроўваюцца ўзгаранні не толькі ў беларускіх лясах.

– На шчасце, сёлета пакуль не зарэгістравана лясных пажараў. Але памятаю, як у 90-х гадах моцна гарэў лес у Касарскім лясніцтве. Не было тады такіх сучасных тэхналогій, з агнём змагаліся некалькі сутак, начавалі ў лесе. Не перадаць адчуванні, калі дрэвы стогнуць як людзі, а з ахопленага дымам лесу выбягаюць звяры, – прыгадвае І.Л.Жодзік.

І ўсё ж, за кожнай палянай не прасочыш, таму лесаводы спадзяюцца на свядомасць грамадзян. Аднавіць лес у тысячы разоў складаней, чым знішчыць…

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *