На музее народной славы и детской школе искусств в Ушачах продолжаются строительные работы

Общество

Супрацоўнікам музея народнай славы зараз не пазайздросціш – працаваць ва ўмовах капітальнага рамонту, мякка кажучы, не камфортна. Але яны церпяць, у “баявой” абстаноўцы захоўваюць музейныя фонды і экспазіцыі, ладзяць адмысловыя выставы да мерапрыемстваў раённага і абласнога маштабаў. А яшчэ па меры магчымасці дапамагаюць будаўнікам набліжаць фініш работ. Трэба адзначыць, што яны на асобым кантролі – у чацвер з выкананымі аб’ёмамі і агульным станам мадэрнізацыі азнаёміўся старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Уладзіміравіч Цярэнцьеў, які разам з начальнікам упраўлення культуры аблвыканкама Пятром Мікалаевічам Падгурскім правялі штаб па рамонце і мадэрнізацыі знакавых аб’ектаў нашага гарпасёлка.

Удзел у ім прынялі старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч, начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва Ушацкага раёна Аляксандр Сяргеевіч Лосеў, якія спачатку далажылі аб ходзе мадэрнізацыі музея. Агульнабудаўнічыя работы тут амаль скончаны – умацаваны фундаменты і сцены, перакрыты дах, заменены вокны і дзверы, усталяваны бардзюр па адмостцы, праведзена ўцяпленне фасаду фондасховішча, кіна- і выставачнай залаў. Зараз вядзецца замена сістэм ацяплення і электразабеспячэння, аддзелка ўнутраных памяшканняў. Праўда, на момант візіту гасцей з абласнога цэнтра, рабочых на аб’екце не было. Як патлумачыў А.С.Лосеў, работы часова прыпынены – Шумілінскае ПМК-70 вялікія аб’ёмы выканала без аплаты, мадэрнізацыя працягнецца, калі будзе адноўлена фінансаванне. Бюджэт жа зараз складваецца няпроста, прынамсі, значныя пазапланавыя сродкі накіраваны на падтрымку медработнікаў, закуп медыкаментаў і абсталявання. Але нават з улікам гэтага, работы па рэканструкцыі адновяцца, сёлета трэба скончыць умацаванне пліт перакрыцця, афарбоўку фасада і ўцяпленне падлогі, мантаж сістэмы пажарнай сігналізацыі. У.У.Цярэнцьеў звярнуў увагу на важнасць пытання добраўпарадкавання тэрыторыі вакол музея, адзначыў, што аб’ект з’яўляецца адной з візітовак гарпасёлка і раз агульнабудаўнічыя работы скончаны, то фасад з параднага боку неабходна тэрмінова прывесці ў належны стан.

Высокая ступень гатоўнасці і на рэканструкцыі будынка пад дзіцячую школу мастацтваў – У.У.Цярэнцьеў і П.М.Падгурскі наведалі і гэты аб’ект, на якім выканана кладка і дах, устаноўлены аконныя блокі і перагародкі, падвесная столь, зманціраваны цеплавузел і цеплатрасы, сістэма ацяплення, на 90 працэнтаў праведзена ўцяпленне фасаду, вядзецца вертыкальная планіроўка, мантаж электраправодкі, аддзелачныя работы і добраўпарадкаванне тэрыторыі. Нягледзячы на значныя аб’ёмы, да 1 верасня здаць аб’ект у эксплуатацыю не атрымаецца. У.У.Цярэнцьеў падкрэсліў, што “на дзецях ні ў якім разе нельга эканоміць”, таму фарсіраваць работы не трэба, а ўсё выконваць па праекце.

Удзельнікі штаба таксама спыніліся і ля брацкай магілы савецкім воінам і партызанам у сверы гарпасёлка, дзе далі станоўчую ацэнку новага аблічча скульптуры салдата пасля праведзенай напярэдадні Дня Перамогі рэканструкцыі. У.У.Цярэнцьеў зазначыў, што кіраўніцтва вобласці, нягледзячы на ўсе цяжкасці, надае вялікую ўвагу прывядзенню ў належны стан аб’ектаў, звязаных з увекавечаннем подзвігу абаронцаў Айчыны, ды і мы памятаем, якую важкую дапамогу аказвалі абласны выканаўчы камітэт і абласны Савет дэпутатаў на рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу “Прарыў”. Зрэшты, музей народнай славы таксама з’яўляецца помнікам аб подзвігу нашых продкаў і якаснае завяршэнне яго мадэрнізацыі – справа гонару і сумлення.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *