Не так даўно мы расказвалі аб пачатку рэканструкцыі ўчастка Сарочына-Лепель трасы Р-46. Як і належыць, стартаваў гэты этап з падрыхтоўчых земляных работ, у цяперашні ж час дарожнікі актыўна працуюць непасрэдна над палатном. Менавіта гэтым працэсам займалася ў адзін з дзён брыгада ДБУ №3 г.Віцебска, работнікі якой укладвалі першы слой асфальта на ўчастку непадалёк ад Вацлавова.
Паколькі аб’язных дарог па праекце тут не прадугледжвалі, работы вяліся на адной паласе, у той час як па другой пастаянна рухаўся транспарт. Відавочна, што гэта патрабуе ад дарожнікаў максімальнай уважлівасці. “Асабіста я ў гэтай сферы ўжо чвэрць стагоддзя – нават не злічыць, колькі дарог пабудаваў і адрамантаваў, так што ўсе рухі і дзеянні даведзены да аўтаматызму, – падзяліўся з намі дарожны рабочы арганізацыі Віктар Баранаў. Больш сціплы стаж, але не менш высокая кваліфікацыя – у маладога інжынера-геадэзіста Уладзіслава Лямнёва, які аглядаў участак шашы праз вочка нівеліра: менавіта ад дзеянняў гэтага спецыяліста ў многім залежыць тое, наколькі роўным будзе палатно.
“Хоць і нялёгкая наша праца, але прыемна адчуваць, што мы робім вельмі патрэбную людзям справу, – падзяліўся з намі работнік. – Напэўна, усе ўшачане ўжо ацанілі рэканструяваны ўчастак Сарочына-Полацк, да якога мы таксама прыклалі руку. Падарожнічаць па ім – адно задавальненне! І дзеля гэтага мы гатовы шчыраваць на дарозе ў любое надвор’е, штодня прыязджаць сюды з Віцебска. Канечне, зараз аўтамабілістам нязручна, даводзіцца стаяць на святлафорах, затое потым шаша будзе намнога лепшая: сучасная, шырокая і бяспечная”.
Як паведамілі ў міністэрстве транспарту і камунікацый Беларусі, рэканструкцыя ўчастка Сарочына-Лепель будзе завершана ў 2026 годзе.
Наталля БАГДАНОВІЧ.