Загоняли в землянку и бросали гранаты. Нина Степущёнок последний свидетель трагедии в деревне Заговалино

Общество

Помнік у вёсцы Загаваліна Глыбачанскага сельсавета з’яўляецца адным з самых даўніх на тэрыторыі раёна. Устанавілі яго яшчэ ў 50-ыя гады на месцы гібелі вяскоўцаў ад рук карнікаў. “На адкрыццё прыбегла з работы, чытала, што там на ім напісана, – расказвае Ніна Аляксандраўна Сцепушчонак. – Дакладна не прыгадаю, 15 ці 16 гадоў мне тады было, але ўжо працавала на свінаферме…” А вось трагічныя падзеі, у памяць аб якіх устаноўлены помнік, запомніла на ўсё жыццё, хоць і ішоў ёй тады толькі пяты год – на сённяшні дзень жанчына з’яўляецца адзіным сведкам расправы фашыстаў над жыхарамі Загаваліна.

– Гэта я па мужы Сцепушчонак, а ў дзявоцтве Каліноўская, – прысеў­шы на лавачку, пачынае Ніна Аляксандраўна. – Нас у бацькоў было пяцёра, старэйшы брат ужо працаваў у Віцебску. Натуральна, што да пачатку 1944-га я мала што помню, бо была зусім малая. А забівалі нашу вёску ў красавіку…

Па словах жанчыны, калі карнікі наляцелі ў Загаваліна першы раз, то большасць людзей уцалела, кінулі свае хаты і адышлі ў бок Баброва. Вёску спалілі. Якраз пачыналася блакада, і мірныя жыхары не ведалі, як ім быць – не ўсе накіроўваліся за адступаючымі партызанамі, многія вярталіся на свае папялішчы, разважаючы, што самае страшнае ўжо скончылася. Аказалася, зусім не.

– Людзі капалі зямлянкі, – працягвае Н.А.Сцепушчонак. – У нас маці, бабуля ды старэйшыя браты. Бацьку злавілі падчас аблавы і пагналі ў Германію, ён вярнуўся дадому ўжо пасля перамогі. Вось у адну з гэтых зямлянак і пачалі карнікі людзей зганяць – напхалі, колькі можна было. Казалі, што непадалёк немца забітага знайшлі, помсцілі за яго. Адкуль гэта разумелі? Дык многія і па-нашаму, і па-руску размаўлялі – паліцаі і “народ­нікі”-уласаўцы.

Не ўсіх людзей удалося карнікам сагнаць у зямлянку, бо былі на той час у Загаваліна і бежанцы з Рацькава, Ляхава, Усвіцы, іншых вёсак. Выдатна памятае Ніна Аляксандраўна, як маці несла яе на руках, як у сутарэнні склепу іх прыціснулі да складзенай печы:

– Калі ж людзей ужо немагчыма было больш заводзіць, пачалі ў зямлянку кідаць гранаты, а дзверы ступай прысунулі. Кідалі ў вокны, у комін. Мяне цэглай і прысыпала, нават не зачапіла… А мама высокая, ёй асколак трапіў у скронь – нідзе больш не было ран. Іншых жа моцна парвала – калі выбіралася з гэтай зямлянкі, то ісці па целах не магла – такое ўсё мяккае і коўзкае ад крыві. Дык я паўзла па людзях, па гэтай крыві, мяне клічуць, я і паўзу…

Ніна Аляксандраўна прыкладае да вачэй насоўку і неяк зусім няёмка штосьці пытацца далей у чалавека, які ўбачыў такое чатырохгадовым дзіцём. Жыцці 98 вяскоўцаў абарваліся ў той зямлянцы – і старых, і малых, дзесьці 20 ацалела. Але для некаторых перажытае стала невыносным стрэсам. Н.А.Сцепушчонак кажа, што адна старэйшая дзяўчынка змагла выскачыць праз акно і схавацца на могілках. Там яе потым і знайшлі мёртвую – мабыць сэрца не вытрымала.

Так сталася, што сям’я Каліноўскіх страціла ў той дзень толькі маці, а дзеці ўсе засталіся жывыя – адзін брат у смяротную зямлянку не трапіў, іншыя былі ў родных. Шмат гора нацярпеліся яны і ў далейшым, прайшлі праз часовы лагер у Уле, перанеслі вялікія голад і нястачу, бо захопнікі абрабавалі людзей да ніткі. За малымі прыглядала бабуля, і хоць ёй прапаноўвалі аддаць іх у дзетдом, яна адмовілася, а потым вярнуўся з Германіі бацька.

Н.А.Сцепушчонак пасля вайны скончыла толькі пачатковую школу. “Абуць нечага было, а ў васьмігодку ва Усвею трэба дабірацца па лёдзе праз возера, я і кінула вучобу, – уздыхае жанчына. – А ў пятнаццаць пайшла працаваць на свінаферму ў Адэліна, дваццаць год даяркай тут, у Загаваліна, у брыгаду хадзіла, зараз ужо амаль трыццаць год на пенсіі – вось і ўсё маё жыццё, асабліва нечага і ўспом­ніць…”

Калі размаўлялі з Нінай Аляксандраўнай, ля суседняга дома нешта грукацела. “Сын з Полацка, у яго тут дача побач з маёй хатай, – тлумачыць гаспадыня. – Меншы ў Віцебску, таксама мяне не забывае, прыязджае і тэлефануе кожны дзень – мабільнік пры сабе во заўсёды трымаю. Так і жыву побач з месцам, дзе была тая зямлянка. Людзей, дарэчы, потым перанеслі на могілкі, яны не тут пахаваны. А абеліск – як напамін, хаця такое не забудзеш ніколі”.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *