В Кубличах появился памятный знак и музейная экспозиция, посвящённая жизни и быту евреев

Общество

Адметным сёлетні Дзень Незалежнасці стаў для жыхароў аграгарадка Кублічы: у цэнтры населенага пункта быў адкрыты памятны знак “Яўрэйскае пасяленне – Кублічы”, а на базе сельскага Дома культуры – музейная экспазіцыя, прысвечаная жыццю і быту яўрэяў. Штуршком да гэтых падзей стаў распрацаваны ў пачатку бягучага года раённы праект “Яўрэйскае мястэчка – Кублічы” з мэтай больш глыбокага вывучэння гісторыі яўрэйскага пасялення, быту і дзейнасці прадстаўнікоў гэтай нацыі, іх удзелу у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на тэрыторыі Ушаччыны.

З чаго ўсё пачыналася

Старт праекта звязаны з удзелам старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, нашага дэпутата Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі ў пасяджэнні Міжнароднага форуму лідараў, прысвечанага Міжнароднаму дню памяці ахвяр Халакоста і 75-й гадавіне вызвалення Асвенцыма, які адбыўся ў студзені ў Іерусаліме. Падчас візіту спікер ніжняй палаты беларускага парламента абмяркоўваў з прадстаўнікамі ізраільскага боку пытанні ўзаемадзеяння ў розных сферах, у тым ліку ў развіцці турызму, аднаўленні мясцін яўрэйскай гісторыі і культуры. Як вядома, нацысцкая Германія яшчэ ў 30-х гадах ставіла на мэце знішчыць усё яўрэйскае насельніцтва Еўропы і на працягу Другой сусветнай вайны ажыццяўляла свой жудасны план. Толькі ўдумайцеся: на тэрыторыі Еўропы знішчана больш за 6 мільёнаў яўрэяў.

Чаму менавіта Кублічы сталі месцам рэалізацыі праекта? На Ушаччыне гэта быў дастаткова буйны цэнтр пражывання яўрэяў: у пачатку 20 стагоддзя ў населеным пункце налічвалася 1800 жыхароў, з іх 1600 – яўрэі. Тут размяшчалася валасное ўпраўленне, 2 сінагогі, 3 яўрэйскія школы, 17 гандлёвых лавак, аптэка. Пасля правядзення калектывізацыі колькасць яўрэйскага насельніцтва скарацілася. У час Вялікай Айчыннай вайны фашысты двойчы спальвалі Кублічы.

Як адзначыла намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч у сваёй прамове на адкрыцці памятнага знака, нядаўна Нацыянальным агенцтвам па турызме сумесна з Докшыцкім, Глыбоцкім, Ушацкім райвыканкамамі быў распрацаваны турыстычны маршрут “Страчаны рай: жыццё і катастрофа беларускіх яўрэйскіх мястэчкаў”. У чэрвені бягучага года адбыўся першы адукацыйны семінар на базе названых раёнаў, у якім прынялі удзел кіраўнікі турыстычных арганізацый Беларусі, прадстаўнікі Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, журналісты. Маршрут уключаў знаёмства з яўрэйскімі мястэчкамі названых рэгіёнаў, наведванне музеяў, мемарыяльных комплексаў, яўрэйскіх пахаванняў і памятных месцаў. У семінары прыняў удзел надзвычайны і паўнамоцны пасол Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Алон Шогам, які зацікавіўся Кублічамі і паабяцаў пасадзейнічаць, каб кубліцкія аб’екты ўвайшлі ў ланцужок турыстычнага маршруту.

Знак – для гісторыі і памяці

У рамках праекта ў першую чаргу была запланавана ўстаноўка памятнага знака з інфармацыйнай шыльдай, а таксама добраўпарадкаванне мясцовых яўрэйскіх могілак. Цяжка пераацаніць уклад у справу старшыні Кубліцкага сельвыканкама М.В.Ярмош. Фінансаванне праекта было арыентавана выключна на пошук спонсараў. Але дзякуючы настойлівай працы ў гэтым накірунку Марыі Васільеўны, з’явіліся людзі, якія ахвяравалі патрэбную суму і, тым самым, дапамаглі рэалізаваць задуманае ў поўным аб’ёме. Нельга не адзначыць і ўклад мясцовых жыхароў: пасля таго як на яўрэйскіх могілках былі выразаны дрэвы і кустоўе, на заклік старшыні сельвыканкама выйсці на суботнік адгукнуліся тры дзясяткі кублічан і шчыра папрацавалі разам з кіраўніком сельсавета. Цяпер тут парадак, і можна прымаць турыстаў.

3 ліпеня, у пятніцу, жыхары Кубліч прыйшлі і на адкрыццё памятнага знака, які ўстаноўлены ў цэнтры аграгарадка. Сярод іх і былы старшыня сельвыканкама Аляксандр Ягоравіч Кухта (на здымку). У сваёй прамове на ўрачыстасці ён адзначыў: “Падчас работы сутыкаўся з архіўнымі дакументамі, якія сведчылі, што ў Кублічах на пачатку ХХ стагоддзя жыло больш за 2 тысячы яўрэяў. Яшчэ мая маці расказвала, што да вайны кожны тыдзень ладзіўся вялікі кірмаш. Сюды прыязджала закупляць у насельніцтва прадукцыю нават кааперацыя з Ленінграда! Не раз мама адзначала, што ў той перыяд кублічане жылі добра, як ніколі. Магчыма, не ўсе ведаюць, што менавіта кубліцкія яўрэі арганізоўвалі у свой час калгас “Новае жыццё”. Шмат было ў вёсцы выдатных кавалёў, але прыйшла вайна і перакрэсліла спакойнае жыццё. Фашысты запрагалі людзей у начоўкі і, паганяючы бізуном, прымушалі іх катаць дзеля забавы. Шмат здзекаў давялося перажыць нашым людзям. А пазней усіх яўрэяў сагналі ва Ушачы і растралялі. Пытанне стварэння памятнага знака мяне непакоіла даўно, але падчас кіраўніцтва сельвыканкамам так і не ўдавалася ўвасобіць задуманае ў жыццё. Памятаю, неяк сказаў Марыі Васільеўне Ярмош: я не змог, паспрабуй ты. І ў яе ўсё атрымалася, за што ёй шчырая ўдзячнасць ад усіх нас. Наша памяць будзе жыць”, – заключыў Аляксандр Ягоравіч.

Завітала ў Кублічы ў гэты дзень і дырэктар прыватнай яўрэйскай культурна-асветніцкай установы “Фінчлі” Рыната Фрэйдзінзон. Не стрымліваючы эмоцый, яна прызналася, што не чакала, што ва Ушацкім раёне на ўзроўні выканаўчай улады надаюць вялікую ўвагу аднаўленню і захаванню гісторыі яўрэйскіх мястэчак, што тут, у Кублічах, жывуць такія выдатныя людзі, якія так беражліва захоўваюць памяць аб сваіх земляках, і, звяртаючыся да мясцовых жыхароў дадала: “Дзякуй вам за гэта, шмат дзе была, але не сустракала такіх трапяткіх адносін да гісторыі і павагі да яўрэйскай нацыі. Нядаўна валанцёры нашай арганізацыі займаліся аднаўленнем могілак у Бабынічах, пастараемся аказаць дапамогу і Кублічам у пошуку спонсараў”.

Усе прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых яўрэяў хвілінай маўчання і да новага памятнага знака ляглі кветкі.

Музей з нуля

Разынкай раённага праекта стала стварэнне з нуля музейнай экспазіцыі “Жыццё і быт яўрэяў”. На свае вочы кожны мог пабачыць, што ўдалося зрабіць літаральна з нічога. Некалькі памяшканняў другога паверха былой Кубліцкай школы пераўтварыліся ў цікавыя музейныя пакоі, у якіх абсалютна ўсе прадметы аўтэнтычныя. Амаль усе яўрэі займаліся нейкім рамяством, а таму ў першым раздзеле экспазіцыі сабраны цяслярныя, бондарскія інструменты, а таксама прадметы, якімі людзі карысталіся ў быце – бочкі, маслабойкі, лавы і многае іншае.

Як вядома, яўрэі былі выдатнымі гандлярамі, ім у пачатку 20 стагоддзя належала 80 працэнтаў крам. Пабываць у тагачаснай і паглядзець, што прапаноўвалі пакупнікам, можна з дапамогай створанай інсталяцыі магазіна, знайшлося месца і для аптэкі. У свой час у вёсцы дзейнічалі тры швейныя атэлье і дзве шавецкія майстэрні, адпаведна многія прадметы з іх можна таксама тут убачыць.

Свае асаблівасці мела і абсталяванне жылля яўрэяў. Напрыклад, не прадугледжваліся пры будаўніцтве сенцы, больш багатым, чым у беларускіх сялян, быў інтэр’ер. І калі прыблізны выгляд пакоя быў адноўлены па гістарычных звестках і ўспамінах старажылаў, то для нагляднасці ў музей у прамым сэнсе пераехала сцяна рэальнага дома.

Падчас першай экскурсіі кублічане і госці даведаліся шмат цікавых фактаў, якія грунтоўна і цікава падала дырэктар музея народнай славы імя У.Е Лабанка Наталля Пятроўна Бугай. Да прыкладу, дзяўчынкі ў яўрэйскіх сем’ях былі ў меншай ступені ахоплены адукацыяй, але з 3-4 гадоў іх ужо вучылі шыць, а таму ў кожным доме была швейная машынка. Існавала нават прафесія так званай свацці: чалавек абыходзіў мястэчка, перапісваў нежанатых, незамужніх і знаёміў пары. Калі ўсё атрымлівалася, то прымаў узнагароджанне ад абаіх бакоў.

Асобнае месца ў музеі адведзена тэме Вялікай Айчыннай вайны, сабраны матэрыялы пра ўшацкае гета і звесткі пра яўрэяў, якія ўнеслі свой уклад у агульную перамогу.

Трэба дадаць, што аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі накіраваў усе намаганні, каб за паўгода музейная экспазіцыя пачала працаваць. У дапамогу М.В.Ярмош, ідэйным натхняльнікам і аўтарам усіх задум стала Н.П.Бугай. Яна літаральна жыла гэтым аб’ектам і кожны дзень разам з іншымі супрацоўнікамі музея, крок за крокам аднаўляла гісторыю. “Разам з М.В.Ярмош аб’ехалі ўсе населеныя пункты і па кроплям збіралі шматлікія экспанаты, найбольшая колькасць іх з Кубліч і Воцькавіч. Удзячны вяскоўцам, якія не шкадавалі рэчаў і з задавальненнем перадавалі іх у музей,” – адзначыла Н.П.Бугай.

Але, як прызнаецца сама Наталля Пятроўна, у іх з Марыяй Васільеўнай яшчэ шмат задумак па дапаўненні музея новымі тэматычнымі пакоямі, і яны ў бліжэйшы час будуць актыўна ажыццяўляць задуманае. Да таго ж, шмат неабыякавых людей ужо захацелі далучыцца да гэтай справы.

Прыемна, што праект рэалізаваўся, а Кублічы “прыраслі” новымі аб’ектамі, якія будуць наведваць самі вяскоўцы, іх дзеці і ўнукі, а таксама госці раёна.

Вольга КАМАРКОВА.



2 комментария по теме “В Кубличах появился памятный знак и музейная экспозиция, посвящённая жизни и быту евреев

  1. А.Я. Кухта кажа: «Пытанне стварэння памятнага знака мяне непакоіла даўно, але падчас кіраўніцтва сельвыканкамам так і не ўдавалася ўвасобіць задуманае ў жыццё.» Хацелася б ведаць: хто ці што, якія канкрэтна людзі, арганізацыі ці сілы перашкаджалі Аляксандру Ягоравічу «ўвасобіць задуманае ў жыццё» ці хаця б навесці парадак на яўрэйскіх могілках?
    У мяне ёсць свая версія адказу на гэтае пытанне. Калі цікава — магу падзяліцца.

  2. P.S. Удакладненне: калгасу «Новае жыццё» ў Кублічах ніколі не было. Кубліцкія яўрэі арганізавалі швейную арцель «Новае Жыццё». Калгас з такой назвай у 30-я гады ў раёне ўсё ж існаваў, але не ў Кублічах, а ў вёсцы… (адгадайце, ў якой?). І яшчэ пытанне для знаўцаў гісторыі раёна: як вы думаеце, колькі калгасаў было ў Вушацкім раёне, скажам, у 1937 годзе? Варыянты адказаў: а) менш за 30; б) ад 31 да 50 ; в) ад 51 да 70; г) больш за 70.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *