Ученик Ушачской школы Иван Драгун разработал логотип для проекта «Ушачи — здоровый город» и стал победителем конкурса

Образование и молодежь

Раніца чацвярга для вучня Ушацкай школы Івана Драгуна стала ў многім асаблівай. Яго разам з бацькамі запрасілі ў раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, дзе былі падведзены вынікі конкурсу лагатыпаў, што ладзіўся ў рамках праекта “Ушачы – здаровы горад”.

– Тваё бачанне тэмы, падыход да афармлення работы спадабаліся не толькі членам журы, але і многім ушачанам, – уручаючы пераможцу дыплом і падарунак, зазначыў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна П.А.Саўчанка. – Менавіта за твой лагатып у інтэрнэце прагаласавала найбольшая колькасць чалавек.

Дарэчы, у гэтым блізкія Івана не бачаць нічога дзіўнага. Хлопец праяўляе цікаўнасць да многіх сфер, а яго перфекцыянізм дапамагае зрабіць усё надзвычай якасна. У шэрагу захапленняў – музыка, Іван скончыў дзіцячую школу мастацтваў, доўгі час быў ударнікам у складзе аркестра ўстановы. У дзяцінстве шмат часу праводзіў на футбольным полі, праўда, атрыманая траўма нагі не дазволіла працягнуць заняткі. Тым не менш, са спортам “без пяці хвілін” дзевяцікласнік не расстаецца – пераключыўся на модны воркаўт, з сябрамі наведвае трэнажорную залу.

– Рознае спартыўнае абсталяванне, у тым ліку адмысловы турнік з брусам, маецца і дома, – расказвае маці хлопца Вольга Уладзіміраўна Хамянок. – А яшчэ сын любіць плаваць – часта выязджаем усёй сям’ёй на вадаёмы Ушаччыны. Мара Вані – нырнуць з вялікай вышкі і, магчыма, звязаць з такім відам спорту свой лёс.

Сябруе хлопец і з камп’ютарнымі тэхналогіямі. Таму калі ўбачыў, як “чаруе” над стварэннем лагатыпа яго бацька – Павел Міхайлавіч Драгун (зрэшты, яго работа таксама аказалася на лідарскіх пазіцыях у конкурсе), загарэўся ідэяй паспрабаваць сябе ў такой справе. І, як аказалася, не прагадаў!

– Нічога складанага не было. Тры гадзіны цікавага, творчага працэсу – і лагатып гатовы, – падзяліўся з намі Іван. – Прызнаюся: не разлічваў стаць пераможцам, аднак вельмі рады гэтаму. Дзякую землякам, якія падтрымалі мяне ў галасаванні.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *