День пожарной службы ушачские спасатели отметили вместе с ушачанами

Калейдоскоп

“101” ці “112” – на гэтыя нумары тэлефануюць людзі, трапіўшы ў бяду. І 47 супрацоўнікаў Ушацкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях у любую хвіліну гатовыя прыйсці на дапамогу. Напярэдадні дня пажарнай службы яны сабраліся на ўрачысты сход з нагоды прафесійнага свята.

– Цяжка пераацаніць важнасць вашай справы, для вас не існуе чужой бяды. Шчырая ўдзячнасць усім вам за работу. Няхай менш будзе надзвычайных сітуацый і каб з іх вы заўсёды выходзілі дастойна, – падкрэслівалі падчас урачыстасці старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка і старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч. Яны ўручылі супрацоўнікам МНС Ганаровыя граматы і Падзякі.

Асабліва хвалюючым гэты дзень стаў для маладой змены райаддзела. За апошні час калектыў выратавальнікаў папоўнілі 4 супрацоўнікі – Аляксей Жыткоў, Іван Аноп, Мікіта Сямчонак і Мікіта Аўласенка (на здымку). У прысутнасці калектыву, кіраўніцтва раёна яны прынялі прысягу.

– Хлопцы ўжо аддзяжурылі не адну змену, прывыкаюць да нялёгкіх будняў, прымаюць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці калектыву, упэўнены, што яны будуць годна выконваць свае абавязкі, – адзначыў начальнік Ушацкага РАНС Ілья Віктаравіч Кошкін.

А 25 ліпеня, у Дзень пажарнай службы Беларусі, выратавальнікі арганізавалі для ўсіх ушачан свята. З адмысловых заданняў па бяспецы дзеці і дарослыя засвоілі, што падчас пажару нельга карыстацца ліфтам, а ў навальніцу не варта званіць па мабільным тэлефоне. Выклікаць выратавальнікаў можна не толькі па нумары 101, а і адзіным – 112. З задавальненнем дзеці ўдзельнічалі ў тэматычных конкурсах, малявалі. У сваю чаргу супрацоўнікі МНС былі шчодрымі на прэзенты – дарылі памяткі, размалёўкі, закладкі, кніжкі. Як заўсёды нямала было жадаючых пасядзець за рулём пажарнай машыны і прымерыць баявую вопратку выратавальнікаў. “Абмундзіраванне такое важкае, а калі да яго дадаць балон, маску і іншае, патрэбнае для работы ў задымленым памяшканні, атрымліваецца не менш двух дзясяткаў кілаграм! А пры гэтым не павольным жа крокам ісці трэба!” – разважаў Пётр Масцяеў, які разам з маленькімі сынамі завітаў на мерапрыемства.

“Не чакалі, што будзе столькі жадаючых праверыць свае навыкі карыстання вогнетушыцелем.  Для тых, хто не памятае, нагадаю: трэба сарваць пломбу, выдзернуць чаку, накіраваць раструб на ачаг узгарання і нажаць на рычаг,” – адзначыў начальнік каравула пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Арцём Жарнасек.

“Метал рэжуць, быццам паперу!” – здзіўляліся прысутныя, калі выратавальнікі яшчэ і дэманстравалі магчымасці свайго абсталявання, якое прымяняецца падчас дарожна-транспартных здарэнняў. А колькі эмоцый у дзяцей выклікаў “дождж” з пажарнай аўтацыстэрны!

На спецыяльным стэндзе ўсе прысутныя пакідалі ўшацкім выратавальнікам пажаданні: самымі распаўсюджанымі традыцыйна аказаліся “сухіх рукавоў” і “радзей праяўляць свой прафесіяналізм”.

Далучыліся да свята актывісты БРСМ, а таксама работнікі газавай службы, якія скарысталіся магчымасцю нагадаць усім правілы бяспекі і прадэманстраваць магчымасці свайго абсталявання.

Работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і ўдзельнікі клуба народных майстроў “Адраджэнне” наладзілі выставы-продажы сваіх вырабаў. Суправаджалася ж дзейства канцэртам, які падрыхтавалі работнікі культуры. Засмуціла ўдзельнікаў свята хіба толькі надвор’е, якое вымусіла крыху скараціць праграму. Але ўсё роўна ніхто не вяртаўся дадому без станоўчых эмоцый.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *