О работе районного Совета депутатов

Общество

Непрыкметна прайшлі пяць месяцаў пасля абрання новага складу раённага Савета дэпутатаў. Якая работа вядзецца раённым Саветам дэпутатаў і канкрэтнымі народнымі абраннікамі, мы пацікавіліся ў яго старшыні Алены Васільеўны ПАШКОВІЧ.

– У першую чаргу іх дзейнасць накіравана на абарону інтарэсаў сваіх выбаршчыкаў, прыемна адзначыць і тое, што многія дэпутаты вядуць актыўную работу па добраўпарадкаванні, імкнуцца зрабіць населеныя пункты чыстымі і прыгожымі. Так, дэпутаты Вялікадолецкага сельскага Савета дэпутатаў В.П.Мычко і В.М.Карчэўская актыўна займаюцца пытаннямі добраўпарадкавання аграгарадка Вялікія Дольцы, яны ж звярнуліся ў раённы Савет з просьбай аб аказанні садзеяння ў навядзенні парадку ў пустуючым памяшканні былой школы ў Вялікіх Дольцах, дзе часта збіралася моладзь і распівала спіртныя напіткі. Кіраўнік КУСГП “Вялікадолецкае” І.П.Дарошчанка, на балансе якога і знаходзіцца названы аб’ект, знайшоў сродкі, заклаў дзвярныя і аконныя праёмы, каб не было спакусы залезці ў аварыйнае збудаванне.

Дэпутат раённага і Кубліцкага сельскага Саветаў дэпутатаў, дырэктар КУСГП “Кублічы” А.В.Есіпаў з усёй адказнасцю аднёсся да пытання абмалоту прысядзібных участкаў на тэрыторыі сельсавета і першым у раёне завяршыў гэтую работу. Актыўны ўдзел Аляксандр Васільевіч прыняў і ў добраўпарадкаванні цэнтра аграгарадка Кублічы: дапамог тэхнікай, арганізаваў людзей, прыняў і асабісты ўдзел у навядзенні парадку.

Неабыякавая, жыве праблемамі і радасцямі сваіх выбаршчыкаў дэпутат раённага Савета дэпутатаў, мастацкі кіраўнік Матырынскага сельскага Дома культуры Г.С.Рудзёнак. У гэтым годзе ўсе пытанні па абмалоце прысядзібных участкаў яна трымала на кантролі, пастаянна звярталася ў раённы Савет.

Дэпутаты С.В.Зайцава і В.І.Клімашэўскі праводзяць арганізацыйную работу па аказанні дапамогі ветэранам вайны і працы ў навядзенні парадку на асабі- стых падворках, па нарыхтоўцы дроў. Наводзяць парадак на зямлі ў сваіх акругах і тэрыторыях навучальных устаноў, якія ўзначальваюць. А дэпутат раённага і Вяркудскага сельскага Саветаў дэпутатаў І.А.Дубко прыняла актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні крыніцы ў вёсцы Залужэнне, якая з’яўляецца для некаторых жыхароў гэтага населенага пункта адзі- ным месцам, дзе можна браць пітную ваду.

– Як старэйшыны вёсак дапамагаюць дэпутатам пераўтвараць задумы ў канкрэтныя справы?– Дэпутат Кубліцкага сельскага Савета дэпутатаў М.І.Піскун з’яўляецца старэйшынай вёскі Лісічына. Ён арганізаваў суботнік, каб добраўпарадкаваць вёску, а таксама паклапаціўся аб правядзенні свята вёскі. На сваім асабістым камбайне аказаў дапамогу жыхарам у абмалоце прысядзібных участкаў.

Старэйшына вёскі Матырына Т.А.Каваленка разам з дэпутатам Г.С.Рудзёнак арганізавалі і правялі свята вёскі, суботнік па добраўпарадкаванні могілак, а таксама сумесна з аддзяленнем ДАІ Ушацкага РАУС наладзілі сустрэчу з уладальнікамі гужавога транспарту па пытаннях бяспекі дарожнага руху.

У цесным кантакце па пытанні добраўпарадкавання працуем са старэйшынай Вялікіх Долец М.В.Жмайловіч. Належную актыўнасць у вырашэнні праблем аднавяскоўцаў праяўляюць старэйшыны вёсак Оснава і Касары В.А. Падворны і В.С.Ільюшэвіч. Хацелася б адзначыць і старэйшын вёсак Глыбачка – Я.В.Аксяновіча, Загаваліна – Т.І.Краўчанка, Капусціна – В.І.Васёха, Вашкова – Г.М.Дук.

Прыемна, што народныя абраннікі вядуць пэўную грамадскую работу, зацікаўлены ў паляпшэнні ўмоў жыцця насельніцтва. – Акрамя той работы па добраўпарадкаванні, якую вядуць дэпутаты ў сваіх акругах, нядаўна ў гарпасёлку прайшоў адзіны санітарны тыдзень. Якія яго вынікі?

– Мэтай стала навядзенне парадку на тэрыторыях прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, кантроль за выкананнем мерапрыемстваў і заданняў па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні тэрыторый на 2010 год. Праверкай былі ахоплены ўсе суб’екты гаспадарання гарпасёлка. Трэба адзначыць належны санітарны стан тэрыторый ААТ “Белаграпрамбанк”, “Беларусбанк”, РВУ “Ушачырайгаз”, Ушацкага РАУС, аўтастанцыі, цэнтральнай аптэкі, лясгаса. Пэўныя недапрацоўкі ў навядзенні парадку выяўлены на падведамасных тэрыторыях ветстанцыі, аўтакалоны №6, ТАА “Лес”, ПМК-66, ПУП “Ушацкая аўтабаза”, райспажыўтаварыства, хлебазавода, цэнтральнай раённай бальніцы. У час правядзення адзінага санітарнага тыдня недахопы былі ўхілены.

– А што за межамі гарпасёлка?

Сумесна з работнікамі землеўпарадкавальнай службы райвыканкама адзіны санітарны тыдзень праводзіўся на тэрыторыях Жарскага сельсавета – у Ільюшыне і Жарах, а таксама ў аграгарадках Арэхаўна, Вялікія Дольцы, Вяркуды. Да 1 лістапада адзіныя санітарныя тыдні пройдуць ва ўсіх аграгарадках раёна.

У цэлым праведзеная работа па добраўпарадкаванні палепшыла агульны санітарны стан гарпасёлка і аграгарадкоў.Падрыхтавала В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *