В Ушачском районе больше суток искали заблудившуюся в лесу женщину

Происшествия

Пайшлі ў рост грыбы, а разам з імі і колькасць аматараў ціхага палявання, якія заблудзілася ў лесе. Больш сутак на Ушаччыне шукалі 52-гадовую дачніцу з вёскі Любжына, якая не магла самастойна знайсці дарогу да дому. У пошуках было задзейнічана каля 50 чалавек – супрацоўнікаў МНС, міліцыі, Ушацкага лясгаса.

Раніцай у панядзелак было нядрэннае надвор’е і жанчына вырашыла адправіцца ў лес за грыбамі, аднак ужо пасля абеду ішоў дождж і ў паніцы яна тэлефанавала суседцы і казала, што не ведае, як выйсці. Каля 17 гадзін устрывожаныя суседзі і звярнуліся за дапамогай да выратавальнікаў і праваахоўнікаў. Звычайна грыбнікі і ягаднікі чуюць сігналы сірэн і выходзяць на гукі, аднак у гэтым выпадку жанчына зусім не арыентавалася і не разумела, куды ёй ісці. Шукалі грыбніцу не толькі ўшацкія супрацоўнікі аддзелаў па надзвычайных сітуацыях і ўнутраных спраў і леснікі, а і прадстаўнікі пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада “Віцязь” з абласнога цэнтра, якія спецыялізуюцца ў тым ліку і на падобных пошукавых аперацыях. Гэта “цяжкая артылерыя” адпраўляецца на дапамогу, калі за першыя некалькі гадзін мясцовыя падраздзяленні не знаходзяць згубленага чалавека. У віцябчан багаты арсенал спецсродкаў. Сярод іх і квадрацыкл высокай праходнасці, які аснашчаны ўсім неабходным – ад гукавых сігналаў да насілак. “У паніцы чалавек непрадказальны, ён кідаецца то ў адзін бок, то ў другі, зусім не арыентуецца і губляе самавалоданне. Зразумела, што ноччу цяжэй весці пошукі – не расцягнешся на вялікія адлегласці. Проста незаменны ў справе спецыяльны навігатар, які не дазволіць хадзіць па крузе – ён паказвае, дзе ўжо абследаваны лес, а дзе яшчэ не ступала нага”, – адзначае намеснік начальніка пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада “Віцязь” М.Макоўскі.

За суткі ўдзельнікі выратавальнай аперацыі прачасалі лес на плошчы больш чым 12 квадратных кіламетраў. На ўскрайку лесу дзяжурыла «хуткая дапамога». “Для любога чалавека правесці ноч у лесе – нялёгкае выпрабаванне, якое можа адбіцца як на псіхічным стане, так і прывесці да інсульта, інфаркта”, – кажа фельчар брыгады хуткай медыцынскай дапамогі райбальніцы Ю.Паршонак. Але, на шчасце, на другія суткі пошукі ўсё ж скончыліся паспяхова і жанчына ў шпіталізацыі не мела патрэбы.

“Часцей за ўсё праблемы з арыентаваннем узнікаюць у людзей сталага ўзросту. Заблукаць можна нават там, дзе ўжо не раз былі. Збіраючыся ў лес, вазьміце з сабой невялікі запас ежы, ваду, нож і запалкі, – нагадвае начальнік Ушацкага райаддзела па надзвычайных сітуацыях І.Кошкін. – Не забудзьцеся зараджаны мабільны тэлефон і неабходныя вам лекі. Адзенне і абутак для паходу ў лес павінны быць шчыльнымі і непрамакальнымі. Абавязкова выкарыстоўвайце ў вопратцы яркі элемент (хустку, кепку і інш)”.

Кажуць, што нельга ўвайсці ў адну раку двойчы, аднак у прыгаданым выпадку гэты выраз яўна не спрацаваў: аднойчы гераіня гэтай пошукавай аперацыі ўжо блукала ў лесе, але пасля некалькіх гадзін выйшла сама. Так што, адпраўляючыся будзьце асцярожнымі і памятайце аб правілах бяспекі, нават калі вы ўпэўнены ў сваіх сілах.

Вольга КАМАРКОВА.

Факт: Толькі ў панядзелак выратавальнікі Беларусі 14 разоў выязджалі шукаць людзей, якія заблукалі ў лесе. Яшчэ 13 такіх выклікаў было зарэгістравана ў аўторак. Большасць выпадкаў прыйшлося менавіта на Віцебскую вобласць. На Ушаччыне ў гэтым сезоне гэта ўжо трэці выпадак.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *