Магазин «Санта»: здесь ценят хороших работников и стараются для покупателей

Экономика и малый бизнес

Здавалася, зусім нядаўна мы расказвалі пра адкрыццё ў гарпасёлку супермаркета “Санта”, і вось ужо мінула тры месяцы – прайшоў перыяд “адаптацыі” і можна падвесці першыя вынікі дзейнасці новай гандлёвай кропкі. Варта адзначыць, што яна стала “паўсядзённай” для большасці жыхароў вуліцы Віцебскай, закупляюцца ў самай вялікай ушацкай краме і тыя, хто жыве ў іншых мікрараёнах, ну а некаторыя спецыяльна ходзяць у “Санту” па яе фірменны тавар – свежую выпечку, паўфабрыкаты, піцы.

Калектыў склаўся

Адметна, што новая гандлёвая кропка стварыла для ўшачан 40 працоўных месцаў. Працэс укамплектавання штату не быў просты: пачаўся ён яшчэ падчас будаўніцтва супермаркета і зараз паспяхова завершаны. Загадчык магазіна Святлана Віктараўна Сапега канстатуе, што ва ўшацкай “Санце” склаўся працаздольны і згуртаваны калектыў. У ім ёсць людзі з немалым гандлёвым вопытам – такія, напрыклад, як старшы адміністратар Вольга Муравіцкая, прадавец 5 разраду Вольга Лемеш. Ды і сама загадчыца, нягледзячы на малады ўзрост, ужо мае шасцігадовы стаж работы на кіруючых пасадах у сеткавым гандлі. Стартам працоўнай кар’еры стала “Санта” для некалькі маладых спецыялістаў: так, многія, напэўна, прыкмецілі, як спрытна ўжо абслугоўвае на касе пакупнікоў адзіны хлопец-прадавец Арцём Лаеўскі. Нямала ў калектыве і тых, хто асвойваў прафесію непасрэдна на вытворчасці. Паказальная гісторыя Таццяны Беласлудцавай, якая амаль 30 год была перадавой швачкай, аднак нестабільнае становішча прамкамбіната прымусіла шукаць новае працоўнае месца – старанная добразычлівая жанчына не адчула цяжкасцяў і пры асваенні прафесіі прадаўца. Дарэчы, кампанія “Санта” ладзіць навучанне з выдачай дакументаў дзяржаўнага ўзору. Каб ушачане маглі атрымаць неабходную кваліфікацыю, іх накіроўвалі на стажыроўку ў іншыя магазіны, прыязджалі майстры-настаўнікі і ў гарпасёлак.

Па строгіх стандартах

Разам з тым, нельга сцвярджаць, што працаваць у сеткавым гандлі проста, а таму асобныя людзі, што мусілі сюды ўладкавацца, праз некаторы час пакінулі калектыў. Тут ёсць спецыфічныя патрабаванні: работа ладзіцца адпаведна так званым планаграмам, ва ўсіх аспектах існуюць строгія стандарты. Да прыкладу, нельга выкласці тавар так, як захацелася: гэта робіцца па пэўнай схеме. Альбо, паколькі тэрмін прыдатнасці ролаў складае шэсць гадзін, то гатуюць прадукт двойчы ў дзень. “Кожны супрацоўнік павінен быць гаспадаром на сваім участку”, – агучвае залатое правіла сеткі Святлана Віктараўна.

Апетытны брэнд

Калі запытацца ў прадаўцоў на касах, што ў асваенні справы было найбольш цяжкім, большасць адкажа – запомніць выгляд выпечкі: многія булачкі даволі падобныя, але кожная мае свой код. Цікава, а колькі мучных вырабаў, якія многія пакупнікі лічаць брэндам “Санты”, гатуюць пекары? Пра гэта запыталіся ў загадчыка вытворчасці Наталлі Варанько. “Напэўна, дзесьці каля тысячы ў дзень, па выхадных – больш. Бачыце, на паліцах у нас зараз 21 кошык – значыць, менавіта столькі найменняў выпечкі сёння ў асартыменце”, – тлумачыць спецыяліст. Загадваць уласнай вытворчасцю “Санты” – справа няпростая. Наталля Аляксандраўна, напрыклад, павінна дакладна разлічыць, у якім аб’ёме гатаваць кожную кулінарскую страву, каб хапіла да канца дня, але не засталося лішкаў, сачыць, каб усё рабілася па тэхналогіі. Аднак яна добра спраўляецца, у тым ліку і таму, што здолела заваяваць аўтарытэт у сваіх 11 падначаленых – столькі работнікаў заняты на вытворчасці. “Ведаеце, мне вельмі тут падабаецца! – дзеліцца ўражаннямі кухонная рабочая Наталля Пячура. – Калектыў дружны, усе адзін аднаму дапамагаюць. А як прыемна штодня чуць ад людзей падзякі за смачную выпечку. Заўважыла, што амаль у кожнага ёсць свая любімая булачка, а многія пакупнікі кажуць, што ўжо паспелі паспытаць усе!”

Цэняць работнікаў

Як бачна, работнікам падабаецца ў “Санце”, а кіраўніцтва кампаніі, у сваю чаргу, дастойна ставіцца да працаўнікоў шырокай сеткі сваіх магазінаў. Што датычыцца заробка, то на яго памер уплываюць вытворчыя паказчыкі, таму ў першы час лічбы ў разліковых квітанцыях былі не надта вялікімі, а вось за апошні месяц сярэдняя зарплата гандлёвага персаналу склала ад 500 да 700 рублёў, адміністратараў – да 800. Прадугледжаны і шэраг фінансавых “бонусаў”: так, напрыклад, да Дня работнікаў гандлю ўсе атрымалі аднаразовую выплату ў 40 рублёў, а да 1 верасня на кожнага дзіцяці школьнага ўзросту супрацоўнікам выплацілі па 100, а бацькам першакласнікаў – дадаткова па 60 рублёў ад прафсаюзнай арганізацыі.

Гэтая дапамога, у прыватнасці, аказалася вельмі дарэчы для адміністратара Таццяны Макаравай, што гадуе чатырох дзетак, трое з якіх – школьнікі. “Прыемна, што кіраўніцтва нашага супермаркета ставіцца да людзей з прыхільнасцю, заўсёды ідзе насустрач, калі мне, як мнагадзетнай маме, трэба скарэкціраваць графік, – разважае Таццяна. – Працоўны рытм тут даволі напружаны, але калі ты спрытны і старанны – усё атрымаецца. Лічу, што добры мікраклімат, які пануе ў калектыве, станоўча ўплывае на работу прадаўцоў і, адпаведна, на настрой нашых дарагіх пакупнікоў”.

Ну а ад імя апошніх сваё слова выказала прадстаўніца яшчэ адной мнагадзетнай сям’і Даша Клачок, якая прыйшла ў “Санту” з мамай, брацікам і сястрычкай: “Гэта мой любімы магазін. Тут вельмі смачныя пончыкі!”

Наталля БАГДАНОВІЧ.



1 комментарий по теме “Магазин «Санта»: здесь ценят хороших работников и стараются для покупателей

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *