От картин и оберегов до соломенных скульптур. Мастеров Ушаччины чествовали на районном празднике «З крыніц спрадвечных»

Культура

У мінулую пятніцу адна з залаў раённага цэнтра культуры і народнай творчасці неафіцыйна атрымала статус “рамеснай”. Выставы сваіх работ – з дрэва і бісеру, саломкі і бяросты, тканіны і фарбаў – прадставілі многія майстры Ушаччыны. Акунуцца ў таямніцы іх творчых замыслаў, паўдзельнічаць у майстар-класах мелі магчымасць усе жадаючыя.

Адраджэннем народных промыслаў займаецца Ушацкі Дом рамёстваў (дырэктар – Ю.К.Пашковіч). Тут працуюць гурткі разьбы і мастацкага роспісу па дрэве, лапікавага шыцця, вышыўкі, выцінанкі, вырабу народнай лялькі і мяккай цацкі.

Перспектыўным майстрам установы з’яўляецца В.К.Мугака. Разам са сваімі выхаванцамі яна “чаруе” над тэкстыльнымі вырабамі, удзельнічае ў раённых і абласных святах. У адкрытай выставе-конкурсе майстроў лапікавага шыцця “Віцебская мазаіка – 2019” Валянціна Канстанцінаўна стала лаўрэатам ІІІ ступені, атрымала дыплом удзельніка ў занальным конкурсе тэкстыльных упрыгожванняў і аксесуараў, Ліст падзякі – у занальным праекце “Паштоўка да Дня Перамогі”. І ўсё гэта менш чым за два гады работы ў Доме рамёстваў.

Большы працоўны стаж у гэтай установе – у С.У.Півульскай. На адкрытым абласным свяце-конкурсе майстроў выцінанкі “Ажурныя мары” ў рамках міжнароднага фестывалю “Славянскі базар у Віцебску – 2019” яна адзначана дыпломам лаўрэата ІІІ ступені. Нямала мае ўзнагарод раённага ўзроўню. Лапікавыя дываночкі Святланы Уладзіміраўны пакарылі сэрцы многіх ушачан, гасцей нашага краю. Попытам карыстаюцца і яе лялькі-абярэгі – ад суроку, хваробы, сустрэчы з ДАІ…

Мастацкім роспісам па дрэве, кераміцы, тканіне годна займаецца Ірына Сяргееўна Качынская. Пацвярджэнне таму – дыпломы за ўдзел у святах “Фарбы нябёсаў” у рамках “Славянскага базару ў Віцебску – 2020”, “Папараць кветка”. Акцэнт майстар робіць на беларускія матывы – за талеркамі з нацыянальным арнаментам, зрэзамі выстройваюцца чэргі.

Паспяхова працуе ў раёне народны клуб майстроў і самадзейных мастакоў “Адраджэнне” (кіраўнік – С.П.Спірыдонава). Сваё існаванне ён пачаў у ліпені 1993-га, а ўжо ў лютым 1996-га атрымаў званне народнага, якое неаднаразова пацвярджаў. Зараз у складзе клуба 25 удзельнікаў рознага ўзросту і прафесій, якія займаюцца ткацтвам габеленаў, фларыстыкай, арыгамі, ганчарствам, керамікай, валяннем з воўны і іншым.

Некалькімі відамі народнай творчасці – вязаннем і вышыўкай, жывапісам алеем і акварэллю, саломапляценнем – валодае народны самадзейны майстар А.А.Смык. Жанчына працуе выкладчыкам раённай дзіцячай школы мастацтваў, актыўна ўдзельнічае ў раённых і абласных выставах, конкурсах, фестывалях народнай творчасці. Амаль кожнае дзіцячае свята ўпрыгожваюць выставы малюнкаў у стылі батык і графіка ў выкананні Айгуль Аразалаўны. Сярод яе работ таксама – утылітарна-дэкаратыўны посуд, саламяная скульптура, галаўныя ўборы, абрадавыя маскі. Звесткі пра майстра можна знайсці ў кнізе “Народныя майстры Віцебшчыны”.

Адзін са старэйшых самадзейных мастакоў Ушаччыны – Д.У.Крупеня, якому зараз 92 гады. Юнацтва Дзям’яна Уладзіміравіча прайшло ў партызанскай брыгадзе імя Панамарэнкі. У 1947-1951 гадах ён скончыў мастацкую школу пры Доме афіцэраў, пазней – Маскоўскі ўніверсітэт мастацтваў імя Н.Крупскай і Віцебскае культурна-асветніцкае вучылішча. Выставачную дзейнасць пачаў у 1957 годзе – яго карціны пабывалі ў Віцебску, Мінску, Маскве, іх бачылі ў Англіі, Чэхіі, Венгрыі і шэрагу іншых краін. Д.У.Крупеня з’яўляецца дыпламантам І Усесаюзнай выставы самадзейных мастакоў у Маскве. За карціну “Сенажаць” узнагароджаны дыпломам І ступені Міністэрства культуры і Саюза мастакоў БССР. У гісторыю самадзейнага беларускага мастацтва ўвайшоў як аўтар жывапісу на партызанскую і калгасную тэматыку.

З майстрам дэкаратыўна-прыкладных і сучасных відаў мастацтва Г.А.Бабянок завочна знаёмы не толькі ўшачане – па арыгінальных пано з бяросты, шыкоўных кветках з бісеру, абаяльных звярках з паперы і тканіны… Лялька з саломкі ў выкананні Ганны Аляксандраўны ўпрыгожвае нават кафедру беларускай мовы аднаго з універсітэтаў Кітая. Сваімі ўменнямі, творчымі задумамі жанчына дзеліцца з падрастаючым пакаленнем – з’яўляецца кіраўніком гурткоў у раённым цэнтры дзяцей і моладзі. За 15 гадамі працоўнай дзейнасці – тысячы выкананых з душой вырабаў, дзясяткі персанальных выстаў, узнагарод абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. 3 любога прыроднага матэрыялу майстар стварае шэдэўры. I ўсё ж любімым застаецца традыцыйнае беларускае рамяство – саломапляценне. У кабінеце-майстэрні Г.А.Бабянок можна ўбачыць саламяных павукоў, паўлінаў, калядных анёлаў і нават каня па пояс даросламу чалавеку. “Ідэю стварэння апошняга выношвала ажно 11 гадоў – пасля таго як убачыла падобны выраб на адной з выстаў у Сянно. На рэалізацыю ж задуманага спатрэбілася каля трох месяцаў, – падзялілася з удзельнікамі мерапрыемства ўшачанка. – Цяпер мару зрабіць яшчэ большы па памеры “экспанат”. Апантаны сваёй справай спецыяліст пастаянна ўзнімаецца на новыя вяршыні. Сярод самых значных – занясенне прозвішча Ганны Аляксандраўны па выніках работы ў 2018-м на раённую Дошку гонару, а таксама прысваенне студыі “Залатая саломка”, кіраўніком якога з’яўляецца, звання ўзорнай.

…Напэўна, кожны, хто прыйшоў у гэты дзень у цэнтр культуры, знайшоў штосьці цікавае для сябе. Арганізатары мерапрыемства ўпэўнены, што ў палку творцаў прыбудзе. Тыя ж ушачане, якія плённа займаюцца зберажэннем народных рамесных традыцый, папулярызуюць іх, па выніках сустрэчы адзначаны дыпломамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *