В Ушачском районе продолжается вакцинация от гриппа

Здравоохранение

Пытанне, рабіць ці не рабіць прышчэпку ад грыпу, у нашым калектыве даўно не стаіць. Наадварот, як толькі наступае сезон вакцынацыі, кожны пытаецца, калі прыедуць медыкі. Мы добра ведаем, што калі прапусціць спрыяльны час, то потым не атрымаецца сабраць разам нават наш невялікі калектыў, паколькі нехта ўжо паспее “падчапіць” прастуду, а вакцынавацца ў такі час нельга.

Дарэчы, разам з намі заўсёды робіць прышчэпкі і сям’я Ланцунцэвічаў. Гаспадары крамы “Дамавёнак” Ірына Сямёнаўна і Фёдар Антонавіч працуюць сярод людзей, а аналізуючы папярэднія сезоны, пераканаліся, што не хварэюць на грып, калі падстрахаваліся. У паліклініцы ж зараз многа народу, таму мы вельмі ўдзячны медыкам, што і ў такі напружаны перыяд урач агульнай практыкі Марыя Валер’еўна Ганчар і медсястра Ірына Мікалаеўна Максак у агавораны час былі ў рэдакцыі.

– Работнікам, якія маюць зносіны з людзьмі, і іншым катэгорыям грамадзян, што вакцынуюцца бясплатна, мы робім прышчэпкі расійскай вакцынай, аднак на платнай аснове можна заказаць і іншую, атрымалі ўжо і французскую. Так што пацыенты могуць выбіраць, – тлумачыць М.Ганчар.

– Літаральна за кожным урачом замацаваны канкрэтныя арганізацыі, прышчапіцца на месцы могуць усе, – дабаўляе намеснік галоўнага ўрача раённай бальніцы Наталія Васільеўна Дрозд. – Заўсёды вакцынуюць сваіх супрацоўнікаў у санаторыі “Лясныя азёры”, філіяле “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, а ў калектыў раёна газазабеспячэння мы выязджаем нават без вакцыны – яе для ўсіх набываюць у галаўным прадпрыемстве. І зусім не разумею настаўнікаў, гандлёвых і сацыяльных работнікаў, значная колькасць якіх не робяць прышчэпак і падвяргаюць рызыцы не толькі адзін аднаго, аднак і шырокае кола людзей. Існуючая пандэмія толькі ўзмацніла сітуацыю, а таксама яскрава паказала, як хутка распаўсюджваецца вірус. Няма навуковых даследаванняў, аднак аналіз, які мы праводзілі пасля першай хвалі COVID-19, паказаў, што захварэлі ім людзі, якія не рабілі прышчэпак ад грыпу. Лекаў ад яго, які штогод муціруе, практычна не існуе, працуе толькі прафілактыка – а гэта вакцынацыя, каб актывізаваць (стымуляваць) імунітэт, які валодае памяццю, і калі прыйдзе чарговы вірус, ён “прыгадае” і падымецца на абарону арганізму нават ад штамаў папярэдніх гадоў. Не ведаю, як навучыць людзей берагчы сваё здароўе. Мабыць, пераканае тое, што ў маёй сям’і прышчэпку робяць усе. Мы цесна звязаны адны з адным. Маем шмат кантактаў, дык навошта ж рызыкаваць?

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *