Ушачский филиал облпотребобщества поощрил самых активных сдатчиков яблок среди школьников

Общество

Дзвесце трыццаць чатыры тоны яблыкаў здалі на прыёмныя пункты ўстановы адукацыі і школьнікі Віцебшчыны – удзельнікі конкурсу, аб’яўленага абласным спажывецкім таварыствам. На гэтым тыдні ва Ушацкім філіяле падвялі вынікі, а пераможцы атрымалі прэміі і каштоўныя прызы.

Васьмігадовы Данііл Базылеў адчуваў сябе на першай у сваім жыцці цырымоніі ўзнагароджання ніякавата. Трэцякласнік Ільюшынской школы не стаў уладальнікам смартфона – падарунка за першае месца. Не дацягнуў да другога і трэцяга, за якія належыла прэмія ў памеры 150 і 100 рублёў. Усяго восемдзесят кілаграмаў аддзяліла яго і ад трох тон – мінімальнай вагі для здатчыкаў-школьнікаў. Аднак суцяшальны, салодкі прыз чакаў яго, як аднаго з самых юных удзельнікаў не толькі па Ушацкім філіяле, але і па ўсёй вобласці. Ці сабраў 2820 кілаграмаў хлопчык адзін? Вядома, яму дапамагалі бацькі. Умовамі конкурсу гэта не забаранялася, наадварот, арганізатары толькі віталі сямейную кааперацыю.

– У Верхнядзвінскім раёне сярод пераможцаў была ўнучка прадпрымальніка. Сям’я жыве ў дастатку, пытаюся: для чаго ўдзельнічалі? А каб дзіця ведала цану грошам. І вы таксама цяпер ведаеце, як дастаецца рубель, і будзеце па-іншаму ставіцца да сямейнага бюджэту, – узнагароджваючы пераможцаў, гаварыў намеснік старшыні Віцебскага абласнога спажывецкага таварыства Віктар Аляксандравіч Шуляк.

Дзякавала школьнікам за дапамогу ў зборы ўраджаю і дырэктар Ушацкага філіяла Лілія Альбінаўна Долгая. А паколькі вучні ўжо знаёмыя з адным з напрамкаў работы кааператараў – нарыхтоўкай, прапанавала пры выбары будучай прафесіі спыніцца на гандлёвых навучальных установах і прыходзіць да іх у сістэму.

Вядома, ранавата думаць пра гэта Паліне Калітуха, аднакласніцы Данііла, якая заняла другое месца, сабраўшы больш за 7 тон. Прэмія ў 150 рублёў – першы ў яе жыцці заробак, не лічачы грошай за здадзеныя яблыкі, якія збіралі ўсёй сям’ёй, уключаючы дзядулю, што суправаджаў дзяўчынку падчас узнагароджання. Багаты ўраджай яго саду, як і многіх іншых, прапаў бы, каб Ушацкі філіял не стварыў настолькі выгадныя ўмовы. Кааператары забіралі мяшкі ў дварах насельніцтва па папярэдніх заяўках, на месцы разлічваліся, а часам па просьбе нямоглых пажылых нават дапамагалі абтрэсці і сабраць – для гэтага была створана мабільная група.

А вось сямікласніца Алёна Магерка ўласныя кішэнныя грошы ўжо мела – у гэтым годзе яна здавала чарніцы, не адзін дзень правяла ў лесе. А як толькі прачытала ў “Патрыёце” пра конкурс сярод здатчыкаў, стала кожны дзень збіраць яблыкі. Прычым, свайго саду ў сям’і няма, яны жывуць у шматкватэрным доме аграгарадка Ільюшына, і Алёна падбірала апад у садах кінутых дамоў, а таксама ў дзядулі Уладзіміра Уладзіміравіча Міхейкі, які і адвозіў мяшкі ў краму вёскі Вашкова. Так дзяўчынка і маці Алесі Міхайлаўне, прадаўцу гэтай гандлёвай кропкі, дапамагла выканаць план. 9 тон 605 кілаграмаў – такі яе “ўлоў” і рэкорд сярод школьнікаў Ушацкага раёна. А 6 кастрычніка, у дзень узнагароджання і імянін маці, дзяўчынка падарыла Алесі Міхайлаўне свой мабільны тэлефон. Няма і года, як яго ёй купілі бацькі, не састарэў, аднак свой, уласна зароблены – даражэй, прычым і ў прамым, і ў пераносным сэнсе гэтага слова. У той жа вечар дзяўчынка перакінула на пераможны “Хiaomi Redmi 9” усе свае кантакты, а цяпер рэкламуе яго вялікія магчымасці аднакласнікам.

А вось Ксюша Церашкавец, пяцікласніца Глыбачанскай школы, пакуль уласнага мабільнага тэлефона не мае – менавіта таму і ўдзельнічала ў конкурсе. Збіралі яблыкі ўсёй сям’ёй у сваім, былым саўгасным садзе і ў суседзяў. Заробленыя за 4 тоны 400 рублёў паклалі ў сямейны бюджэт, ну а прэмію – Ксюшы, да якой у лютым дабавяць грошы і будзе на дзень нараджэння чаканы падарунак.

Вольга Караленка.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *