Оптиковолоконная связь постепенно приходит к абонентам «Белтелекома» в Ушачском районе

Общество

Больш блізкага пошуку герояў рубрыкі “Працоўныя будні” ў нас яшчэ не было. Супрацоўнікі Ушацкага ўчастка электрасувязі Полацкага занальнага вузла электрасувязі Віцебскага філіяла РУП “Белтэлекам” самі прыйшлі да нас у рэдакцыю, каб падключыць да оптыкавалакна. Аказалася, не толькі нас, а і магазіны “Абутак”, “Гарачы хлеб”, “Гаспадар”, “Мясная лаўка”… Пра колькасць абанентаў, якія будуць знаходзіцца на адной лініі, сведчыла 16 кабеляў, што разыходзіліся з адной шафы. Яе зарадкай і займаліся электрамеханікі М.В.Сысуеў і І.І.Сісковіч (на здымку).

У мяне ж шафа выклікала занепакоенасць. Ці не адаб’ецца наяўнасць на адной лініі “суседзяў” на хуткасці перадачы даных, ад якіх у нашай рабоце залежыць вельмі многае? “Ніяк, – дружна супакоілі спецыялісты. – Яна будзе такой, як пазначана ў абраным вамі тарыфе. А на “оптыку” мы пераводзім усе арганізацыі.

Можна сказаць, што гэты працэс ідзе да заканчэння, ва ўсялякім выпадку ў цэнтры гарпасёлка. Прыватнікаў і вялікія арганізацыі больш года таму перападключылі мінскія сувязісты, невялікія аб’екты “пераабуваюць” мясцовыя спецыялісты. Аўтаматычна гэта адбываецца, калі арганізацыя ўстанаўлівае відэаназіранне, як, напрыклад, нядаўна ААТ “Агра-Селішча” і КУСГП “Вялікадолецкае”. Оптыкавалакно падведзена да 13 вясковых станцый, а ад іх паступова ідзе да абанентаў. Заменены кіламетр сетак і за мостам у гарпасёлку, што палепшыла перадачу даных да карыстальнікаў.

Начальнік участка А.У.Шакута кажа, што зараз пачнецца падключэнне абанентаў у мікрараёнах са шчыльнай забудовай: Царскага сяла, аэрадрома. Замена як у фізічных, так і ў юрыдычных асоб праводзіцца выключна за сродкі “Белтэлекама”, гэта вельмі затратна, таму і выбіраюцца ўчасткі, дзе больш карыстальнікаў. На наступны год да Матырына, якое поўнасцю на оптыкавалакне, далучацца і сельскія карыстальнікі са Старога Сяла і Мосара. З цягам часу “на медзі” не застанецца ні аднаго тэлефона ці інтэрнэта.

Я ж мела магчымасць убачыць оптыкавалакно, а паралельна поўнасцю змяніла і сваё ўяўленне пра работу электрамеханікаў. Тое, што звонку было кабелем, і немалым па велічыні, унутры аказалася начыненым танюткімі ніткамі з пластыку, шкла і металу. Кожную, у дзесяць разоў меншую за міліметр, Іван Сісковіч, толькі ўявіце, абразаў пад патрэбным вуглом, а потым зварваў. Падумалася, што і блыху б падкаваў з дапамогай такога апарата. Нічога агульнага са зваркай металу гэты прыбор, канечне, не меў. Мініяцюрны, ён патрабуе ювелірнай работы і быў бы недасягальным для самых моцных акуляраў, калі б не спецыяльна ўстаноўлены дысплей, на якім паказваецца і вугал абрэзкі такога “мікрона”, і вынік яго “зваркі” з дапамогай электрычнай дугі. “Гэта танюсенькая жылка падае хуткасны інтэрнэт 32-м абанентам ў нашых шматкватэрнах дамах, а ў Японіі наогул прыдумана абсталяванне і 5 мільёнаў чалавек размаўляць могуць”, – “шакіраваў” нас новай інфармацыяй Міхаіл Вітальевіч. І ён, і Іван Іванавіч Сісковіч, перш чым атрымаць у рукі разумнае абсталяванне, прайшлі адпаведныя курсы ў Мінску. Як у перспектыве наогул усе электрамеханікі Ушацкага ўчастка. Вучыцца ім даводзіцца ўсё жыццё – такая хуткасная галіна.

І хоць ведалі спецыялісты, што абавязкова вернуцца назаўтра, чамаданчык з абсталяваннем не пакінулі нават за зачыненымі дзвярыма. Дысцыпліна, аднак.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *