Автопарк Ушачского лесхоза пополнился сразу тремя единицами новой техники

Экономика и малый бизнес

На мінулым тыдні аўтапарк Ушацкага лясгаса папоўніўся адразу трыма адзінкамі новай тэхнікі. Сучасны сартыментавоз МАЗ з прычэпам, грузавы МАЗ, трактар МТЗ-1221,3 высокай праходнасці з цялежкай ужо ва ўсю “абкатваюць” на лясных аб’ектах. Абнаўленне парка тэхнікі забяспечвае своечасовую транспарціроўку лесаматэрыялаў, спрыяе нарошчванню аб’ёмаў вытворчасці, адпаведна павялічвае і выручку.

Сёлета гэта ўжо далёка не першае папаўненне – раней у лясніцтвах з’явіліся тры новыя трактары МТЗ з цялежкамі для вывазу драўніны з лесасек, два грузапасажырскіх аўтамабілі УАЗ-390945, а таксама адзін сартыментавоз. “Вось гэты “навічок” – такі ж як той, што прыгналі ў жніўні. Цяпер маем 9 такіх адзінак, што істотна дазволіла павялічыць аб’ёмы вывазкі, – адзначае галоўны механік прадпрыемства Васіль Рудзёнак. – Новы МАЗ давераны Аляксею Яцкевічу і Сяргею Баграцу – у нас за большасцю сартыментавозаў замацавана па два работнікі. Гэта дазваляе эксплуатаваць тэхніку без выхадных, вадзіцелі працуюць па графіку два дні праз два па дванаццаць гадзін. Хлопцы старанныя, зарэкамендавалі сябе, вось і пераселі на новую машыну. Адзначу, што старую тэхніку не спісвалі, новую набылі не ўзамен, а ў дадатак да таго, што маем”.

А вось другі МАЗ вылучаецца здалёк не толькі яркім колерам, а і памерамі. Самазвал грузападымальнасцю 30 тон у лясгасе будзе задзейнічаны на будаўніцтве і рамонце лясных дарог, перавозцы матэрыялаў, а таксама шчапы. “Выдатная тэхніка – інакш не скажаш, працаваць – адно задавальненне! – спыніўшы новае аўто, у добрым настроі зазначае вадзіцель са стажам Сяргей Смаргун. – За 25 гадоў работы ў лясгасе мне давялося папрацаваць на ГАЗ-53, ­КамАЗе, Урале, у апошнія гады ездзіў на МАЗ-555. Новы ж не толькі прыгожы, зручны і сучасны, а і ўмяшчальны: на ім можна перавезці ў тры разы больш матэрыялаў, чым на папярэднім. Толькі за пару дзён работы даставіў больш паўтысячы тон розных матэрыялаў. Дзякуй кіраўніцтву нашага прадпрыемства за новую тэхніку, мы ж у сваю чаргу не падвядзём!”

Вылучаецца заводскай фарбай і новы МТЗ-1221,3 з прычэпам, які ўдалося застаць за работай на тэрыторыі Ушацкага лясніцтва. Трактар аснашчаны маніпулятарам беларускай вытворчасці і мае высокую праходнасць. Працаваць на ім даручылі Аляксандру Тарашкевічу. Мужчына – новы чалавек у лясгасе, аднак не ў справе – вывазкай драўніны займаўся і ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Ну а каб хутчэй “набіць руку” на новай тэхніцы, працаваў і ў выхадныя. Яна, дарэчы, будзе задзейнічана на лесасеках лесанарыхтоўчай брыгады.

І на гэтым абнаўленне тэхнікі ва Ушацкім лясгасе не заканчваецца. Да канца года парк папоўніцца пагрузчыкам “Амкадор”. У планах на пачатак 2021-га набыццё яшчэ і новага харвестара.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *