Всё будет в ажуре! Ушачанам приглянулась новая торговая точка «Пряжа»

Калейдоскоп

У адным са сваіх інтэрв’ю алімпійская чэмпіёнка па фрыстайле Аляксандра Раманоўская расказала, што перад стартам, каб заспакоіцца, звычайна думае пра што-небудзь пабочнае. Напрыклад, падчас свайго пераможнага скачка прыгадвала, як робіцца ўзор на вязанні, над якім шчыравала вечарам у гасцініцы. Зрэшты, калі выпісваць целам карункі ў паветры здольныя толькі унікумы, то вырабляць іх рукамі з нітак умее практычна кожная жанчына. А значыць, крама “Пража”, што адкрылася ва Ушачах у будынку былога ваенкамата месяц таму, можа стаць прывабным аб’ектам лездь не для паловы жыхароў раёна.

У мяне ж, як у аматара пруткоў са стажам, вочы пры візіце ў магазінчык проста разбегліся, а ў галаве пачалі малявацца выявы эксклюзіўных джэмпераў, якія можна змайстраваць з гэтага каляровага нітачнага багацця доўгімі зімовымі вечарамі! Ну а прадавец крамы Ірына Захараўна Шаўчэнка (на здымку) настолькі захапляльна і падрабязна распавяла пра кожны від пражы і яго вартасці, што стала зразумела, наколькі ўладальнікі гандлёвай кропкі ўгадалі з работніцай, якая не толькі прафесіянал са стажам у гандлёвай сферы, а і віртуоз у вязанні (пра што яскрава сведчыла яе прыгожая ажурная кофтачка).

Напэўна, чытачам, як і мне, стала цікава, хто ж надумаў падарыць нам такі цудоўны магазінчык. Аказваецца, уладальнікам кропкі, аформіўшы прадпрымальніцтва, стала Надзея Леанідаўна Барадулька – Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі, дыспетчар ушацкага прадпрыемства. Ну а ідэя адкрыцця магазіна належала яе дачцэ Алене. Неяк дзяўчына была ва Ушачах і захацела звязаць свайму маленькаму дзіцяці шапачку. Пачала шукаць ніткі – невялікі выбар быў толькі ў адным з ралетаў на рынку. Вось і падказала маці, што можна было б заняць гэтую нішу, каб мясцовым рукадзельніцам не трэба было ехаць у горад.

А такая неабходнасць зараз сапраўды адпала. Больш за тое, гараджанкі, якія заглядвалі сюды ў першы месяц работы, зазначалі, што выбар у нашай “Пражы” шырокі, а цэны – нават меншыя. “Пабывалі за гэты час у магазіне пакупнікі з усіх бакоў раёна – ад Глыбачкі да Кубліч, – расказвае Ірына Захараўна. – Атрымаўшы пенсію, калектыўна прыйшлі “на затарку” ўшачанкі з бліжэйшага мікрараёна ПМК-66, прыбягалі школьніцы з гуртка па рукадзеллі, заглядвалі майстрыхі з Дома рамёстваў. А многія ўжо і хваліліся зробленымі рэчамі: жанчына з Ільюшына звязала дачцэ гетры для заняткаў спортам, пажылая жыхарка райцэнтра – касынку нявестцы пад новае паліто, яшчэ адна бабуля – плед для маленькага ўнука (для такіх вырабаў, дарэчы, можна набыць спецыяльныя ніткі)”.

Ну а ўладальніца крамы пільна сочыць за попытам і мяркуе пашыраць асартымент. “Хочам, каб ніхто не выходзіў ад нас без пакупкі, – кажа Надзея Леанідаўна. – Працуем з вядомай турэцкай кампаніяй, якая добра зарэкамендавала сябе на рынку. Прапануем ніткі на любы густ: шэрсць і бавоўну, акрыл і махер, бацік і бамбук, меланж, пражу з металікам, украпленнямі, паеткамі. Калі ж нічога з наяўнага не спадабалася – можна выбраць па каталозе мадэль са схемай, ніткі і зрабіць заказ. Прадаём таксама пруткі і кручкі, усе аксесуары для вышывання. Магчыма, дададзім у асартымент і фурнітуру”.

Безумоўна, дробны прыватны гандлёвы бізнес мае свае перавагі ў тым, што можа вельмі аператыўна рэагаваць на змяненні попыту. Ну а пра ветлівасць і ўзровень абслугоўвання не варта і казаць – падалося, што пасля візіту ў “Пражу” нават той, хто не цікавіўся рукадзеллем, возьме ў рукі пруткі, кручок ці іголку.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *