С дивана на экран! Как уроженка Ушач Марина Лынько снимается в сериалах и телепроектах

Калейдоскоп

Напэўна, многім ушачанам запомніўся расійскі тэлесерыял “Айчым”, які дэманстраваўся мінулым лістападам на першым канале. Прызнацца, мы з маімі дамашнімі таксама захоплена сачылі за перыпетыямі адносін вясковай прыгажуні Насці Спірыдонавай, яе сына Мішкі і партыйнага наменклатуршчыка Ігара Галіцкага, якія разварочваліся на фоне падзей канца эпохі сталінізму. Але ж мала хто ведае, што ў гэтай стужцы прысутнічаў і ўшацкі “след”: адну з эпізадычных роляў тут сыграла наша зямлячка, выпускніца Ушацкай школы Марына Лынько, якую мы памятаем па дзявочым прозвішчы Дзямешка.

Гераіня ўшачанкі была адной з удзельніц сходу ў крайкаме партыі, дзе разглядалі паводзіны галоўнага персанажу фільма. Перад здымкамі Марыну хацелі нават пасадзіць за стол у якасці сакратара, аднак перашкодзілі… бровы, дакладней, іх татуаж, які быў бы нонсэнсам у сярэдзіне 50-х. Але і ў зале жанчына выглядала настолькі ярка, што рэжысёр серыяла Сяргей Гінзбург вылучыў яе сярод астатніх удзельнікаў масоўкі. Такім чынам, гэтая невялікая дэбютная сцэна фактычна адчыніла ёй дзверы ў акцёрскі свет

“Як апынулася на здымачнай пляцоўцы? Проста вырашыла даказаць, што ў жыцці няма нічога недасягальнага!” – усміхаецца на пачатку нашай размовы Марына. Па прафесіі яна цырульнік-візажыст і да кінематографа непасрэднага дачынення не мела. Аднак яшчэ з дзяцінства захаплялася акцёрскай справай, удзельнічала ва ўсіх школьных імпрэзах, пастаноўках лялечнага тэатра, наведвала драматычны гурток у РДК. На фарміраванне творчых інтарэсаў дзяўчыны значны ўплыў аказала і яе мама Наталля Маркаўна Шарыпенка, якая працавала выкладчыкам ва Ушацкай дзіцячай школе мастацтваў, а пазней – у Беларускім дзяржаўным музычным тэатры. І вось аднойчы, гады два таму, Марына з мужам сядзелі дома на канапе і глядзелі кіно. Раптам жанчына зазначыла, маўляў, як бы цікава было апынуцца “па той бок” экрана. “Гэта немагчыма!” – адрэзаў спадарожнік жыцця. А Марыне толькі таго было і трэба, бо такая безапеляцыйнасць заўсёды стымулюе яе да доказу зваротнага. Даведаўшыся, што гэтымі днямі на “Беларусьфільме” якраз здымалі чарговы расійскі серыял, яна знайшла тэлефон спецыяліста, адказнага за падбор акцёраў для масавых сцэн, і трапіла на студыю. Ды яшчэ і мужа з сабой прыхапіла. Яму, прынамсі, таксама прапанавалі месца ў зале крайкама, праўда, у апошнім радзе, бо занадта ладным і “сытым” выглядаў мужчына – у пасляваенныя гады такіх нават сярод партыйцаў было няшмат.

Так прайшоў іх першы здымачны дзень. Фотагенічную брунетку на студыі запомнілі і неўзабаве запрасілі на здымкі для рэкламнага тэлепраекта “Дома ТВ”. І сапраўды, тунікі і сарафаны на яе фігуры выглядалі вельмі прывабна. Цікавым вопытам стаў удзел у здымках рэкламнага роліка, які да ІІ Еўрапейскіх гульняў выпусціў “Беларусбанк”. Потым было запрашэнне зняцца ў праекце Белтэлерадыёкампаніі “Гісторыі выратавання”. Ну а летам мінулага года пачынаючая актрыса “дарасла” і да сваёй першай сур’ёзнай ролі. На кастынг тэлевізійнага серыяла “Сямейныя гісторыі” прыйшло нямала людзей, аднак на ролю галоўнай гераіні серыі “Дэжавю” зацвердзілі менавіта нашу зямлячку. “Гэта было вельмі цікавае выпрабаванне, – расказвае Марына. – На тое, каб добра вывучыць ролю, якая была раздрукавана аж на 50 лістах, у мяне было два тыдні. Зубрыла рэплікі нават тады, калі ішла ў магазін, дапамагаў у гэтай справе і муж, які, па ўсім відаць, ганарыўся неспадзяваным “узлётам” маёй кар’еры. Ну а здымаць хатнія сцэны было вырашана ў нашай кватэры, давялося ахвяраваць нават кубкам, які разбілі падчас спрэчкі адпаведна сцэнарыю. Але, канечне, гэта было сапраўды на шчасце – усе прызналі, што роля мне ўдалася!” Дарэчы, гэты беларускі серыял стаў даволі папулярным у гледачоў, правы на яго паказ закупілі нават тэлеканалы іншых краін.

Давялося Марыне браць удзел і ў здымках такіх знакамітых кінакарцін як “Сляды апосталаў 2” і “Янка Купала”. Ну а гэтымі днямі дэманструецца прэм’ера яшчэ дзвюх серый “Сямейных гісторый”, дзе наша зямлячка зноў паўстае перад гледачамі ў адной з галоўных роляў. У сюжэтах з інтрыгуючымі назвамі “Клопат” і “Паразіт” гераіня Марыны сутыкнецца з трагічнымі абставінамі, страціць сястру і паспрабуе замяніць маму для яе дачкі-падлетка, але пры гэтым яе ўласны сямейны спакой трапіць пад сур’ёзную пагрозу.

Ну а гісторыя самой Марыны Лынько можа стаць прыкладам для тых, хто не надта верыць у свае здольнасці і не адважваецца штурмаваць вяршыні, якія іншы раз толькі здаюцца недасягальнымі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

  • Першая серыя новага фільма праекта “Сямейныя гісторыі” дэманстравалася на канале “Беларусь 2” учора ў ранішняй і вячэрняй праграме (сёння яе яшчэ можна паглядзець “у адмотцы”), другая серыя выйдзе ў эфір у наступны панядзелак (20.40) і будзе паўторана ў аўторак у 9.45.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *