Выясняем ситуацию: жители улицы Витебской,4 недовольны недоделанными тротуарами и грязным асфальтом возле новостройки

Общество

Жыхары дома №4 па вуліцы Віцебскай патэлефанавалі ў рэдакцыю і выказалі незадаволенасць тым, што нядаўна абноўленая дарога, якая вядзе да новабудоўлі шматпавярхоўкі і праходзіць уздоўж іх пад’ездаў, выглядае неахайна. Тратуары ў некаторых месцах засталіся недаробленымі, а бардзюры – незамацаванымі, ды і сам новы асфальт усцяж пакрыты лужынамі і нанесенай будаўнічай тэхнікай граззю.

Мы пабывалі на аб’екце і звярнуліся за тлумачэннямі да спецыялістаў генпадраднай арганізацыі ПМК-70, занятай на новабудоўлі, а таксама абмеркавалі пытанне з дырэктарам упраўлення капітальнага будаўніцтва Ушацкага раёна А.С.Лосевым. “Усё даробім і прыбяром, не хвалюйцеся”, – запэўніў майстар будаўнічага прадпрыемства. У прыватнасці, па яго словах, участкі ў пачатку і ў канцы тратуараў, а таксама тыя, што прылягаюць да заездаў у двары, пакінуты недаробленымі наўмысна: тут будзе ўкладзена спецыяльная тактыльная плітка. Гэта сродак стварэння безбар’ернага асяроддзя: яна мае больш яркі колер, рэльефную паверхню і папярэджвае людзей з дрэнным зрокам пра тое, што хутка тратуар скончыцца і яны трапяць на праезную частку. Увогуле ж аб’ект яшчэ не здадзены, таму давесці яго да толку плануюць па заканчэнні будаўніцтва шматпавярхоўкі. Як мы ўжо паведамлялі раней, яе здача запланавана на канец сёлетняга снежня. Неўзабаве будаўнікі прывядуць у парадак прылеглую тэрыторыю і дарогу. Зараз жа яна сапраўды хутка забруджваецца коламі тэхнікі, ды і слотнае надвор’е не надае вуліцы чысціні. І хоць перыядычна машына са шчоткай ачышчае праезную частку, праблему гэта цалкам не здымае. Ну а што датычыцца сумненняў жыхароў у якасці ўкладкі новага асфальту, то, па словах А.С.Лосева, нават дапушчальная пры будаўніцтве няроўнасць у некалькі міліметраў пасля дажджу збярэ ваду. Дарожныя ж работы выкананы ў адпаведнасці з максімальнымі магчымасцямі тэхнікі, што маецца ў арсенале ДРБУ-105.

Такім чынам, мусім спадзявацца, што жыхарам навакольных дамоў хопіць цярплівасці пачакаць яшчэ крыху часу, пакуль скончацца будаўнічыя работы, – прынамсі, калі ўзводзіліся іх дамы, суседзі таксама адчувалі нязручнасці. Ну а канчатковыя вынікі больш аб’ектыўна ацэнім у канцы снежня.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *