В 90 лет размахивает косой и помнит всё до мелочей. В чём секрет долголетия жительницы деревни Щербёнки Евгении Лазаренко?

Общество

“Зараз вазьму касу ды пайду зрэжу вунь той сухі быльнік, каб не мазоліў вочы”, – дзялілася пры развітанні планамі мая субяседніца. У гэтым намеры звыклага да парадку на сваёй сядзібе чалавека не было б нічога звышнатуральнага, каб не той факт, што жыхарка вёскі Шчарбёнкі Яўгенія Іосіфаўна Лазарэнка днямі мусіць адзначыць свой 90-гадовы юбілей!

Мала хто з яе аднагодкаў здольны размахваць касой, усё лета шчыраваць на градках, хадзіць у грыбы ды ягады. А ў мінулым годзе жанчына яшчэ нават секла дровы! І зусім не таму, што няма памагатых: да яе прыходзіць сацыяльны работнік ды і сын-гараджанін зараз амаль пастаянна жыве ў Шчарбёнках. Проста гераіня аповеду ўпэўнена, што менавіта фізічная актыўнасць і штодзённая праца дазваляюць ёй дагэтуль захоўваць жыццёвы тонус. А праяўляецца ён не толькі ў рухомасці: жанчына здолела захаваць слых, зрок і добрую памяць: шые, чытае кнігі, а яшчэ да драбніц можа прыгадаць усе перажытыя падзеі. Хоць вельмі многае, напэўна, хацелася б забыць…

У вайну яна была падлеткам. Да 41-га паспела скончыць тры класы ў школе ў Арцюшках. У іх сям’і было пяцёра дзяцей. Тата Восіп Федарэнка быў камуністам, узначальваў мясцовы калгас “Шлях Леніна”. У пачатку вайны трапіў у палон, а жонка, даведаўшыся пра гэта, запрэгла каня ды паехала ў Лепель яго вызваляць. Знайшла мужа і, пераапрануўшы ў жаночую сукенку, вывезла з лагера – такая няхітрая схема ўцёкаў тады выручыла многіх. Вярнуўшыся ў вёску, бацька далучыўся да партызан, быў паранены. Калі ў 44-м пачалася блакада, маці разам з вяскоўцамі вырашыла ісці “за жалезку”. “У бежанкі з Лепеля, што жыла ў нашай хаце, быў конь, а ў нас – калёсы. Вядома ж, узялі з сабой карову. Перайшлі за Ушачы і разам з іншымі хаваліся ў лесе, было страшна, асабліва калі наляцелі самалёты. Памятаю, як паміж выбухамі крычаў немым голасам мой трохгадовы брацік, якога, каб не згубіўся, увязалі на калёсах: “Не кідайце мяне! Вы куды?! Мяне ж тут… вошы заядуць!..” Напэўна, для малога гэта было самай вялікай меркай страху…” – успамінае Яўгенія Іосіфаўна. У лесе перад прарывам яны сустрэліся з татам, і маці не ведала, што абдымае мужа ў апошні раз. На пытанне людзей, што ім рабіць, партызаны загадалі хавацца, куды хто зможа. Федарэнкі кінуліся назад ва Ушачы, дзе немцы тым часам ужо ладзілі сартаванне: матуль з малымі адпускалі, астатніх забіралі ў палон. Жэні і яе родным пашанцавала – усе жывымі вярнуліся ў вёску, страціўшы ў паходзе толькі кароўку.

Але тое, што не зрабілі кулі і снарады, давяршыў тыф. Восенню 44-га на яго захварэлі мама і сястра. “Нібы зараз бачу, як цётка, у якой мы тады жылі, суцяшае маю сястрычку: “Нічога, Кацечка, ты ачуняеш і валоскі адрастуць…” Не ачуняла. А літаральна на наступны дзень забрала з сабой і маму… Трох малодшых братоў адправілі ў Арэхаўна ў дзіцячы дом, а Жэня засталася жыць у цётчынай хаце. “Сумавала па браціках. Напяку, бывала, “гопікаў” з гнілой бульбы ці драны пірог і іду да іх у Арэхаўна. А дзеткі збягуцца, ручкі цягнуць – адшчыпваю кожнаму па кавалачку…”, – распавядае Яўгенія Іосіфаўна. Не выкрасліць з памяці і той дзень, калі нейкія людзі, што ехалі праз вёску, прынеслі горкую навіну: адзін з яе маленькіх братоў патануў у возеры. Знайшла Жэня ў хаце крыху белай тканіны ад ваеннага парашута ды кусок сіняй – якраз хапіла, каб пашыць кашульку ды штанішкі, так што ў апошні шлях Колечку адправіла прыбраным…

Ніколі не забудзе яна і Дзень Перамогі, які сустрэла з сумкай на плячы: дзяўчынка ўладкавалася паштальёнам – разносіла вяскоўцам лісты ды паштоўкі з фронту. І штораз у яе займала дух, калі людзі адкрывалі пісьмы – баялася, што там дрэнныя весткі. Затое як радасна было, калі вяскоўцы, прачытаўшы ліст, пачыналі абдымаць дзяўчынку, што прынесла шчаслівую навіну – іх сын жывы і хутка вернецца! Прынамсі, прыйшла такая і ў яе дом: знайшоўся тата, ад якога доўгі час не было вестак: нямецкі лагер смерці, у якім ён знаходзіўся, вызвалілі саюзнікі…

Вярнуўшыся на Ушаччыну, бацька неўзабаве стварыў новую сям’ю і забраў з дзетдома двух сваіх сыноў. Жэня ж, якая так рана стала дарослай, засталася жыць адна. Спрабавала хадзіць у школу, ды ў пятым класе скончыла вучобу, бо трэба было працаваць у калгасе, завяла і сваю гаспадарку. Шчыравала на сенакосе, пасвіла жывёлу, бралася за любую работу. У роднай вёсцы знайшла спадарожніка жыцця: Іван Лазарэнка пасля арміі ўладкаваўся ў мясцовы калгас трактарыстам. Яны выхавалі трох дзяцей, кожны з якіх знайшоў дастойную дарогу ў жыцці. Дачка Надзея жыве ў Віцебску, апошнім часам працавала на самым “салодкім” прадпрыемстве – фабрыцы “Віцьба”. Сын Мікалай служыў у сілавых структурах, зараз жа, калі выйшаў на пенсію, прыехаў да маці, перабудоўвае бацькоўскі дом, дбае і пра родную вёску: абкошвае траву, высякае стары хмызняк і штогод высаджвае дзясяткі маладых дрэўцаў, вядзе барацьбу з баршчэўнікам – сёлета, напрыклад, дапамагаў работнікам знішчаць шкодную расліну ў наваколлі.

Вельмі няпроста склаўся лёс малодшага сына Уладзіміра. У зусім маленькім узросце ён захварэў на поліяміэліт. Рэдкую ў нашых мясцінах хваробу распазналі не адразу, хлопчык застаўся інвалідам. Мама вельмі старалася паставіць яго на ногі: вазіла па бальніцах, санаторыях. У выніку сын здолеў адаптавацца ў жыцці, стварыў добрую сям’ю, разам з жонкай Тамарай выгадаваў двух цудоўных дзетак, пакуль дазваляла здароўе, працаваў у сферы бытавога абслугоўвання. Уладзімір Іванавіч з’яўляецца сябрам рэдакцыі, уздымае на старонках газеты праблемы стварэння безбар’ернага асяроддзя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Падумалася, што мужнасць, жаданне самастойна спраўляцца са сваімі праблемамі – гэта ў яго ад мамы. Яўгенія Іосіфаўна сапраўды ўнікальная жанчына і вельмі хочацца ёй пажадаць як мага даўжэй захоўваць бадзёрасць і не скарацца гадам!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *