За рулём авто и… 22-метровой вышки. Сергей Манецкий профессионал в своём деле

Общество

Работніка УП ЖКГ Сяргея Станіслававіча Манецкага можна назваць прадстаўніком рэдкай спецыяльнасці. Ды што там рэдкай, нават унікальнай – 22-мятровая аўтавышка ў нашым раёне толькі адна, а значыць, і яе вадзіцель – адзіны ў сваёй справе прафесіянал.

Восем год таму такой уласнай спецтэхнікі наша камунальнае прадпрыемства не мела. І, канечне, адчувала нязручнасці, бо калі трэба было адрамантаваць у гарпасёлку вулічнае асвятленне, вышку для гэтых работ даводзілася “пазычаць” у калег з Полацка ці Ветрына. Таму, калі выпала магчымасць набыць няновую, але неблагую па стане машыну, камунгасаўцы папоўнілі свой аўтапарк. Знайшлі і спецыяліста, які без праблем авалодаў ёю, прайшоўшы трохмесячныя курсы ў абласным цэнтры.

За рулём ураджэнец Славеняў лічы што ўсё жыццё: правы атрымаў у арміі, а перад гэтым прайшоў навучанне ў філіяле Ветрынскага СПТВ на базе ўшацкага вучэбна-вытворчага камбіната. Хоць служыў ва Уладзівастоку ў марфлоце, у мора так і не выйшаў: добрыя вадзіцелі былі патрэбны на беразе. Пасля службы ўладкаваўся ў “Сельгасхімію”, калі ж прадпрыемства закрылі, перайшоў у аддзел па надзвычайных сітуацыях, дзе на працягу 17 год быў вадзіцелем на пасту ў Двор Пліне. Прынамсі, менавіта гэты час лічыць самым цікавым адрэзкам жыцця: вельмі падабаўся калектыў ды і служба прыйшлася па душы. Сяргей заўсёды вылучаўся стараннасцю – праявілася гэта ўжо ў першы выезд: гарэла лазня ў Гуце, і навічок, каб як мага бліжэй падагнаць не надта праходны ГАЗ-53 да пабудовы, заехаў у гразкі агарод, адкуль потым машыну прыйшлося выцягваць. Успамінаецца служба і трагічнымі эпізодамі, і шчаслівымі выратаваннямі. Аднойчы, напрыклад, у далецкім баку бабуля выцягнула з печы чыгунок і паставіла на падлогу, а да яго дна прыліп вугалёк. Сяргей даставіў разлік у вёску так хутка, што паспеў выгарэць толькі невялікі ўчастак падлогі на кухні. Добрым словам прыгадвалі плінскіх выратавальнікаў не толькі ва Ушацкім, а і ў суседніх раёнах.

Цяперашняя праца, на якую ўладкаваўся пасля дасягнення гранічнага для органаў МНС узросту, не настолькі экстрэмальная, аднак таксама вельмі адказная. Работнік, які ўздымаецца на вышыню, павінен быць у поўнай бяспецы, і многае ў гэтым плане залежыць ад дзеянняў вадзіцеля. Напрыклад, аўтавышка павінна стаяць на абсалютна роўнай пляцоўцы, нельга працаваць у снегапад і калі хуткасць ветру больш 10 метраў у секунду. Ну і, вядома ж, работа за пультам патрабуе спецыфічных уменняў. Тэхніка, якой кіруе герой аповеду, запатрабаваная. Апроч абслугоўвання вулічнага асвятлення, вышку задзейнічаюць падчас рамонту жылфонду – напрыклад, Сяргей Станіслававіч і яго калегі дапамагалі генпадрадчыкам у правядзенні работ на доме №16 па Ленінскай, іншых будынках гарпасёлка, нярэдка выязджаюць у Глыбачку, дзе на балансе УП ЖКГ шэраг няновых шматпавярховак. Заказваюць вышку і прадпрыемствы раёна: напрыклад, дапамагалі лясгасаўцам у мантажных работах на будаўніцтве цэху дрэваапрацоўкі, фарбавалі воданапорную вежу на завячэльскім комплексе. Выконваюць і заяўкі прыватнікаў – высокую якасць паслуг магу нават засведчыць асабіста, бо летась давялося заказваць тэхніку, каб абшыць звонку балконы ў кватэры: ад зносін са спецыялістамі камунальнага прадпрыемства, і з Сяргеем Станіслававічам у прыватнасці, засталіся выключна прыемныя ўражанні.

Прынамсі, гэта было не першае наша знаёмства: неяк давялося разам сядзець на трыбунах спарткомплексу “Юнацтва-Ушачы” падчас паядынкаў чэмпіянату раёна па міні-футболе. Сын героя аповеду Алег Манецкі – адзін з лепшых ушацкіх нападаючых, ды і сам Сяргей Станіслававіч мае слаўнае футбольнае мінулае. Разам з сябрамі-калегамі Валодзем Ушаковым, Алегам Рагавешкам пачыналі гуляць яшчэ падчас работы ў “Сельгасхіміі”, потым жа ледзь не ўсёй камандай перайшлі ў МНС. “Канечне, як і ўсім, мне хацелася бегаць у атаку, але аднойчы экстранна прыйшлося замяніць галкіпера – адстаяў добра, а потым так і застаўся ў варотах. Чэмпіянат раёна тады быў вельмі цікавым, удзельнічала не менш дзясятка каманд”, – з настальгіяй прыгадвае С.Манецкі. Дарэчы, сын стаў яго годным працягам не толькі ў спорце. Таксама як тата і мама (Тамара Уладзіміраўна шмат год працавала на прамкамбінаце), Алег выбраў рабочую спецыяльнасць – вывучыўся на электрыка, пачаў працоўную кар’еру ў ПМК-66, зараз жа працягвае яе ў Верхнядзвінску.

Бываюць людзі, якія схіляюць да сябе літаральна з першай хвіліны зносін. Менавіта да такіх належыць С.Манецкі, просты, сумленны і надзейны ва ўсіх справах, за якія бярэцца.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *