«Решил попробовать, а теперь в другой роли себя и не представляю» — Сергей Сыс о своей работе в Ушачском РОЧС

Cлужба-101 Общество

Якраз напярэдадні леташняга Дня выратавальніка на пажарным аварыйна-выратавальным пасце ў Глыбачцы познім вечарам раздаўся трывожны званок – калегам з Бешанковіцкага раёна патрэбна была дапамога. Хутка імчаў у Улу вадзіцель Сяргей Генадзьевіч Сыс. Калі ж з напарнікам аказаліся на месцы, высветлілася, што ў доме знаходзяцца тры чалавекі. Узброіўшыся маскамі, менавіта ўшачане першымі кінуліся ўнутр і вынеслі з задымленага памяшкання траіх мужчын, аднаму з іх, на жаль, рэанімацыйныя дзеянні не дапамаглі… Ці не страшна было рызыкаваць сваім жыццём, каб выратаваць тых, хто забыўся пра бяспеку ў кампаніі цыгарэты і бутэлькі? Сяргей Генадзьевіч не задумваючыся адказвае: “Інакш паступіць проста не мог…”

Сярод байцоў Ушацкага райаддзела па надзвычайных сітуацыях ён самы вопытны супрацоўнік. Аб тым, што яго цэняць і паважаюць калегі, у мяне няма ніякага сумнення. Кожны раз, калі на калектыўных сходах з нагоды прафесійнага свята выратавальнікі атрымліваюць узнагароды, найбольшая колькасць авацый бясспрэчна дастаецца С.Сысу. “Наш дзед у газету трапіць!” – казалі ў часці калегі, калі рабіўся гэты фотаздымак. Але так яго называлі жартам, а на самой справе кожны зазначаў, што гэты чалавек –прафесіянал сваёй справы.

Свой першы дзень у ролі пажарнага Сяргей Генадзьевіч памятае выдатна: “Гэта было 16 лістапада 1995 года. Пачынаў камандзірам аддзялення ў Вялікіх Дольцах. А на пасту – ніводнай машыны, старая зламалася, а новая яшчэ не дайшла. Але, на шчасце, здарэнняў у той дзень не адбылося. Як прыйшоў у гэтую прафесію? Пасля заканчэння Маладолецкай школы папрацаваў у мясцовым калгасе, адслужыўшы ў арміі, вярнуўся дадому. Тады якраз і набіралі працаўнікоў у пажарную ваенізаваную ахову, вырашыў паспрабаваць, а зараз у іншай ролі сябе і не ўяўляю!”

Першы баявы выезд у Сяргея Генадзьевіча быў даволі няпростым. Ва Ушачах гарэлі склады камбіната бытавога абслугоўвання, дзе захоўваўся нітрон. Агонь разгараўся хутка і на тушэнне тады выязджалі ўсе падраздзяленні аддзела. Пасля ўтаймавання вогненнай стыхіі навічка па традыцыі шчыранька аблілі вадой, нягледзячы на тое, што на вуліцы было марознае надвор’е.

У кожнага выратавальніка ў кар’еры ёсць самы запамінальны выпадак. У С.Сыса гэта пажар 10-гадовай даўнасці, што адбыўся ў Рагуцкіх. Запомніўся ж ён глыбінёй сваёй трагічнасці, у агні загінуў сямігадовы хлопчык… “Цяжка бачыць гібель людзей, але не параўнаць, калі гэта чалавек з цыгарэтай і бутэлькай і маленькае, ні ў чым не вінаватае дзіця”, – кажа выратавальнік.

А неяк у Жаўніне гарэў цялятнік, і разлік з трох чалавек, у якім быў і Сяргей Генадзьевіч, не толькі тушыў пабудову, а і ратаваў жывёлу, цялят выводзілі, і нават выносілі на руках.
У Вялікіх Дольцах ён паспеў пабыць і начальнікам паста, затым пераведзены старшым вадзіцелем у часць гарпасёлка, а апошнія тры гады гады працуе на той жа пасадзе на пасту ў Глыбачцы. У сваім падраздзяленні з’яўляецца настаўнікам для моладзі, штогод выконвае і немалы аб’ём платных паслуг, напрыклад, удзельнічае ва ўборцы аварыйных дрэў, а таксама на гаспадарчых работах па паляпшэнні выгляду памяшканняў паста.

“Нават у свой выхадны па звычцы імгненна рэагую на званкі, хочацца аўтаматычна вымавіць: “Дзяжурная служба МНС. Чым вам дапамагчы?” – з усмешкай кажа выратавальнік. – Не крыўдую і з гумарам адношуся да анекдотаў кшталту “пажарныя спяць 25 гадзін у суткі” ці “калі пажар, то хоць звальняйся”. Насамрэч, калі выездаў няма, то трэба і аўтамабіль лішні раз перагледзець, каб быў у гатоўнасці, і парадак у падраздзяленні падтрымліваць, і рыхтавацца да залікаў. Дарэчы, гледзячы на мой целасклад, многія сябры не вераць, што фізічную падрыхтоўку здаю на “выдатна”.

– Сяргей Генадзьевіч выдатнік у нас па ўсіх накірунках, – пацвярджае намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні РАНС А.М.Уліновіч. – Год таму стаў вадзіцелем першага класа, мае шмат узнагарод, самай важкай з’яўляецца медаль “За бездакорную службу” трэцяй ступені.
Сам жа С.Г.Сыс сціпла зазначае, што каб атрымаць такое высокае прызнанне, трэба ўсёй камандзе працаваць зладжана і рашуча, бо ў адзіночку ў гэтай нялёгкай прафесіі не справіцца ні з адной надзвычайнай сітуацыяй.

Вольга КАМАРКОВА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *