Как в Ушачах прошёл День снега?

Калейдоскоп Общество

Падняць людзей з канап у адзін з зімовых выхадных упершыню вырашылі дзевяць гадоў таму – ідэя належала Міжнароднай федэрацыі лыжнага спорту. З тых часоў Дзень снегу актыўна адзначаецца ў 80 краінах свету. Любяць яго і на Ушаччыне, што пацвердзіла масавае спартыўнае свята, якое прайшло ў мінулую суботу ля фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў райцэнтры.

На вуліцы мінус 18, “ледзяны”, пранізлівы вецер. Апалове дзясятай паглядаю праз акно на “Юнацтва-Ушачы” ў чаканні звычайнай для такіх мерапрыемстваў мітусні. Аднак ні натоўпу людзей, ні выстаўленай для агучвання апаратуры ля ўваходу няма. Ад думак пра адмену ці перанос Дня снегу адхіляюць хіба што перакрыты на ўчастку транспартны рух і дзяжурства карэты хуткай медыцынскай дапамогі. Гатовая да любога раскладу, накіроўваюся ў спарткомплекс. І толькі адчыніўшы дзверы, з аблягчэннем выдыхаю – святу адназначна быць: у холе нямала людзей з лыжамі, канькамі, іншым інвентаром. Як аказалася, улічваючы ўмовы надвор’я, арганізатары вырашылі правесці адкрыццё ў памяшканні – і каб землякоў лішні час не марозіць, і тэхніку зберагчы. Дарэчы, апошняя рэальна рызыкавала выйсці са строю – так, рэдакцыйная фотакамера ўжо праз паўтары гадзіны на свежым паветры “адмовілася” працаваць, спатрэбілася часова мяняць дыслакацыю і адаграваць яе.

Пасля невялікай афіцыйнай часткі, знаёмства з раскладам правядзення баталій і прадстаўлення ўдзельнікаў (не пабаяліся марозу 6 каманд з 8 устаноў і арганізацый раёна), усе разышліся па пляцоўках. І самай ажыўленай напачатку мерапрыемства стала лыжная траса, дзе праходзілі спаборніцтвы па біятлоне. “З лыжамі сябрую даўно – кожныя выхадныя, калі дазваляе надвор’е, стараюся пакатацца, – падзялілася з намі І.Ціханава з аб’яднанай каманды РАНС і ТЦСАН. – Са стральбой таксама праблем узнікнуць не павінна – на спаборніцтвах па гэтым відзе, бывае, займаю прызавыя месцы. Для 100-працэнтнага ж выніку напярэдадні наведала “Юнацтва-Ушачы”, пазнаёмілася з трасай”. Зрэшты, такі падыход Ірыны і яе калегі па камандзе Эдуарда Лабэцкага дазволіў паказаць “бронзавы” вынік. Апярэдзілі іх прадстаўнікі райвыканкама Т.Маковіч і С.Ціханёнак (другое месца), а таксама Ушацкай школы Ю.Красілевіч і А.Жаваранак. Крыўдны вынік чакаў у гэтым відзе аб’яднаную каманду аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і Дэпартамента аховы. Незадоўга да пачатку мерапрыемства ўдзельніца вывіхнула нагу – і на старт замест яе выйшла вучаніца Ушацкай школы. Атрыманае ад членаў журы папярэджанне было праігнаравана. У выніку каманда, якая прадэманстравала трэці вынік, аказалася… на восьмым з шасці магчымых: за парушэнне ўмоў спартыўнага свята (да ўдзелу дапускаюцца толькі члены працоўных калектываў!) было вырашана “перанесці” яе ў канец спіса, пры гэтым налічыўшы 2 штрафныя балы.

Тым часам звонкі смех ліўся з пляцоўкі жартоўнай эстафеты, дзе дынамічныя конкурсы прапанаваў удзельнікам райкам БРСМ. Прабегчы на імправізаваных лыжах, “перавесці” на мятле каманду, праскакаць у мяшку хутчэй за іншых атрымалася ў прадстаўнікоў Ушацкай школы, зборнай ТЦСАН і РАНС, райвыканкама.

Не менш узрушана праходзіла эстафета на каньках сярод жанчын. “Хоць знаходжуся ў дэкрэтным адпачынку, не далучыцца да калег проста не магла – і вельмі гэтаму рада. Нібы вярнулася ў дзяцінства, калі пераадольвала на лёдзе выстаўленыя перашкоды!” – з захапленнем каменціравала дзейства прадстаўніца РАНС Крысціна Маслюк. У гэтым відзе самымі хуткімі, спрытнымі аказаліся каманды Ушацкай школы, раённага цэнтра па забеспячэнні бюджэтных арганізацый, а таксама зборная аховы і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.

Дарэчы, пуставала лёдавая пляцоўка нядоўга – на змену прадстаўніцам прыгожай паловы выйшлі, напэўна, самыя чаканыя ўдзельнікі Дня снегу – хакеісты. Яшчэ да пачатку турніру падцягвацца сюды, займаючы ўдалыя месцы, пачалі многія ўшачане. “Сёння ў мяне рабочы дзень, таму перажывала, што не змагу пахварэць за свайго сына Андрэя, які выступае за каманду райвыканкама, – прызналася ўшачанка Таццяна Парашкіна. – Прыбегла сюды ў абедзенны перапынак і не пашкадавала”. Нягледзячы на невялікую колькасць каманд – адмовіліся ад удзелу, атрымаўшы па 8 выніковых балаў, цэнтр па забеспячэнні бюджэтных арганізацый і ААТ “Ільюшынскі”, турнір аказаўся надзвычай відовішчным. “Урэзаны” склад каманд з трох ігракоў не знізіў спартыўна-тэхнічны складнік і толькі дадаў эмоцый. Паспяхова стрымлівалі атакі нападаючых прадстаўнікі Ушацкай школы, феерыў у варотах, рызыкуючы “злавіць” шайбу тварам, яе дырэктар Віталь Клімашэўскі. Нельга было без захаплення назіраць за гульнёй С.Ціханёнка, які прадстаўляў дружыну райвыканкама. Яна, дарэчы, заваявала “бронзу”. Калі ж у гульню за “золата” выйшлі выратавальнікі і прадстаўнікі Дэпартамента аховы, вопытныя спартсмены папярэдзілі: “А цяпер лепш адысці ад краю пляцоўкі!” Сэнс гэтых слоў стаў зразумелы з першых секунд пасля свістка: атакі, сілавыя прыёмы, фінты – не часта такое і па тэлебачанні ўбачыш! Максім Аўдошка, Андрэй Бутоўскі і Сяргей Сляцкі (адзін на падмене), а таксама надзейны галкіпер Уладзімір Чумакоў не пакінулі ніводнага шансу выратавальнікам і, адправіўшы ў вароты 4 шайбы, перамаглі іх “у сухую”.

Тыя ж хутка ўзялі рэванш – толькі ўжо ў сваім каронным відзе: перацягванні каната (так склалася, што ў фінале “высвятлялі адносіны” зноў прадстаўнікі РАНС і Дэпартамента аховы). “Бронза” ж дасталася райвыканкаму.

Добрай традыцыяй свята стаў конкурс “Снежныя фантазіі”. Сёлета творчая экспазіцыя разгарнулася акурат перад будынкам спарткомплексу, што значна яго ўпрыгожыла. Перад абаяннем сімвала 2021 года – бычка, створанага зборнай ТЦСАН і РАНС, нельга было ўстаяць – менавіта гэтай рабоце дасталіся лаўры пераможцы. “Срэбра” – у зборнай аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і Дэпартамента аховы, якая над стварэннем прыгожага сабачкі “чаравала” не толькі з дапамогай рук, як усе астатнія, – у ход пайшлі сякера, стамеска і іншыя інструменты. Аднолькавую колькасць балаў атрымалі работы райвыканкама і цэнтра па забеспячэнні бюджэтных арганізацый – у іх “бронза”.

Падсумаваўшы набраныя ва ўсіх відах балы, арганізатары вызначылі трыумфатараў Дня снегу. Сёлета імі сталі Ушацкая школа, зборная РАНС і ТЦСАН (у іх, дарэчы, пры аднолькавай суме балаў вырашальнай стала колькасць заваяваных першых месцаў), а таксама райвыканкам. Усе ж астатнія, хоць і не атрымалі дыпломаў, займелі не менш – яркія эмоцыі, сяброўскія пачуцці, прыхільнасць балельшчыкаў і мноства ўспамінаў пра гэтыя асаблівыя марозныя выпрабаванні.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *