Подведены итоги конкурса «Счастливы вместе»

Калейдоскоп

Дзень закаханых ужо на парозе! Як і абяцалі, у гэтым нумары мы падводзім вынікі конкурсу “Шчаслівыя разам” і даведаемся, якой з пар ушачане аддалі перавагу. Тых, хто прыняў удзел у галасаванні, на гэты раз было рэкордна многа, за што мы і ўдзячны нашым чытачам. Толькі ў групе “ВКонтакте” выбар зрабіла 2247 чалавек, у “Одноклассниках” – 601. У параўнанні з гэтымі лічбамі колькасць тэлефанаванняў, канечне, меншая, затое мы мелі магчымасць паразмаўляць і даведацца, чым кіраваліся ўшачане, рабіўшы свой выбар.

“Сям’ю Павуковых я ведаю, бо жывём у адным аграгарадку. Бачу, як часта яны гуляюць з дзецьмі. Самі ветлівыя з людзьмі, і дзеткі паважлівыя. Прыемная вельмі пара”, – казала Т.А.Шастакова. Зразумела, што былі сярод тэлефанаваўшых і родныя. “Унучцы вельмі пашчасціла з мужам. Лёшык уважлівы, добры і вельмі працавіты. Яны часта бываюць у мяне, дапамагаюць. Муж памёр, не паспеўшы лазню адрамантаваць, дык ён адзін усё зрабіў так, як мы і задумвалі”, – радавалася здабытаму ўнуку Л.У.Скурковіч з Павулля. Цікава, што за гэтую пару галасавала нават жыхарка Карэліцкага раёна Р.У.Папук. Рыта Уладзіміраўна – ураджэнка Ушаччыны, таму часта заходзіць на сайт “Патрыёта”, дзе і ўбачыла сярод канкурсантаў сваякоў Вольгу і Аляксея Дулебенец. “Галасую, канечне ж, за Андрэя і Вікторыю Барздзей, паколькі гэта мая дачка, – казала М. Камінская. – А галоўнае, за сваю ўнучачку, якая з’явілася на свет дзякуючы іх шчасліваму саюзу”.

Аднак пераважная большасць людзей ацэньвала здымкі. “Бачна ж, што шчаслівыя, дзеткі выдатныя, прыемна глядзець на такія адносіны”, – тлумачыла свой выбар наконт сямейнага фота Андрэя і Кацярыны Парашкіных З.А.Клубаева. “Глядзіш на Дзмітрыя Смаргуна і Анастасію Міхаль і бачыш настрой, сапраўдныя эмоцыі паміж маладымі людзьмі. Фота – не пастановачнае”. Практычна гэтыя ж словы У.П.Карабаня паўтарыў В.Ф.Іваноў, толькі ў адносінах да Мікіты і Вікторыі Кароткіх.

Былі і тыя, каго ўразіла рамантычная гісторыя знаёмства сям’і Ларчанкаў. “Трэба ж, і рассталіся на дзесяць гадоў, аднак калі гэта лёс, то ўсё роўна будзеш разам. Ды і здымак са шчымлівым настроем, твары свецяцца радасцю”.

Вядома, у любым з падобных конкурсаў заўсёды ёсць удзельнікі, якія хочуць перамагчы больш за іншых і прыкладаюць для гэтага пэўныя намаганні, далучаючы да галасавання сяброў, знаёмых, аднадумцаў з груп па інтарэсах, сваякоў – у тым ліку з іншых краін. Не бачым у гэтым нічога дрэннага. Часам робяцца і не зусім сумленныя “хады” – але ў дадзеным выпадку, прааналізаваўшы ўсе аргументы, мы не ўбачылі сур’ёзных падстаў меркаваць, што “накруткі”, выкарыстанне фэйкавых старонак (нават калі яны былі) кардынальна паўплывалі на размеркаванне месцаў. На жаль, арганізаваць інтэрнэт-галасаванне так, каб цалкам выключыць спрэчныя моманты, мы не можам. Але калі ў вас ёсць на гэты конт прапановы, гатовыя іх разгледзець і ўлічыць пры правядзенні новых конкурсаў (а яны ўжо запланаваны).

Каб зрабіць вынік максімальна справядлівым і ўлічыць меркаванні ўсіх чытачоў, рэзультаты падводзіліся асобна па трох відах галасавання, а затым занятыя месцы (а не атрыманыя галасы!) падсумоўваліся.

Прыводзім чацвёркі лідараў па кожным відзе.

“ВКонтакте” і “Одноклассники” (вынікі аказаліся абсалютна ідэнтычнымі):

1. Уладзімір і Іна Ларчанкі.
2. Андрэй і Кацярына Парашкіны.
3. Дзмітрый Смаргун і Анастасія Міхаль.
4. Мікіта і Вікторыя Кароткія.

Тэлефоннае галасаванне:

1. Мікіта і Вікторыя Кароткія.
2. Андрэй і Кацярына Парашкіны.
3. Аляксей і Вольга Дулебенец.
4. Уладзімір і Іна Ларчанкі; Андрэй і Вікторыя Барздзей.

Такім чынам, дзве сямейныя пары – Ларчанкі і Парашкіны – набралі па 6 балаў і сталі абсалютнымі пераможцамі нашага конкурсу! Трэцяе месца з вынікам 9 балаў заняла сям’я Кароткіх.

Прызёрам ад рэдакцыі будуць уручаны памятныя прэзенты (звяртайцеся па нумары 5-73-61). Усім вялікі дзякуй і давайце жыць дружна!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *