На Ушаччыне прайшло мноства мерапрыемстваў, прымеркаваных да дня нараджэння Рыгора Барадуліна

Общество

24 лютага на Ушаччыне заўсёды прыгадваюць імя нашага знакамітага земляка Рыгора Барадуліна. Сёння яму б споўнілася 86 гадоў. Месца апошняга спачыну Рыгора Іванавіча на ўшацкіх могілках наведалі ў гэты дзень нараджэння  прадстаўнікі ўлады на чале з намеснікам старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч, работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Еўдакіі Лось, усклалі жывыя кветкі і ўшанавалі памяць паэта хвілінай маўчання. Вытаптаная сцяжынка да магілы паэта падказвала, што не забываюць яго і іншыя  ўшачане і госці раёна.

Увогуле да дня нараджэння Рыгора Барадуліна быў прымеркаваны цэлы шэраг адмысловых мерапрыемстваў. Так, напрыклад, прыцягвала ўвагу наведвальнікаў раённай бібліятэкі насычаная цікавым матэрыялам выстава «Я сын зямлі». Асобная праграма, прысвечаная творчасці Р.Барадуліна праходзіла ў дзіцячай бібліятэцы, усе сельскія бібліятэкі раёна таксама  ўспаміналі славутага  сына зямлі ўшацкай. А Народны клуб «Муза» запрасіў сваіх удзельнікаў і гасцей на паэтычную сустрэчу «Што ёсць каханне…», якая была прысвечана лірычнаму напрамку творчасці паэта. У выкананні ўшачан гучалі вершы і ўспаміны пра асабістыя стасункі з Рыгорам Іванавічам, прысутныя глядзелі відэаролікі, запісаныя ў тым ліку ва Ушачах, слухалі песні сучасных маладых аўтараў – і ўпэўніліся, што прыгожыя, меладычныя вершы Р.Барадуліна вельмі арганічна кладуцца на музыку. Увогуле любоўю ў самым шырокім сэнсе гэтага слова была прасякнута ўся творчасць нашага земляка. Гэтым жа пачуццём плацім яму і мы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *