Владимир Безруков из агрогородка Ореховно делает завораживающие снимки с помощью квадрокоптера

Калейдоскоп

Спіраль, бумеранг, ракета, астэроід… гэта далёка не ўсе функцыі прафесійнага дрона “Mavic Air 2”, якім зроблены гэты здымак. Уладзімір Іванавіч Бязрукаў захапляецца фатаграфіяй з юнацтва. Мог днямі сядзець у засадзе ў Бярэзінскім запаведніку, каб злавіць рэдкі кадр кармлення птушанят-чырванакніжнікаў, аб’ехаў усе куточкі Ушацкага раёна, лавіўшы чароўны захад сонца, зарніцу ці вясёлку. Ну а з лета, як дачка падарыла на дзень нараджэння квадракоптар, зрабіў не адзін здымак з вышыні птушынага палёту.

– Паколькі Сяргей Плыткевіч (ад рэдакцыі: прафесійны фотажурналіст, аўтар альбомаў пра славутасці Беларусі, знятыя з верталёта) не хоча здымаць ушацкія азёры, трэба зрабіць гэта самім. Мяркую сабраць тэматычны зборнік. Пакуль што запускаў апарат над Чарсцвядскім возерам, Оталава, Крывым, дзе кручаныя берагі з астраўкамі, аднак, мяркую праехаць і ў плінскі бок. Не магу нават вылучыць свае любімыя мясціны. У нас паўсюдна чароўная прырода.

Здымкі дронам, па словах У.Бязрукава, не могуць не падабацца. Сам па сабе від зверху зачароўвае, бачыш яго на маніторы смартфона, які падключаны да дрона, і робіш кадр на тым месцы, што спадабалася. Як і некалі “хімічыў” пры праяўцы фотаплёнак, так і зараз практычна заўсёды карэкціруе здымкі ў адпаведных праграмах. Магчымасцяў цяпер намнога больш, нават дымку можна ўбраць. Але, хоць і падобны некаторыя работы У.І.Бязрукава на фотакарціны – усё ж гэта рэчаіснасць, спайманая ў аб’ектыў – непаўторнае застыўшае імгненне. А прафесійны квадракоптар можа рабіць не толькі здымкі, але і відэа, прыбліжацца да аб’екта, аблётваць яго па спіралі, і пры гэтым сам абмінае ўсе перашкоды, што сустракаюцца на шляху. Разумны апарат да таго ж мініяцюрны, памяшчаецца на далоні. А мноства функцый робяць яго “цацкай”, якая не надакучыць.

На здымку: першы лёд на возеры Кароціца ля вёскі Гуські Вяркудскага сельсавета.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *