Леонид Шахновский показал впечатляющую коллекцию шевронов на заседании клуба старшеклассников «Правовой навигатор»

Общество

“…Усё, што было дорага на свеце, за шэўрон ракетчыка аддаў…” – пяецца ў вядомым творы казарменнага фальклору. А між іншым, ёсць людзі, да якіх такую фразу можна прымяніць у прамым сэнсе: гэта так званыя сігнуманісты – збіральнікі шэўронаў і нашывак. Від калекцыяніравання не самы папулярны, аднак яго прыхільнікі ёсць і сярод нашых землякоў.

Начальнік адасобленай групы (Ушацкага раёна) ваеннага камісарыята Лепельскага і Ушацкага раёнаў Леанід Пятровіч Шахноўскі не лічыць сябе сур’ёзным заўзятарам, аднак сабраў ужо каля 600 знакаў адрознення з форменнага адзення разнастайных фарміраванняў і структур. Частку сваёй калекцыі ён прадэманстраваў на пасяджэнні клуба старшакласнікаў “Прававы навігатар”, якое праходзіла ў раённай бібліятэцы.

Па сваім родзе дзейнасці Леаніду Пятровічу пастаянна даводзілася ездзіць па ваенных часцях, адкуль і пачаў прывозіць на памяць “сувеніры”. Пашыралася калекцыя таксама праз зносіны з сябрамі, калегамі па захапленні. І амаль пра кожны экспанат ён можа расказаць асобную гісторыю. Сярод самых каштоўных – шэўроны спецпадраздзяленняў “Альфа” і “Алмаз”. Рарытэтам з’яўляюцца знакі адрознення з формы савецкіх часоў: сціплыя па дызайне, з чырвонай зорачкай з сярпом і молатам у контуры шчыта. Дарэчы, уведзены яны былі ў 1969 годзе: усяго зацвердзілі 14 відаў нарукаўных знакаў, якія павінны былі вылучаць прадстаўнікоў розных войскаў – ад мотастралкоў і артылерыстаў да ваенных дырыжораў і музыкантаў. А сапраўдны шэўронны бум пачаўся ў постсавецкія часы, калі свой знак захацела мець лічы што кожнае вайсковае падраздзяленне.

“Гэтыя я ведаю, там тата служыў!” – вылучыў сярод іншых планшэт з шэўронамі 377-га гвардзейскага зенітна-ракетнага палка, што дыслакуецца ў Полацку, Саша Цімафееў (на здымку). “А ў майго вось такі ёсць, ён быў у дэсанце!” – з гонарам паведаміў Ваня Паршонак, указаўшы на прыгожы знак з парашутам і выявай ваўка ў цэнтры. 350-я асобная мабільная брыгада хуткага рэагавання, якая ў пачатку 90-х дзейнічала ў складзе віцебскай 103-й паветрана-дэсантнай дывізіі, у 2002 была расфарміравана, – а шэўрон застаўся! Дарэчы, у калекцыі цэлы шэраг сімвалаў ужо не існуючых фарміраванняў, якія захоўваюць памяць пра іх. “Вось гэта шэўрон брыгады, што калісьці размяшчалася ў Межыцы на Лепельшчыне, – расказвае Л.Шахноўскі. – А знак Федэральнага агенцтва ўрадавай сувязі і інфармацыі пры Прэзідэнце Расіійскай Федэрацыі ілюструе гістарычны казус: названы орган быў створаны ў 1991-м Барысам Ельцыным, а праз 12 год новы кіраўнік дзяржавы Уладзімір Пуцін палічыў яго непатрэбным і загадаў расфарміраваць”.

Ёсць у калекцыі і экспанаты, якія выклікаюць усмешку: напрыклад, аптымістычныя дэмбельскія шэўроны ці знакі “канапавых войскаў”. Армейскі гумар хоць і лічыцца своеасаблівым (паводле таго ж фальклору, “разумныя ідуць у звальненне, а вясёлыя – на гаўптвахту”), але, несумненна, расквечвае няпростыя вайсковыя будні. Ці ведалі вы, напрыклад, што верталёты – гэта душы памерлых танкаў? А што ў адказ на слоган ваенных лётчыкаў: “Мы – ребята ВВС, мы летаем до небес!” іх калегі прыдумалі свой: “А мы – ребята ПВО, существуем для того, чтоб ребята ВВС не летали до небес!»

Віртуальнае падарожжа па армейскіх старонках, якое работнікі бібліятэкі Галіна Пятроўна Талстая, Яўген Уладзіміравіч Шыдлоўскі і настаўнік Вера Васільеўна Спірчонак дапамаглі аздобіць цікавымі віктарынамі і конкурсамі, спадабалася школьнікам. А галоўнае, надало прыцягальнасці вобразу вайсковай службы, з якой у хуткім часе сутыкнуцца многія з іх.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

  • “Шэўрон – гэта не проста лапік матэрыялу з вышытымі надпісамі і сімваламі, а міні-біяграфія пэўнага падраздзялення, са службай у якім звязаны лёсы шэрагу людзей”, – адзначае Л.Шахноўскі.
  • Шэўроны з’явіліся ў Старажытным Кітаі для пазначэння рангаў чыноўнікаў. Ваенныя змясцілі іх на сваю форму ў Старажытным Рыме. А само гэтае слова французскага паходжання, і азначае яно “драўляныя козлы” – эмблемы на адзенні тагачасных афіцэраў былі х-падобнай формы і нагадвалі названае прыстасаванне.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *