Несмотря на капризную погоду, ярмарка в Ушачах собрала немало продавцов и покупателей

Общество

Кірмаш на цэнтральнай плошчы гарпасёлка, нягледзячы на дастаткова капрызнае надвор’е – з мокрым снегам і пранізлівым ветрам, сабраў у мінулую суботу нямала гандляроў і пакупнікоў. Торбы і цэлыя мяхі развозілі на машынах і веласіпедах, цягнулі ў руках і на плячах – наколькі дазвалялі магчымасці кашалькоў і фізічныя сілы.

“Хітом” продажу прадказальна стала бульба: не за гарамі сезон пасадкі – і многія пажадалі набыць якасны насенны матэрыял. Машыны з гэтым таварам ушачане падпільноўвалі з васьмі гадзін (старт кірмашу быў аб’яўлены на 9), а каб не пралічыцца з выбарам, падоўгу вывучалі асартымент. “Люблю эксперыментаваць на ўчастку, вось і зараз шукаю што-небудзь новенькае, – падзяліўся з намі ўшачанін Мікалай Фядосенка. – Аддаў перавагу кропцы лепельскага фермера, дзе прадстаўлена ажно сем ранніх гатункаў бульбы: “Ювель”, “Гала”, “Вега”, “Мадэйра” і іншыя па 10 рублёў за сетку. На кірмашы ва Ушачах, наколькі мне стала вядома, мужчына ўпершыню, аднак яго цікавыя падказкі па ўмовах вырошчвання агародніны выклікалі давер”. “А “Каралева Ганна” яшчэ ёсць?” – перыядычна чулася з іншага боку. Менавіта гэты гатунак бульбы, прывезены фермерам з Брэста, аказаўся сёлета ў ліку папулярных ва ўшачан.

Бойка ішоў гандаль і ля кропак сельгаспрадпрыемстваў. Шырокі асартымент прадукцыі – насенны ячмень (20 рублёў за мяшок), фуражную пшаніцу (20 рублёў за 50 кг), насенне траў і зернебабовых – прапаноўвала пакупнікам ААТ “Агра-Селішча”. На “ўра” разыходзіўся фуражны ячмень па 15 рублёў за 40-кілаграмовы мех у “Маяка-Ушацкага”, дарэчы, актыўна заказвалі ўшачане тут і арганіку. “Трымаем немалую гаспадарку, таму без зерня не абысціся, – расказалі Алена і Сяргей Каваленкі. – Набылі сёння пяць мяхоў – цяпер пра корм для каровы, курэй, іншай жыўнасці можна не хвалявацца”. Непадалёк чакаў новых гаспадароў і жывы тавар – бычкі.

У вялікім асартыменце былі прадстаўлены мясныя і кандытарскія вырабы, рыба, агародніна, насенне і іншае ў палатках Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства, які таксама прапаноўваў пакупнікам прысесці за столікі, адпачыць. Папулярнасцю карысталася і паслуга дастаўкі набытых тавараў дамоў, прычым, не толькі па гарпасёлку, але і за яго межы.

Прываблівалі пакупнікоў раён газазабеспячэння – з грунтам, лясгас – з лазневымі і гаспадарчымі венікамі, туямі, мёдам. Танную садавіну і агародніну, сыры, іншыя харчовыя тавары прапаноўвалі прыватнікі. Беларускі каларыт кірмашу традыцыйна надавала кропка Дома рамёстваў, якая вабіла золатам саламяных сувеніраў, пярэстымі фарбамі вырабаў ручной работы. Святочнага ж настрою ушачанам, гасцям райцэнтра дадала канцэртная праграма, наладжаная работнікамі культуры.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



1 комментарий по теме “Несмотря на капризную погоду, ярмарка в Ушачах собрала немало продавцов и покупателей

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *