Статус районного, но масштаб — республиканский. Субботник на Ушаччине прошёл особенно продуктивно

Общество

Хоць суботнік, што 10 красавіка распачынаў перыяд паўсюднага навядзення парадку, меў статус раённага, па маштабнасці спраў аказаўся падобны на рэспубліканскі. Убіраліся пасля зімы тэрыторыі ля кожнага прадпрыемства, па ўсіх сельсаветах і гарпасёлку былі вызначаны месцы агульнага карыстання, на якіх вялікі аб’ём работ выконвалі аб’яднаныя брыгады з прадстаўнікоў розных прадпрыемстваў.

Самай масавай кропкай аказаліся каталіцкія могілкі па вуліцы Петруся Броўкі. Пра тое, што там вядуцца работы, густы дым падказваў яшчэ з цэнтра Ушач. Ну а завярнуўшы за касцёл, проста не пазнала мясцовасці. Ад векавых дрэў і зарасніку хмызняку засталіся толькі рэдкія дуплаватыя пні ды суцэльныя “вожыкі” ад абрэзаных кустоў. Усё гэта супрацоўнікі камунгаса спілілі ў канцы восені, а вось падчас суботніка 48 чалавек зносілі галіны, лісце, смецце і грузілі ў прычэп трактара ці палілі на месцы. Вогнішчы палалі па ўсёй тэрыторыі могілак, якія, падстрыжаныя амаль пад нуль, візуальна здаваліся намнога большымі па памеры. На кожным метры працавалі прадстаўнікі фінансавага аддзела, упраўленняў капітальнага будаўніцтва, па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, дзіцячых садоў, бальніцы, камунгаса. Апошнія дэлегацыі – найбольш вялікія, ну а самыя моцныя – маладыя хлопцы з аддзела па надзвычайных сітуацыях без адпачынку грузілі мяхі са смеццем на трактар з высокімі бартамі. Яны зусім нядаўна прыйшлі ў аддзел, гэта іх першы суботнік, і працавалі на сумленне, не шкадуючы сябе, як, дарэчы, і літаральна ўсе без перапынкаў да гадзіны дня.

Работы на могілках распачалі па просьбе каталіцкай парафіі, якая распрацавала праект і мяркуе стварыць там “другі Мосар” – на малюнку будучая тэрыторыя выглядае вельмі прыгожа. Пакуль што гэта даўняе месца пахавання з разбуранымі скляпамі, што бачылі нападзенне не аднаго вандала, ляжачымі помнікамі, глядзіцца жаласна. Тут давядзецца правесці яшчэ не адзін суботнік, каб апрацаваць гліфасатамі парасткі кустоў, ліквідаваць пні, выраўняць рэльеф і толькі потым садзіць нешта новае.

Практычна такімі ж работамі зай­маліся і супрацоўнікі фізкультурна-аздараўленчага комплексу, якім на выдаленне парасткаў хмызняку ў дапамогу прыйшлі з кустарэзамі работнікі ДРБУ-105, камунгаса і лясгаса. Сваімі сіламі наводзіўся парадак ля штучных вадаёмаў, каналаў і непасрэдна вакол тэрыторыі комплексу.

Супрацоўнікі цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый працавалі на тэрыторыі лагера “Турасполле”. На мемарыяльным комплексе “Прарыў” рыхтаваў пад афарбоўку тэхніку і ачышчаў пліты дэсант у складзе ажно трыццаці чалавек з аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Тэхніка і будаўнікі ПМК-66 наводзілі парадак ля гаражнага кааператыва, а калектыў Ушацкай сярэдняй школы – уздоўж агароджы ля стадыёна. Нават калі не пазначаліся астатнія арганізацыі ў план мерапрыемстваў, тым не менш працавалі вакол сваіх будынкаў у суботу ці напярэдадні. Ды і амаль ля кожнага дома райцэнтра можна было ўбачыць людзей з граблямі, рыдлёўкамі і венікамі. Сонца падсушыла зямлю, і красавік для ўсіх гаспадароў становіцца месячнікам па добраўпарадкаванні.

Вольга КАРАЛЕНКА.



1 комментарий по теме “Статус районного, но масштаб — республиканский. Субботник на Ушаччине прошёл особенно продуктивно

  1. А ці можна падрабязьней пра «другі Мосар»? Бо пакуль што бачу толькі спілаваныя векавыя дрэвы і абрэзанае кустоў’е. Дарэчы, абрэзанае гэтак, што зайсьці на тэрыторыю былых млгілак практычна немагчыма 🙁

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *