Посевная кампания в ОАО «Ильюшинский» идёт полным ходом

Сельское хозяйство

На леташняй пасяўной кампаніі Анатоль Віктаравіч Усовік (на здымку) з ААТ “Ільюшынскі”стаў абсалютным рэкардсменам у раёне, засеяўшы больш за 1200 гектараў. Не злічыць, колькі за прафесійную дзейнасць ён назбіраў у сваю капілку падобных перамог, не кажучы пра граматы ад раённага да рэспубліканскага ўзроўняў, якія захоўваюцца ў сямейным альбоме. Але не дзеля лаўраў пераможцы і прэмій мужчына рупліва штогод шчыруе на ўсіх відах сельгасработ. Такі ў яго характар – працаваць, каб не было сорамна за зробленае. Ён дастойна прадаўжае справу свайго бацькі, які ўсё жыццё расціў хлеб. І накіроўваючыся днямі на палеткі прыгаданай гаспадаркі, і сумнення не было, што ў чарговы раз застану за сяўбой аднаго з самых старанных механізатараў раёна.

“Ільюшынскі” першым у раёне распачаў сяўбу яравых: зярняткі аўса ляглі ў глебу якраз за шасціметровым пасяўным агрэгатам А.В.Усовіка. Ужо традыцыйна стартуе сяўба ў таварыстве з палеткаў ля вёскі Бараўцы – калі на многія землі яшчэ складана заехаць, тут тэхніка на пясчаную глебу лёгка заходзіць. Запланаваныя на вясну аб’ёмы ў гаспадаркі немалыя – пад сяўбу зерневых і зернебабовых адве­дзена больш за паўтары тысячы гектараў. Адолець такія плошчы, пры тым што восенню быў узняты невялікі працэнт ворыва, і ўкласціся ў аптымальныя тэрміны няпроста, таму аграрыі стараюцца не губляць ніводнай спрыяльнай хвіліны.

“Летась намнога раней на палі выязджалі, у гэтым годзе позняя вясна з капрызным надвор’ем не дае разагнацца. Работы, канечне, шмат, але ўсё ж настрой баявы, спадзяёмся, што сёлета вырасце добры ўраджай, – спыніўшы тэхніку, зазначае яшчэ адзін вядомы ў раёне перадавік Уладзімір Уладзіміравіч Лёля (на здымку), які ў Бараўцах запраўляў насеннем пасяўны агрэгат. Зрэшты, разам з А.Усовікам яны ўлетку традыцыйна перасядуць на камбайны, каб убраць тое, што пасеялі.

Уключыўся днямі ў работу пасля рамонту і яшчэ адзін пасяўны агрэгат. Аляксандр Селезень ва ўсю абкатвае новага Беларуса-3522, які гаспадарка атрымала напрыканцы 2020-га ў якасці падарунка ад Мінскага трактарнага завода ва ўрачыстай абстаноўцы ў сталіцы. Энерганасычаным трактарам механізатар задаволены. Навічок вызначаецца высокай праходнасцю і лічыцца адной з самых магутных сельгасмашын, што вырабляюцца МТЗ. Новая адзінка аказалася вельмі дарэчы мясцовам аграрыям.

Фронт жа работы для сеялак рыхтуюць не менш старанныя працаўнікі. Напрыклад, на ўзворванні глебы заняты Дзмітрый Бурак, а на падрыхтоўцы шчыруюць Аляксандр Майсеенка і Міхаіл Рэут, на дапамогу ім прыйшла і яшчэ адна адзінка тэхнікі з Полацкага КХП. А вось Анатоль Спірыдзёнак традыцыйна “лётае” па палетках на “Дзвіне” – на ўнясенні мінеральных угнаенняў ён упэўнена замацаваўся ў ліку лідараў у раёне, апрацаваўшы ўжо каля 800 гектараў.

У гаспадарцы ствараюць максімальныя ўмовы, каб не адцягваць увагу сейбітаў ад працы. Абеды падвозяцца прама на поле, гатуюць жа іх для аграрыяў кааператары – адпаведны дагавор заключаны з Ушацкім філіялам аблспажыўтаварыства.

Справіўшыся на ільюшынскіх палетках, тэхніка адправіцца на старасельскія землі. Працуюць на будучы ўраджай не толькі прыгаданыя механізатары, а і многія іншыя “байцы нябачнага фронту” – аператыўна выпраўляюцца паломкі тэхнікі, падвозіцца паліва, вырашаюць шматлікія арганізацыйныя пытанні спецыялісты.

Зразумела, не адной пасяўной зараз жывуць працаўнікі сельгаспрадпрыемства. Многія іншыя віды работ выконваюцца на пашах, фермах, але сяўба – кампанія стратэгічная – закладаецца аснова новага ўраджаю.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *