Ученики Ушачской ДШИ демонстрировали свои таланты на эмоциональном и красочном концерте

Культура

Утульная зала дзіцячай школы мастацтваў стала за гэты год для ўшачан адной з любімых канцэртных пляцовак: прыгожы інтэр’ер, якасныя святло і гук прывабліваюць арганізатараў і гледачоў, а пераважная большасць навучэнцаў установы ўжо прадэманстравала на новай сцэне свае таленты.

В.Булаўка, К.Хамёнак.

Яшчэ больш такіх юных артыстаў стала пасля справаздачнага канцэрта, якім парадавалі ўшачан напрыканцы навучальнага года вучні і настаўнікі аддзялення народных інструментаў.
Для Дашы Броўкі, якая першы год асвойвае балалайку, гэта быў асаблівы момант: дэбют на сцэне супаў з днём яе нараджэння. І дзяўчынка ўпэўнена выканала п’есу, зрабіўшы падарунак і сабе, і педагогу Галіне Уладзіміраўне Хвошч, і сваім родным, якія хваляваліся ў зале намнога больш, чым сама імянінніца. Так што ў яе старэйшага брата Аляксея – сёлетняга выпускніка, які на гэтым жа інструменце ўзяў прызы некалькіх конкурсаў, з’явілася дастойная змена!

Д.Броўка і канцэртмайстар С.Валова.

Ужо не першы раз даводзіцца назіраць за дуэтам баяністаў у складзе Глеба Кісяля і Ільі Крахоткі – хлопчыкі растуць і ў тэхнічным, і ў артыстычным плане. Упэўнена выглядалі на сцэне юны балалаечнік Равіль Карпіняну, баяніст Іван Чумакоў і акардыяністка Вера Булаўка, цымбалістка Марыя Дуброўская і гітарыст Герман Седзін. Горача вітала сямейная група падтрымкі кожны выхад абаяльнай дамрысткі Ксюшы Хамёнак. А калі Мікіта Крыжэўскі зайграў на цымбалах знакаміты “Чардаш”, цяжка было ўтрымацца ў крэсле і не пусціцца ў пляс. Паспачувалі гледачы няўдаламу спатканню, пра якое распавялі дамрысты Паліна Шараева і Акім Дзямешка. А апошні таксама ўдала выканаў ролю вядучага ў дуэце з загадчыкам аддзялення Ірынай Васільеўнай Коршун.

Г.Седзін.

Упрыгожылі праграму квартэт цымбалістаў, нумары педагогаў установы, а апафеозам традыцыйна стала выступленне Узорнага аркестра народных інструментаў, якім кіруе Маргарыта Андрэеўна Грынберг. А што яшчэ запомнілася і спадабалася – гэта мноства кветак: іх за свае выступленні атрымалі ўсе ўдзельнікі цудоўнага і яркага музычнага свята. Нам жа, гледачам, застаецца падзякаваць ім за прыемныя эмоцыі і чакаць новых канцэртаў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *