“Дрэнна, што тут паблізу ніводнага рапсавага поля няма”, – выказала шкадаванне Аляксею Барысаву, ведаючы яго захапленне развядзеннем пчол. “Якраз гэта і выдатна: шукаў месца з некранутай прыродай, каб пчолы збіралі чысты нектар з таго, што цвіце навокал, і наогул развіваліся ў натуральным для сябе асяроддзі”, – патлумачыў масквіч, член асацыяцыі прыроднага пчалярства і дадаў, што Астраўляны ідэальна для гэтага падыходзяць.
Участак сядзібы ў канцы вёскі прымыкае да бярозавага гаю, за якім пачынаецца хваёвы лес, ды і навокал па вуліцы растуць выдатныя меданосы – векавыя ліпы, на якіх можна ўбачыць пасівелыя ад часу драўляныя калоды. “Гэта толькі пацвярджала, што бортніцтвам мясцовае насельніцтва займалася здаўна, я таксама адшукаў калоду, ды і навучыўся майстраваць іх сам”, – Аляксей Яўгенавіч паказвае новенькія круглыя сасновыя “бочачкі”, больш кампактныя за тую, што знайшоў у наваколлі і прымацаваў на лазні. А потым праводзіць у бярозавы лясок да звычайных вулляў. Так, ён, безумоўна, даглядае іх, аднак з мінімальным умяшаннем у жыццё насякомых. Напрыклад, не закладае на зіму сродкі абароны ад кляшчоў, ніколі не падкормлівае цукровым сіропам, пакідаючы неабходную колькасць мёду. Яго здабыча для А.Барысава, як і іншых аднадумцаў – зусім не самамэта.
“Штогод чуем, што сем’і загінулі ад шкоднікаў, холаду ці па іншых прычынах, а пчала аслабла якраз з-за чалавека: прывозу імпартных відаў, стварэння меданосных гібрыдаў, якія пераапыляюць і прыводзяць да выраджэння “абарыгенаў”. А наша руская пчала ўмее абараняцца, выбіраць сабе жыллё, самастойна ствараць соты і абагравацца. Мы за натуральны адбор – слабейшыя загінуць, а моцныя дадуць годнае патомства, хаця за генетыкай сачыць усё роўна трэба, магчыма ж і непажаданае “пераапыленне”, таму ў Астраўлянах адкрыю нават маленькую лабараторыю, у якой буду правяраць “радаслоўную”.

Сваю ж расіянін ведае выдатна. Карані яго з Разаншчыны, адзін дзед служыў у маёнтку Ясеніных, з якімі сям’я сябравала і пасля смерці вядомага паэта. Другі працаваў намеснікам міністра сельскай гаспадаркі Расіі, быў навукоўцам і займаўся племянной жывёлагадоўляй. Пад яго крылом прайшло ўсё дзяцінства хлопца, і менавіта яго ўплывам Аляксей Яўгенавіч тлумачыць сваю цягу да пчалярства, хоць усё жыццё прысвяціў энергетыцы. У Беларусі ж ён аказаўся дзякуючы Мікалаю Тысевічу. Наш зямляк, які таксама пакінуў сталіцу Расіі, з дзясятак год жыве ў вёсцы Калужчына, трымае падсобную гаспадарку, і падшукаў для знаёмага гэты зацішны куток.
Галоўная мэта прыроднага пчалярства – гэта захаванне і размнажэнне адзінага карэннага для Еўропы віду – цёмнай лясной пчалы, якую яшчэ называюць сярэднярускай ці сярэднееўрапейскай, а ў Беларусі – палескай. У міжнародную асацыяцыю ўваходзяць прадстаўнікі ўсіх еўрапейскіх краін.
А нядаўна ў Астраўлянах з’явілася яшчэ адна маскоўская сям’я, якой Аляксей Яўгенавіч дапамагае абжывацца. Яму самому з жыллём пашчасціла, набыў год таму ў былых фермераў, якія зрабілі тут рамонт, акультурылі тэрыторыю. У светлым пакоі з рускай печчу ён сабраў старадаўнія самавары і іншыя рэчы. Часта грэецца і ў лазні, якую топіць не толькі па суботах, а па патрэбе душы. Гаспадаром тут адчувае сябе і яго сын Яўген. Абаяльны малады чалавек спецыяльна экстэрнам здаваў залікі ў маскоўскім універсітэце, каб хутчэй прыехаць да бацькі. Яму таксама даспадобы жыццё на прыродзе, а ў будучым айцішнік, магчыма, зможа працаваць і “на ўдалёнцы”. Цяпер жа дапамагае бацьку, таксама вывучае пчол, развядзенне якіх старэйшы Барысаў актыўна прапагандуе мясцоваму насельніцтву. “На мяне ўжо выйшлі ўладальнікі адной з ушацкіх аграсядзіб, ну а з пчалярамі Хамёнкамі пазнаёміліся дзякуючы святлодыёднай пчолцы: я выбіраў гірлянду ў выглядзе гэтага мілага насякомага, а ў Алесі, зразумела, такая ж! Мяркую, аднадумцаў сярод ушачан з’явіцца намнога больш”.

Камунікабельны масквіч хутка завязаў сяброўскія адносіны. Вуллі ў Астраўлянах сапраўды стаяць праз дом і не канкурыруюць. Пагрозай для іх можа быць хіба што касалапы, сляды якога А.Барысаў бачыў на снезе гэтай зімой. Так, ён перабраўся на Ушаччыну не ў якасці сезоннага, а пастаяннага жыхара.
Вольга Караленка.

