Аллея памяти, новый асфальт, благоустройство. Вести из сельсоветов Ушачского района

Общество

Глыбачанскі

Алея памяці ў Глыбачцы з’явілася яшчэ ў 2023 годзе, калі ў аграгарадку праходзілі раённыя “Дажынкі”: абапал дарожкі пасаджаны клёны, а навокал закладзены ліпавы парк. Крыху пазней там з’явілася карта з указаннем спаленых вёсак, звесткі аб якіх адшукала настаўніца Таіса Церашкавец. Бялошы, Гліннікі, Кіслы, Кісялі, Асінаўка, Стараселле – 22 чэрвеня падчас мітынгу ўрачыста адкрыта алея спаленых вёсак, і кожнаму прахожаму па ёй шыльды раскажуць аб колькасці жыхароў і аб трагічнай даце карнай аперацыі. Спонсарскую дапамогу ў вырабе таблічак і новай карты аказаў прадпрымальнік з Сенненшчыны, ураджэнец аграгарадка Сяргей Лемешаў.

Вялікадолецкі

Новы асфальт да Царкавішча
Супрацоўнікі ДРБУ-105 зараз кладуць асфальт на шашы “Вялікія Дольцы-Пышна”, новае палатно атрымае ўчастак працягласцю крыху больш трох кіламетраў ад аграгарадка да вёскі Царкавішча і па ёй. Менавіта ад мясцовых жыхароў паступала шмат зваротаў наконт выбоін у палатне.

Азеляненне аграгарадка
Яшчэ некалькі грамадскіх месцаў засаджана вясной у Вялікіх Дольцах. Пад сотню елачак укараняецца на былым пустыры ля грамадскай крынічкі, а ў цэнтры аграгарадка – 20 дэкаратыўных кустоў. Саджанцы на гэтыя мэты і кветкі на новую клумбу набыты сельвыканкамам за спонсарскую дапамогу і ўласныя сродкі.

Вяркудскі

Свята вёскі

Не надта масава, затое вельмі душэўна прайшло свята вёскі Баброва. Прысутнічалі на ім старэйшыя жыхары Марыя Пятроўна Кірпічонак і Марыя Мікалаеўна Аніскевіч, якім вельмі спадабалася праграма, падрыхтаваная работнікамі Вяркудскага СДК. А вось сам сельскі Дом культуры, паколькі з’яўляецца пляцоўкай Віцебскай абласной філармоніі, напярэдадні сустракаў гасцей з гарпасёлка. Народны калектыў хора ветэранаў выступіў перад жыхарамі аграгарадка з праграмай, прысвечанай 85-й гадавіне пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Ушацкі

Выходзяць талакой
Вёска Матырына – адна з тых, дзе добраўпарадкаваннем займаюцца пастаянна, і не толькі на ўласных падворках. Каб і агульная тэрыторыя не саступала дагледжаным сядзібам, на суботнік з трымерамі выйшлі жыхары вуліцы Садовай Фёдар Раманавіч Рудзёнак, Уладзімір Ягоравіч Хамёнак, Мікалай Мітрафанавіч Кірпічонак, а таксама Аляксандр Холад. Хоць апошні наведвае вёску ў якасці дачніка, аднак не забываецца пра малую радзіму, падтрымлівае ў парадку бацькоўскі дом і ніколі не адмаўляе ў дапамозе.

Кубліцкі

Сем пустуючых дамоў
прададзены нядаўна за адну базавую велічыню: тры – у аграгарадку, два – у Бычках, па адным – у Астапаўшчыне і Лісічыне. Хоць папярэдне праведзена вялікая работа па пошуку спадчыннікаў і правядзенні адпаведных працэдур, старшыня сельвыканкама М.Ярмош лічыць яе эфектыўнай – з 10 аформленых дакументальна прададзены літаральна ўсе. Прычым з сямі новых гаспадароў толькі трое маюць мясцовыя карані, астатнія знаходзілі інфармацыю ў базе даных пустуючых дамоў.

Падрыхтавала Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *