Ушачская минералка «Вечелье» по-прежнему востребована!

Общество

В.Сабін.

“У нас з’явіўся свой апарат па выдзіманні пяцілітровых бутэлек!” –такой навіной сустрэла нас майстар цэха безалкагольных напіткаў Таццяна Сямёнаўна Шылёнак, і гэтыя словы аказаліся адказам на тое, наколькі зацікаўлена ў выпуску ўшацкай мінеральнай вады і напіткаў Віцебскае аблспажыўтаварыства.

Пацвердзіла гэта і начальнік Ушацкага ўчастка Верхнядзвінскага філіяла Г.У.Хамёнак: “Мы адзіныя ў сістэме, хто мае лінію па разліве, таму “Вечалле” – не толькі раённы брэнд, але і кааператараў усёй вобласці. І перад пачаткам чарговага сезона перад намі пастаўлена задача захаваць леташнія аб’ёмы”.

Практычна ўсіх работнікаў цэха мы сустрэлі на лініі. Канвеер на некалькі хвілін спыніўся – майстар замяніла на апараце новую стужку ідэнтыфікатараў. Гэта, дарэчы, яшчэ адна навіна. Сваю маркіроўку цяпер мае кожная партыя, па якой можна прасачыць і змену, і састаў. А этыкеткі ранейшыя – брэнд жа пазнаюць па іх. Што датычыцца асартыменту, то ён цалкам падпарадкаваны густам пакупнікоў. “Разліваем 9 відаў самых запатрабаваных напіткаў, такіх, напрыклад, як “Крэм-сода”, “Тархун”, “Залаты ключык”, “Кола”. Адмовіліся ад энергетыкаў і вады з водарамі – яны рэалізуюцца слабей, а любая змена прадукцыі – па саставе ці тары – гэта перанастройка лініі і, зразумела, страта дарагога часу, – тлумачыць Ганна Уладзіміраўна, якая за працэсам у рэальным часе сочыць са свайго кабінета. – А што датычыцца пітной вады, то яе пачалі купляць нават вяскоўцы – бутылізаваную возяць зараз усе аўтакрамы”.

 

Менавіта для гэтай прадукцыі ў цэху ўстаноўлены новы апарат па выдзіманні. Раней 5-літровыя бутлі куплялі, спецыяльна за імі пускалі транспарт, у якім аб’ёмная тара займала шмат месца. Цяпер набываюць толькі кампактныя прэформы – пад 0,5, 1, 1,5 ці 5-літровую бутэльку. І хоць працэс цалкам аўтаматызаваны, сачыць за ім трэба пастаянна, што і робіць машыніст выдзімальных машын Уладзімір Анатольевіч Мынчынскі. “Прэформы спачатку награваюцца, а тэмпературу я падымаю да 85 градусаў ці памяншаю. Бачыце, бутэлькі з забеленым дном – гэта брак, які ўзнікае пры змене шчыльнасці пластыку”.

Паколькі канвеер рухаецца бесперапынна, купажыст Аксана Фёдараўна Бондал і аператар лініі Наталля Рыгораўна Ціханёнак таксама ў пастаянным руху. Не зусім шчыльна закруцілася накрыўка, затармазіла бутэлька ці няроўна лягла наклейка – гэтыя хібы выпраўляюцца ўручную. Жанчыны вельмі пільна сочаць за “каруселлю” і ў пастаянным руху, хоць пры разліве напіткаў і не самая вялікая хуткасць. На выпуску мінеральнай вады, якая менш пеніцца, яна яшчэ больш.

Лінія працуе з 2011 года – непаладкі непазбежныя, а таму незаменным работнікам застаецца наладчык Віталь Дзмітрыевіч Сабін. Раней пры паломках на дапамогу яму прыходзілі інжынер ці механік філіяла, цяпер ён спраўляецца адзін. За столькі год працы дасканала вывучыў механізмы літаральна ўсіх аперацый лініі, хоць ад падачы прэформ да “апранання” ў поліэтылен упаковак задзейнічаны дзясяткі механізмаў.

Не толькі за шчыльнасцю вады, якасцю кожнай партыі сіропу, а нават напаўняльнасцю сочыць лабарант і адначасова інжынер па якасці Галіна Сцяпанаўна Шайтар. Не паменела работы і ў аператара Андрэя Міхайлавіча Жалейкі: гатовая прадукцыя выстаўляецца па відах у некалькі ярусаў, каб потым зручней адгружаць.

Што датычыцца заказчыкаў, то асноўнымі так і застаюцца філіялы спажыўкааперацыі.
“Не працуе фірма, якая пастаўляла наш тавар па ўсёй сістэме краіны, таму выходзім напрамую на філіялы з іншых абласцей, асабліва актыўна працуем з Мінскай. Размяшчаем прэйскуранты, рэкламуем прадукцыю праз сацыяльныя сеткі, а паколькі яна па-ранейшаму адна з самых танных – знаходзяцца і новыя заказчыкі, – расказвае Г.У.Хамёнак. – Сёлета да іх далучыўся Міёрскі мясакамбінат, у якога сетка сваіх магазінаў, фірма “Аліса-плюс”, Полацкі і Смаленскі рынкі. Як і раней, “Вечалле”, напіткі і вада прадаюцца ва ўсіх магазінах сістэмы па Віцебскай вобласці”.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *