В усадьбе «Дольче Вита» прошёл семинар для владельцев агроэкоусадеб Ушачского района

Общество

Галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму В.Рубанік гутарыць з гаспадарамі аграэкасядзіб Т.Лапіцкай, А.Барэйка, А.Собалем, Д.Гурыным.

Усім вядома, які багаты прыродны патэнцыял мае Ушаччына, і нядзіўна, што тут паспяхова дзейнічае шэраг аграэкасядзіб. Зараз іх дзесяць, і гэтая лічба дазваляе нам уваходзіць у першую пяцёрку раёнаў вобласці, дзе плённа развіваецца гэты турыстычны напрамак.

У нашай дзясятцы ёсць сапраўдныя старажылы – “Мікалаеўскі пасад” і “Апельсін”, якія стаялі ў вытокаў развіцця аграэкатурызму не толькі ў раёне, а і ў краіне. Бадай, самым медыйным ушацкім аб’ектам з’яўляецца “Марусіна хата” – удзельнік шматлікіх турыстычных выстаў і тэлепраектаў. А “Дольчэ Віта”, якая адкрылася ў Корсакаве толькі тры гады таму, за гэты час паспела так удасканаліцца, што стала пераможцам сёлетняга раённага конкурсу на лепшую аграэкасядзібу.

Днямі яе гаспадары Андрэй і Святлана Барэйкі прымалі ў сябе гасцей, якія прыехалі не адпачываць, а набываць карысныя веды і дзяліцца вопытам. Менавіта на базе гэтага аб’екта прадстаўнікі сектара спорту і турызму райвыканкама і турцэнтра Ушацкага раёна вырашылі правесці семінар для ўладальнікаў аграэкасядзіб.

Ва ўтульнай “тавэрне” з камінам і размова атрымалася па-сяброўску цёплай і канструктыўнай. Дарэчы, неаднойчы прыкмячала, што ў гаспадароў ушацкіх сядзіб няма “нездаровай” канкурэнцыі. Яны нязменна цікавяцца, як ідуць справы ў калег, а некаторыя нават рэкламуюць паслугі адзін аднаго. Прыемна было назіраць, як дружным дуэтам прыбылі на мерапрыемства Ірына Навагродская і Таццяна Лапіцкая. “А чаму б нам не сябраваць? У нашым Белым месца для ўсіх хопіць: “Рыбакова хата” – для аматараў бюджэтнага адпачынку, “Бераг мары” – для рэспектабельных прыхільнікаў гарадскога камфорту. А тое, што ў вёсцы два аб’екты – толькі спрыяе іх папулярызацыі ў турыстаў”, – патлумачылі жанчыны.
Яны, як і іншыя ўдзельнікі семінару, з інтарэсам слухалі спецыялістаў раённых службаў, якія прыехалі ў Корсакава, каб падзяліцца карыснай інфармацыяй і адказаць на пытанні. Для тых, хто яшчэ не дасягнуў пенсійнага ўзросту, актуальнай была тэма ўплаты ўзносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Начальнік Ушацкага раённага сектара ФСАН Вікторыя Уліновіч нагадала, што з мінулай восені для занятых у агратурыстычнай сферы гэта стала абавязковым патрабаваннем.

Зацікавіла прысутных і інфармацыя пра выгадныя крэдыты “Белаграпрамбанка” для суб’ектаў аграэкатурызму, якой падзялілася дырэктар ЦБП №237 г.п.Ушачы Дзіна Садоўская. Адкрыць крэдытную лінію на суму да 84 тысяч беларускіх рублёў для будаўніцтва і рэканструкцыі гасцявых дамоў і іншых патрэбных пабудоў, набыцця абсталявання, мэблі, інвентару, правядзення добраўпарадкавання фізічным асобам можна пад 5 працэнтаў з тэрмінам вяртання да 7 год. Ёсць і прывабны крэдыт на пакупку домакамплектаў.
Асабліва гэтая тэма зацікавіла Дзяніса Гурына, які толькі што зарэгістраваў сядзібу “Павульская гасціннасць” у аднайменнай вёсцы Вяркудскага сельсавета і збіраецца скарыстацца прапановай. На наша пытанне, чаму абраў для адкрыцця справы менавіта гэты населены пункт, жыхар сталіцы прызнаўся, што як заўзяты рыбак даўно прыкмеціў патэнцыял ушацкіх азёрных мясцін. Павулле ж зараз стала прывабнае і ў плане лагістыкі – сёлета заасфальтавалі дарогу да вёскі.

Самым агратурыстычным раёнам Віцебскай вобласці з’яўляецца Глыбоцкі, дзе 32 такія аб’екты і нават дзейнічае кластар “Вялесаў шлях”, які аб’ядноўвае пяць сядзіб і адну сялянска-фермерскаую гаспадарку. У першую тройку ўваходзяць таксама Пастаўскі і Віцебскі раёны (26 і 17 адпаведна).

Прысутнічаў на мерапрыемстве і яшчэ адзін навічок турыстычнай справы – Анатоль Собаль, які нядаўна адкрыў у вёсцы Салонец-1 аграэкасядзібу са свойскай назвай “У Міхалыча”.
Закраналася на сустрэчы і тэма правядзення оптавалакна ў вёскі, дзе размешчаны турыстычныя аб’екты. Спецыялісты Ушацкага ўчастка электрасувязі патлумачылі, што такія камунікацыі вядуць з папярэднім разлікам мэтазгоднасці, зараз на чарзе населеныя пункты, дзе 50-25 сядзіб. Сетка будзе павялічвацца, але на гэта патрэбны час.

Госці аглядаюць аграэкасядзібу.

Абмеркаваўшы дзелавыя пытанні, удзельнікі мерапрыемства атрымалі магчымасць ацаніць, наколькі падыходзіць сядзібе назва “Дольчэ Віта” (а перакладаецца яна “салодкае жыццё”). Госці з захапленнем агледзелі стыльна аформленыя пакоі, цудоўныя пейзажы, вялікую тэрыторыю з пляжам, прыгожым садам і пасекай, спартыўнымі пляцоўкамі. “Цяжка сабе ўявіць, колькі працы трэба ўкласці, каб трымаць усё гэта ў такім дагледжаным стане!” – адпускаў заслужаныя кампліменты ў адрас калег гаспадар “Апельсіна” Віктар Стэльмах. Я ж, бываючы тут, пастаянна здзіўляюся: здаецца, ужо столькі ўсяго Андрэй і Святлана для гасцей прыдумалі, але пастаянна дадаюць нешта яшчэ – у гэты раз, напрыклад, убачыла новы пакой адпачынку з бібліятэкай.

Развітанне таксама было цёплым: з пацісканнем рук, абменам нумарамі тэлефонаў – і спадзяваннем на новыя сустрэчы ў падобным фармаце.

Наталля БАГДАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *