«Летний патруль» проводит профилактические рейды в местах отдыха Ушаччины

Профилактика и безопасность

З пачаткам купальнага сезона штодня прыходзяць трагічныя весткі. На жаль, бяда не абмінула і наш раён. У панядзелак на возеры Вялікае Уклейна, што на тэрыторыі Кубліцкага сельсавета, патануў хлопчык 2009 года нараджэння, вучань Ушацкай школы. Разам з сябрам ён купаўся на вадаёме, адплыў прыкладна на тры метры ад берага і праз некаторы час знік пад вадой…

Як сябе паводзіць на вадзе, на мінулым тыдні на вадаёмах нагадваў ушачанам летні патруль – супрацоўнікі МНС сумесна з раённым таварыствам выратавання на водах, членамі маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных, актывістамі БРСМ штогод праводзяць такія прафілактычныя рэйды. Да аднаго з іх далучыліся і мы.

Спрыяльныя ўмовы для купання – бязветранае надвор’е, тэмпература паветра 25 і больш градусаў, а вады – не ніжэй 18. Нельга плаваць у стане ап’янення (зрэшты, большасць з 23 загінуўшых у краіне за мінулыя выхадныя былі якраз “падшафэ”), ныраць у незнаёмых месцах. Калі вас захапіла цячэннем, трэба плыць па ім, паступова пад вуглом набліжаючыся да берага. Калі трапілі ў вір, набярыце больш паветра ў лёгкія, пагрузіцеся ў ваду і, зрабіўшы моцны рывок убок, усплывайце. Надзіманыя матрацы і камеры можа аднесці ад берага. Нельга ныраць пад плыўцоў, “тапіць” іх, падаваць ілжывыя сігналы аб бедстве.

Калі вы бачыце, што чалавек тоне, клічце на дапамогу, тэлефануйце па нумарах 101, 112. Выратавальным сродкам можа стаць круг, матрац, дошка і іншае. Калі добра плаваеце – набліжайцеся да тонучага не спераду, каб у прыступе панікі ён не зацягнуў у ваду, а са спіны. Падхапіце яго пад рукі ці за валасы, перавярніце тварам уверх і плывіце да берага. Там, калі тапельцу дрэнна, пакладзіце яго на сагнутае калена жыватом (тварам уніз), так вада выйдзе з лёгкіх. Галава пры гэтым павінна быць ніжэй грудной клеткі. Перавярніце пацярпелага, пакладзіце на спіну, праверце пульс і дыханне. Калі іх няма – пачынайце рабіць штучнае дыханне і непрамы масаж сэрца.

“Усё гэта мы нагадваем адпачываючым, уручаем тэматычную наглядую прадукцыю. Мы заклікаем людзей не пакідаць дзяцей без нагляду, тлумачыць ім, як паводзіць сябе на вадзе, і самім выконваць правілы”, – адзначаюць інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Ушацкага РАНС К.Карзянок і старшыня раённага таварыства выратавання на водах Э.Верташонак. Праводзіць такія выезды патруль плануе да канца лета.

*  *  *

Усё лета ўшацкія выратавальнікі вядуць прафілактычную работу у рамках акцыі “Канікулы без дыму і агню”. Менавіта ў гэты час удвая ўзрастае колькасць надзвычайных здарэнняў з удзелам дзяцей. Сёлета ў краіне на пажарах загінула трое, нямала і выпадкаў, калі маленькія беларусы атрымліваюць траўмы, карыстаючыся электрапрыборамі, гуляючы ў кар’ерах і на будоўлях, тонуць на вадаёмах…

У чэрвені прайшло ўжо больш дзесяці мерапрыемстваў у лагерах, дзіцячых садах. Праз цікавыя віктарыны, конкурсы і гульні дзеці атрымалі шмат ведаў па пажарнай бяспецы і падарункі. А арэхаўскія школьнікі – яшчэ і мноства эмоцый: супрацоўнікі МНС выехалі ў аграгарадок, каб прадэманстраваць магчымасці сваёй тэхнікі, кожны змог пабыць у ролі пажарнага, выратаваць таварыша і патушыць умоўны пажар.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *