Кредит на развитие подсобного хозяйства

Калейдоскоп

Сёлета мы ўжо знаёмілі чытачоў газеты з умовамі атрымання льготнага крэдыту на развіццё асабістай падсобнай гаспадаркі. Хутка год, як дзейнічае Указ Прэзідэнта краіны №302, які накіраваны на тое, каб людзі, якія жадаюць працаваць на зямлі, змаглі набыць тэхніку, насенне, будаўнічыя матэрыялы, зарабляць і дзяліцца лішкамі. Ва ўпраўляючай аддзялення ААТ “Белаграпрамбанка” ў г.п.Ушачы Галіны Анатольеўны ЦІСКОВІЧ мы пацікавіліся, ці скарысталіся ўшачане гэтым крэдытам.

– На жаль, пакуль што не. Хоць былі людзі, якія цікавіліся, узважвалі свае магчымасці. Па Віцебскай вобласці наогул ільготным – 5-працэнтным крэдытам на развіццё падсобнай гаспадаркі скарысталіся пакуль што адзінкі, а вось на Брэстчыне, Гродзеншчыне, дзе многія жывуць з развядзення агуркоў, клубніц, ужо ацанілі з’явіўшуюся магчымасць.

– З чым звязана, на Вашу думку, нерашучасць ушачан?

– Перш за ўсё, думаю, неадпаведнасцю даходаў і цаной тавару, на які хацелі б скарыстаць крэдыт. Пераважная большасць, хто звярнуўся хоча набыць тэхніку. Каштуе яна нямала, вось і атрымліваецца, што даходы не адпавядаюць поўнаму кошту. Аднак, хачу парадаваць ушачан, што пры разліку сумы, якую вы можаце атрымаць, улічваецца не толькі зарплата, пенсіі ці заяўлены прыбытак прадпрымальнікаў, аднак і даходы, атрыманыя ад здачы сельскагаспадарчай прадукцыі, напрыклад, зерня, малака, мяса, калі яны пацверджаны дакументальна.

– Калі ў чалавека ёсць частка патрэбнай сумы, напрыклад, на трактар, ці можа ён атрымаць крэдыт не на поўную суму, а толькі на патрэбную частку?

– Так, хоць крэдыт выдаецца толькі ў безнаяўных грошах і тэхніка бярэцца ў залог, такая магчымасць ёсць. Толькі ў такім выпадку трэба на заводзе-вытворцы падпісаць дагавор залогу на крэдыт. Менавіта такім чынам зараз афармляецца крэдыт у суседнім Лепельскім раёне. Пры кошце трактара пад 50 мільёнаў, прыватнік бярэ толькі 32. Гэта таксама шанс скарыстацца крэдытам, калі даходы не дазваляюць разлічваць на поўную суму.

– Пенсіянер можа атрымаць крэдыт на развіццё асабістай падсобнай гаспадаркі?

– Так, а вось паручальнікамі, на жаль, пенсіянеры быць не могуць, як і асобы, якім да пенсіі засталося меней, чым тэрмін, на які выдаецца крэдыт..

– Нагадайце ўмовы атрымання крэдыту.

– Атрымальнікам можа быць той, на каго аформлены зямельны  участак, у сельскім Савеце трэба ўзяць даведку аб здачы сельгаспрадукцыі, таксама прадставіць даведку аб даходах. Патрэбны паручальнікі, калі сума крэдыту вялікая. Канкрэтна кожнаму, хто звернецца ў банк, нашы спецыялісты пралічаць магчымую суму крэдыту, падрабязна раскажуць пра ўсе умовы. Звяртайцеся ў крэдытны аддзел фізічных асоб або па нумары 2-24-44.

Гутарыла В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *