Ушачане 23 и 24 октября смогут сделать прививку от COVID-19 и гриппа на выездных пунктах

Здравоохранение

Зрабіць прышчэпку ад COVID-19 і грыпу ў гэтыя выхадныя – 23 і 24 кастрычніка – жыхары Ушаччыны змогуць па-за сценамі медустановы. Выязны пункт вакцынацыі (“пазнаць” яго будзе лёгка па машыне хуткай медыцынскай дапамогі) з 10 да 12 гадзін размесціцца на рынку гарпасёлка, а з 12 да 13 гадзін – на паркоўцы ля магазіна “Санта”.

Названыя кропкі для часовай дыслакацыі медыкаў выбраны невыпадкова: першая размешчана ў цэнтры Ушач, ля аўтастанцыі, другая – у густанаселеным мікрараёне вуліцы Віцебскай, царскага пасёлка. Вельмі многім людзям паралельна з іншымі справамі будзе зручна сюды завітаць і прышчапіцца. Мэтавая аўдыторыя – працаздольнае насельніцтва, моладзь, аднак чакаюць тут і прадстаўнікоў сталага ўзросту.

Як расказала намеснік галоўнага ўрача па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва райбальніцы Н.В.Дрозд, на пункце будуць задзейнічаны спецыялісты ўшацкай паліклінікі, адкуль вакцына “Спутнік V” паступае з захаваннем патрабаванняў тэмпературнага рэжыму. Для агляду пацыентаў і правядзення ін’екцый таксама прадугледжаны ўсе неабходныя санітарна-эпідэміялагічныя меры.

Працягваюць сваю работу на Ушаччыне і выязныя брыгады па вакцынацыі ад каранавіруснай інфекцыі, грыпу. Па папярэдняй заяўцы, якую можна пакінуць у рэгістратуры па нумары 5-21-57, яны абслугоўваюць на доме маламабільныя катэгорыі насельніцтва, а таксама прадпрыемствы і арганізацыі. Па словах галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача раёна П.А.Саўчанкі, скарысталіся такой магчымасцю нядаўна калектывы Ушацкай школы, цэнтральнай раённай аптэкі №65, паступілі заяўкі і з усіх гаспадарак (сумарна каля 50 чалавек).

Не зацягвайце з прышчэпкай! Слухайце ўрачоў, спецыялістаў, а не чуткі і меркаванні невукаў – сітуацыя складаная. Амаль кожны, хто не мае супрацьпаказанняў, павінен правакцынавацца – каб выратаваць жыцці землякоў, сваіх родных і ўласнае. Ніхто не ведае, для каго вірус акажацца мацнейшым за імунітэт – кожны, нават малады і дагэтуль цалкам здаровы, пад прыцэлам.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *