Натуральную и качественную продукцию ООО «Лес» поставляют по всей Беларуси

Экономика и малый бизнес

Калі начальнік цэха перапрацоўкі дароў лесу і сельгаспрадукцыі ТАА “Лес” Л.М.Аўдошка некалькі разоў не зняла трубку, я занепакоілася: мабыць не працуюць, ці хварэе спецыяліст. Але хутка пачула бадзёры голас Людмілы Мікалаеўны: “Выбачайце, занята была, машыну адпраўляла”. У гэтай фразе і заключалася асноўная інфармацыя: значыць, ягада перапрацоўваецца, а ўшацкія прыпасы разыходзяцца па адрасах заказчыкаў, якіх зараз больш 120.

Андрэй Арцюх, Жанна Мугака, Людміла Аўдошка, Наталля Барысевіч.

Ну а непасрэдна на тэрыторыі прадпрыемства пераканалася, што працуе не толькі цэх. Цэлы дэсант на чале з дырэктарам прадпрыемства І.М.Федарэнкам займаўся ўстаноўкай рассоўных варот. “У кабінетах не сядзім, – паведаміў Ігар Мікалаевіч. Ды і расказваў пра свае першыя крокі на новай пасадзе “на бягу” за кубкам безнадзейна астываючай кавы.

– Прыйшоў я год таму, калі поўнасцю абнавілася адміністрацыя прадпрыемства – разам з Ігарам Міхайлавічам Андрэевым пайшлі на заслужаны адпачынак вопытныя кадры. Так што спачатку разбіраўся ў эканоміцы, напрамках. Хацелася захаваць і дрэваапрацоўчы цэх, але ў цяперашніх умовах прадукцыя з дрэва для прыватнікаў атрымліваецца вельмі дарагой. Так што адбылося вымушанае скарачэнне штату, а асноўным, як і раней, застаецца журавінны цэх. Такая назва за ім захаваецца назаўсёды, паколькі з гэтай ягады робіцца асноўны прыпас, аднак мяркуем атрымаць дэкларацыі і на парэчкі, брусніцы. Тэхналогія для нашых работнікаў не новая, выпускалі і раней, а вось дакументацыя – патрэбна ўся з нуля. З’явіліся на тэрыторыі камеры відэаназірання – вартаўнікі ў нас яшчэ і качагары. Што датычыцца асноўнага абсталявання па выпуску прадукцыі, то яно не састарэла. А ў летнія некалькі тыдняў, калі не выпускалі прыпас, дадаткова яго перагледзелі”.

І.М.Федарэнка.

Каб пашырыць колькасць заказчыкаў, пачалі ўдзельнічаць і ў платных электронных таргах. Займаўся гэтым як сам дырэктар, так і Раман Долгі, які ў штаце прадпрыемства значыцца вадзіцелем. Менавіта ён у асноўным варажыў над механізмам рассоўных варот: каб абышліся танней, набылі толькі абсталяванне, а ўстанаўліваюць самі. “Час такі, усе павінны быць універсаламі, без справы ніхто не сядзіць. І новы бухгалтар Ірына Сяргееўна Маслюк адна на ўсе віды ўліку і справаздачы, нагрузка вялікая, але, малай­чына, спраўляецца – падкрэслівае Ігар Мікалаевіч. – У цэху хоць кожны аператар адказвае пераважна за канкрэтную работу, але здольны замяніць адзін аднаго ці ўзяць дадатковую нагрузку”.

Аператар Сяргей Кандрацкі.
Аператар Вераніка Бугай.

А вось і непасрэдна вытворчасць. Самае вялікае памяшканне цэха, як заўсёды, застаўлена слоікамі. Пераважна трох- і паўлітровымі. “Нашы асноўныя заказчыкі – дзіцячыя ўстановы – школы, садкі ці камбінаты школьнага харчавання – у некаторых гарадах ёсць і такія, з імі прасцей, таму што гэта адразу буйны аб’ём і адзін адрас дастаўкі, – расказвае Людміла Мікалаеўна Аўдошка. – Вось такія спажыўцы бяруць трохлітровыя, паколькі рыхтуюць ежу на вялікія аб’ёмы, як, напрыклад, Віцебскае ўпраўленне па адукацыі. Ну а калі гэта вясковы садок, то ім 3 літры зусім не трэба адкрываць, бо і з паўлітра прыпасу атрымліваецца 5 літраў морсу. Такіх заказчыкаў у нас таксама хапае, таму і аб’ёмы партый невялікія. Затое геаграфія нашых паставак – уся Беларусь. А каб не гнаць пустую машыну, хоць у залежнасці ад заказу задзейнічаем як МАЗ, так і “бусікі”, займаемся лагістыкай. Маршрут складаем так, што калі канчатковая кропка Гомель, то па шляху дастаўляем у Бабруйск, Жлобін, калі едзем на Гродна – значыць у Дзяржынск, Ліду… Бывае, што ў камандзіроўцы вадзіцелі і па трое сутак”.

І.С.Маслюк.

Значыць павялічыліся аб’ёмы выпуску! Пачуўшы практычна ўсе абласныя цэнтры і буйныя гарады, радуюся за нашых вытворцаў. “Да лепшых часоў пакуль не дацягваем, мы ж толькі на “Спартак” пастаўлялі па 2 тоны ў тыдзень, а зараз каля 500, – тлумачыць Л.М.Аўдошка. – Залежыць гэта перш за ўсё ад фінансавага стану і задач заказчыкаў. Аднак з-за павелічэння колькасці кліентаў у верасні ўсяго адгрузілі 15 тон (у лепшыя часы 24). Так што вельмі нядрэнна. Нікому не адмаўляем. Інтарэсы кліентаў для нас першачарговыя. У Капыльскі раён, напрыклад, вязём прыпас па 40 установах адукацыі, а гэта ўсяго 528 паўлітровых слоікаў. Бывае, што заказ паступае сёння на заўтра. І выконваем – у запасе заўсёды ёсць розная расфасоўка. Клопатаў і расходаў з-за дробных партый прыбаўляецца. Аднак галоўнае, што работай забяспечаны, нас ведаюць”.

Брыгадзір Алена Ярмош.

А ведаюць ААТ ”Лес” перш за ўсё як вытворцу таннай і якаснай, натуральнай прадукцыі. Рэцэпт журавіннага прыпасу лічы што дамашні – ягада, цукар і крыху лімоннай кіслаты. Толькі журавіны пасля мыцця, апарвання, перацірання і непасрэдна варкі паступаюць па лініі на разліў у стэрыльныя слоікі без семак і лупіны – праходзяць праз вельмі тонкія сіты. Ды і ягада буйная, што бачна нават на здымку, – не лясная, садовая. Сезон “вялікіх журавін” наступае, калі выспяваюць яны на плантацыях прыватнага прадпрыемства “Палескія журавіны”, якое вырошчвае вітамінную ягаду ў прамысловых аб’ёмах і забяспечвае перапрацоўшчыкаў. Дагавор з імі ААТ “Лес” заключыла на цэлы год, па месяцах распісаўшы пастаўку 75 тон. Аднак, каб была падстрахоўка і манеўр, пачалі супрацоўнічаць і са смалявіцкімі фермерамі. На месцы ў насельніцтва таксама закупляюць, менавіта на ўшацкіх журавінах і распачыналі абкатку вытворчасці сёлетняга сезона.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *