Сделать оригинальный подарок для близкого человека помогут в павильоне «Фокус»

Общество

Выбіраючы падарунак для блізкага чалавека, мы хочам выклікаць у яго станоўчыя эмоцыі. Практычных асоб найбольш парадуюць карысныя ў гаспадарцы рэчы, рамантыкаў – кветкі, ну а вясёлых людзей – сувеніры з гумарам. Зараз у інтэрнэце вельмі шмат адпаведных прапаноў, а калі тавар трэба займець больш аператыўна – можна звярнуцца, напрыклад, ва ўшацкі павільён “Фокус”.

Дарэчы, нядаўна пабывалі там і мы: заказвалі для калегі памятны прэзент – майку, на якой змясцілі цэлы комікс з фотаздымкамі і подпісамі да іх. А спадарожна запыталіся ў гаспадыні кропкі Дзіяны Булыкінай пра самыя хадавыя падарункі і цікавыя малюнкі, якія просяць нанесці на тавар кліенты.

– Узначальваюць рэйтынг, безумоўна, кубкі. Так, самаму юнаму адрасату, для якога заказвалі посуд з адмысловым малюнкам, было пяць год: на ім мы надрукавалі яго партрэт у кампаніі казачных персанажаў. Ну а самай сталай была 90-гадовая імянінніца: на яе кубак памясцілі здымкі семярых унукаў і праўнукаў. Папулярны зараз падарунак да дня нараджэння ці гадавіны вяселля – фота-пазл, зроблены з сямейнага здымка. Што датычыцца гумарыстычных надпісаў, то іх было нямала – напрыклад, сяброўка заказала на дзень нараджэння хлопцу-байкеру майку з такім тэкстам на спіне: “Калі ты чытаеш гэты надпіс – значыць, маю дзяўчыну здзьмула з матацыкла”. Увогуле захапленні абыгрываюць даволі часта: не так даўно мы рабілі футболку з карыкатурай пра ганарлівага рыбалова, уставіўшы ў малюнак твар імянінніка. А яшчэ быў цікавы выпадак, калі прыйшоў мужчына, які працуе ў будаўнічай брыгадзе вахтавым спосабам, і паскардзіўся, што калегі пастаянна бяруць без дазволу яго кубак, – таму ён заказаў у нас новы з красамоўным надпісам: “Не чапай чужое! Я – не мінздраў, папярэджваць не буду!” Ці дапаможа гэта захаваць недатыкальным асабісты посуд – не ведаю, але ж настрой калегам ён дакладна ўзніме! Павесяліў нас і яшчэ адзін заказ: мужчына прынёс фота сваёй цешчы і папрасіў надрукаваць яго на талерцы. “Які прыемны сюрпрыз для яе будзе!” – зазначылі мы ветліва. “Ды я пакуль не вырашыў, ці цешчы падару, ці сабе пакіну, каб за вячэрай у дно відэльцам тыкаць. Пагляджу на яе паводзіны!..” – мовіў заказчык.

Ну а калі сур’ёзна, то атрымліваць нешаблонныя падарункі вельмі прыемна. Бо ў камплекце з імі заўсёды бонусам ідзе ўсмешка.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *