Эпидемиологическая обстановка в стране постепенно стабилизируется

Здравоохранение

Станоўчая дынаміка

Па інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, эпідэміялагічная абстаноўка ў краіне паступова стабілізуецца. Пра сітуацыю з распаўсюджаннем CОVID-19 на Ушаччыне і звязаныя з ёй “рэформы” мы папрасілі расказаць галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы Анжаліку Анатольеўну МІРАНКОВУ.

– Зусім “бязвоблачнай” абстаноўку назваць не магу: выпадкі інфіцыравання на каранавірус па-ранейшаму ёсць. Але ж іх, што не можа не радаваць, сапраўды, стала менш. На сённяшні дзень – 11 лістапада – на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх пацыентаў з COVID-19 увогуле няма, занятых кіслародных кропак – адзінкі.

Такая тэндэнцыя дазволіла нам вывесці з інфекцыйнага рэжыму адзін з пастоў тэрапеўтычнага аддзялення, а гэта 40 ложкаў – для аказання грамадзянам планавай тэрапеўтычнай дапамогі. Другая ж частка памяшканняў застанецца за пацыентамі з пнеўманіямі. Недапушчэнне перасячэння патокаў з так званых “чыстай” і “бруднай” зон строга кантралюецца.

Прышчэпка ў дапамогу

Даволі аптымістычна выглядае зараз і ўзровень імунізацыі насельніцтва ад каранавіруснай інфекцыі. На 10 лістапада першым кампанентам вакцыны ў нас прышчэплена 33,2 працэнта насельніцтва, двума (поўны курс) – 19,8. Гэта вышэй за адпаведныя сярэднеабласныя паказчыкі.

Як нам расказаў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ушацкага раёна Павел Аляксандравіч Саўчанка, на сённяшні дзень выкарыстоўваецца найперш расійскі прэпарат “Спутнік”, які маецца ў дастатковай колькасці. Кітайскім жа пакуль прышчапляюць толькі цяжарных жанчын, тых, якія кормяць грудзямі, а таксама грамадзян, якія атрымалі першую яго дозу. У бліжэйшы час (плануецца, што ўжо на наступным тыдні) у райбальніцу паступіць чарговая партыя кітайскай вакцыны – тады праімунізавацца ёй змогуць усе жадаючыя.

Пачалася на Ушаччыне і рэвакцынацыя тых, у каго пасля другой ін’екцыі прайшло 6 месяцаў (незалежна ад таго, кітайскай ці расійскай прышчэпліваўся). Да ліку такіх цяпер адносяцца медыкі, а таксама прадстаўнікі сацслужбы – у прыватнасці, работнікі, пастаяльцы аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН. Прышчэпка ім робіцца прэпаратам “Спутнік Лайт”, эфектыўнасць якой складае 99 працэнтаў.

Не ігнаруйце магчымасці падстрахаваць сябе ад інфіцыравання, цяжкага цячэння захворвання – прышчапіцеся! Нагадаем: зрабіць гэта можна ў працэдурным кабінеце паліклінікі, у бальніцах сястрынскага догляду, на перасоўным пункце вакцынацыі (у выхадныя), а па папярэдняй заяўцы (пакінуць яе можна ў рэгістратуры па нумары 5-21-57) – у працоўных калектывах ці нават дома.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *