Каким был уходящий 2021 год и чего ожидать от 2022-го? Интервью с председателем райисполкома С.С.Садовским

Общество

Да Новага года застаюцца лічаныя гадзіны. Якім быў адыходзячы 2021 год і чаго чакаць ад 2022-га? Аб гэтым наша сённяшняе інтэрв’ю са старшынёй Ушацкага раённага выканаўчага камітэта Сяргеем Сяргеевічам САДОЎСКІМ.

– Як бы Вы ў цэлым ахарактарызавалі адыходзячы год? Як выконваюцца паказчыкі, па якіх ацэньваецца сацыяльна-эканамічнае раз­віццё раёна?

– Гэта стартавы год пяцігодкі, асноўныя напрамкі развіцця якой акрэслены шостым Усебеларускім сходам. Прыярытэтамі ў выкананні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны названы рост эканомікі, стабільнасць у грамадстве, павелічэнне дабрабыту грамадзян, стварэнне камфортных умоў для жыцця, працы і самарэалізацыі, шчаслівая сям’я, моцныя рэгіёны. І мы ў сваёй дзейнасці іх прытрымліваліся. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, у цэлым сацыяльна-эканамічнае становішча раёна можна ахарактарызаваць як стабільнае. Раён выканаў 9 з 13 асноўных паказчыкаў: па вытворчасці прамысловай прадукцыі, уводзе жылля, росту сярэднямесячнай зарплаты, рэнтабельнасці продажу, экспарце тавараў, экспарце паслуг, энергазберажэнні, зніжэнні ўзроўню затрат, сукупным паступленні даходаў кансалідаванага бюджэту. Не буду загрувашчваць інтэрв’ю лічбамі, толькі хачу адзначыць, што за апошнія гады ўпершыню дасягнуты такі высокі вынік і гэта плён дзейнасці ўсіх працуючых на тэрыторыі раёна грамадзян, органаў мясцовага самакіравання.

– Наш раён называюць аграрным. Як спрацавала сельскагаспадарчая галіна Ушаччыны?

– Сельская гаспадарка ў раёне была і ёсць адной з базавых галін эканомікі і разам з тым самай складанай. Асноўным паказчыкам, па якім можна ацаніць яе работу, з’яўляецца тэмп росту валавой прадукцыі, сёлета ён складае 86,5% да ўзроўню мінулага года. Тут многае залежыць як ад людзей, так і кліматычных фактараў. Так, недабор прадукцыі раслінаводства звязаны з анамальна высокімі тэмпературамі ў перыяд вегетацыі, у выніку сярэдняя ўраджайнасць атрымалася толькі 20,9 ц/га. Недастатковы кантроль за страўліваннем і падкосам пашаў, збалансаваным кармленнем статку паўплываў на вытворчасць малака. Недахоп сродкаў адбіўся на колькасці мінеральных угнаенняў, рамонце і набыцці тэхнікі. Разам з тым сплюсавалі па сярэднясутачных прывагах буйной рагатай жывёлы, павялічылася пагалоўе. Вядзецца планамерная работа па рэканструкцыі жывёлагадоўчых аб’ектаў. Прафілакторыі для цялят пабудаваны ў ААТ “Агра-Селішча”, “Ільюшынскі”, у філіяле “Маяк-Ушацкі” ўведзена памяшканне для бяспрывязнага ўтрымання жывёлы на глыбокім подсціле і адзначу, што рэканструкцыя аб’екта “Пліна” прадоўжыцца. Аднаўляецца свінагадоўчы комплекс “Сарочына”. Тры пустуючыя памяшканні ў Мосары перададзены сялянска-фермерскай гаспадарцы “Бацьяр”, якая будзе займацца вырошчваннем бычкоў.

– Што можаце сказаць пра сітуацыю ў прамысловасці? Ці плануецца стварэнне новых вытворчасцей у раёне?

– Прамысловыя прадпрыемствы раёна сёлета спрацавалі стабільна, з прыростам. У цэлым па раёне вытворчасць прамысловай прадукцыі павялічылася на 17,8 працэнта. Флагманам з’яўляецца Ушацкі лясгас, які апошнія гады нарошчвае аб’ёмы і на сёння мае найбольшую ўдзельную вагу ў прамысловай вытворчасці – 45 працэнтаў. Амаль на поўнай загрузцы працуе філіял “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”. У перспектыве магутнасцяў прадпрыемства будзе недастаткова. Таму ў бліжэйшыя тры гады ў філіяле пройдзе мадэрнізацыя вытворчасці з пашырэннем магутнасцей. Заняло сваю нішу ТАА “Твестуба-ПРО”. І калі 2020-ы быў складаным для гэтага прадпрыемства, менш заключалася кантрактаў, то сёлета назіраецца рост вытворчасці больш чым на 36 працэнтаў. На долю ТАА “Кампанія Прарыў”, якое займаецца вытворчасцю драўнянага вугалю, прыйшлося амаль 50 працэнтаў экспарту. Прадпрыемства ў перспектыве плануе пашырыцца, абзавёўшыся і цяплічнай гаспадаркай – зараз цяпло, якое ўтвараецца пры выпальванні дроў, адпраўляецца ў паветра.

Што да новых вытворчасцей, то кіраўніцтвам дзяржавы пастаўлена задача ў кожным раёне Віцебшчыне рэалізаваць буйны інвестпраект. На Ушаччыне ў перспектыве ТАА “БелБалтыкПіт” будзе займацца здабычай і перапрацоўкай торфу.

– Выгаднае геаграфічнае палажэнне раёна і цудоўная прырода падштурхоўваюць і для развіцця турызму…

– Так, турызм для Ушаччыны – важнейшая кропка росту. Сёння застаюцца нерэалізаванымі 45 участкаў, размешчаныя ў маляўнічых месцах на берагах азёр, якія могуць быць прадастаўлены пад рэалізацыю праектаў у сферы турызму. У далейшым ускладаюцца вялікія надзеі і на магчымасці фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва-Ушачы”. Будзем працягваць пошук фінансавання, інвестараў для будаўніцтва інтэрната для спартсменаў, што дасць штуршок развіццю спартыўнага турызму. Запланаваны і яшчэ адзін прыцягальны як для ўшачан, так і для турыстаў праект – у раёне з’явіцца рэзідэнцыя Дзеда Мароза.

– Кожны год Ушачы прыгажэюць, але зразумела, што ў плане навядзення парадку няма межаў. Што новага з’явіцца ў гэтым накірунку?

– Задум і планаў, як зрабіць наш гарпасёлак яшчэ больш утульным і прыгожым, вельмі шмат, але зразумела, што для гэтага патрэбна нямала фінансавых сродкаў. Не буду даваць пустых абяцанняў. Кардынальна зменіцца пляж на Вечаллі: многія заўважылі, што там распачата расчыстка берага, у планах – стварыць сучаснае месца адпачынку з камфортнымі ўмовамі. Больш прывабным у перспектыве павінен стаць і цэнтр Ушач на скрыжаванні вуліц Савецкай і Ленінскай: папоўніцца алея знакамітых землякоў, так і напрошваюцца сюды арыгінальныя архітэктурныя формы, зоны адпачынку для дарослых і дзяцей. Дарэчы, лічу, што для маленькіх ушачан у нас не хапае забаўляльных месцаў і сем’і накіроўваюцца ў той жа полацкі “Манеж” – гэтае пытанне будзем прапрацоўваць. На ўездзе ў гарпасёлак у планах стварыць утульны парк. Безумоўна, работы па добраўпарадкаванні будуць працягвацца на тэрыторыі ўсяго раёна. Гэта датычыцца і населеных пунктаў, і зон адпачынку на водных аб’ектах, ляснога фонду, іншых тэрыторый. Працягнецца “вайна” супраць баршчэўніку.

– У ліку хвалюючых тэм – дарогі, вада, жыллё. Чаго чакаць ушачанам у 2022 годзе?

– Прадоўжацца работы па рэканструкцыі вуліцы Калінінскай у гарпасёлку, капітальным і бягучым рамонце жылфонду. На дарожную сферу выдзяляецца мала сродкаў – яны ў асноўным будуць накіроўвацца на падтрыманне ў належным стане дарог. У плане асфальтавання на чарзе зараз дарога да Матырына. Трэба разумець, што імгненна апрануць у асфальт усе дарогі і вуліцы населеных пунктаў немагчыма.

Праблема высокага ўтрымання жалеза ў пітной вадзе вельмі актуальная для раёна. У новым годзе працягнецца будаўніцтва станцый абезжалезвання – яны з’явяцца ў Ільюшыне і Двор Пліна.

За 11 месяцаў 2021 года ўведзена ў эксплуатацыю 1839 кв.м жылля, што складае 85,5% ад гадавога задання. У цяперашні час знаходзіцца на экспертызе праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва 40-кватэрнага жылога дома ў мікрараёне Віцебскай. Будаўніцтва распачнецца ў 2022-м, у шматпавярхоўцы будуць як кватэры для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, так і арэндныя. Да 2025 года ставім перад сабой задачу пабудаваць яшчэ адзін шматкватэрны дом.

– Бюджэт раёна заўсёды меў сацыяльную накіраванасць. Што новага запланавана ў гэтай важнейшай сферы?

– Расходы бюджэту ў гэтым годзе пераважна накіроўваліся на мерапрыемствы сацыяльнай сферы і ў параўнанні з папярэднім годам узраслі на 7,3 працэнта. Толькі на барацьбу з каранавірусам сёлета з раённага бюджэту было выдзелена 1,7 мільёна рублёў.

Будзем старацца і надалей забяспечваць якасць жыллёва-камунальных паслуг, паляпшаць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў адукацыі, культуры, аховы здароўя, іншых сацыяльных аб’ектаў – у невытворчай сферы ў нас шмат дасягненняў. Але для таго, каб яны развіваліся, неабходна пастаянная паступовая мадэрнізацыя, значныя фінансавыя ўкладанні на набыццё абсталявання, сучасных тэхнічных сродкаў.

– Дзякуй за размову, што пажадаеце ўшачанам?

– Усе планы па развіцці, добраўпарадкаванні Ушаччыны могуць ажыццявіцца толькі пры нашых агульных намаганнях. Сумленныя адносіны да справы, дысцыпліна – тое, без чаго не можа быць станоўчага выніку. Нам усім разам трэба будзе шмат працаваць. Вялікі дзякуй за добрасумленную працу кажу кожнаму, хто заняты ў аграпрамысловым комплексе, выпускае прамысловую прадукцыю, выхоўвае і вучыць дзяцей, стаіць на варце правапарадку і бяспекі, лечыць людзей, даглядае адзінокіх, састарэлых грамадзян, праводзіць культурна-масавыя і фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы, усім, хто ўносіць дастойны ўклад у развіццё нашага раёна.

Віншую усіх з надыходзячымі Новым годам і Калядамі! Жадаю моцнага здароўя, святочнага настрою, міру і дабрабыту вам і вашым сем’ям!

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *