Ученицы Ушачской школы Екатерина Мартынюк и Ксения Борисёнок успешно покоряют олимпиадные вершины по биологии

Образование и молодежь Общество

Калі вучаніцы Ушацкай школы Кацярына Мартынюк і Ксенія Барысёнак збіраліся на абласны этап рэспубліканскай алімпіяды ў Віцебск, іх кіраўнік В.А.Жыткая настойліва рэкамендавала: “Не забудзьцеся ўзяць уборы для цырымоніі ўзнагароджання!”. Не проста спадзявалася, хутчэй – была ўпэўнена, што яе дзяўчаты акажуцца ў ліку прызёраў. І сапраўды, тыя выступілі феерычна, заваяваўшы дыпломы І і ІІ ступені адпаведна.

К.Мартынюк, В.Жыткая, К.Барысёнак.

Дарэчы, назваць вынік Ксюшы “срэбрам” не паварочваецца язык. Па-першае, таму што ад узнагароды вышэйшай пробы яе аддзяліла ўсяго 0,1 бала, а ад першага месца ў рэйтынгу (яно ў прадстаўніцы віцебскай гімназіі) – 1,5. Ну а па-другое, дэманстравала веды васьмікласніца сярод юнакоў і дзяўчат, на год старэйшых. Пасля аднаго з этапаў алімпіяды хтосьці з удзельнікаў нават сказаў: “І якому настаўніку прыйшло ў галаву так здзеквацца з дзяцей?!” Але наша юная зямлячка толькі ўсміхнулася. Вольга Анатольеўна ніколі не настойвала звышурочна займацца прадметам. Біялогіяй сур’ёзна захапілася год таму, пасля паспяховага ўдзелу ў раённай алімпіядзе сярод сямікласнікаў. Абмяжоўваць сябе матэрыялам школьнай праграмы не захацела – хадзіла на дадатковыя заняткі да В.А.Жыткай, штудзіравала падручнік за восьмы клас. Не расслаблялася і падчас летніх канікул – пад кантролем настаўніцы, якая часта ахвяравала вольным часам, асвоіла ўвесь дзевяцікласны біялагічны курс. Вядома, што цяпер на ўроках для Ксеніі цяжка “адкрыць Амерыку”, аднак вопытны настаўнік-метадыст з гэтай задачай спраўляецца, знаходзячы для дзяўчыны цікавыя заданні, якія могуць спатрэбіцца на алімпіядзе. Дарэчы, у большасці сваёй гэта матэрыял узроўню вышэйшых (!) навучальных устаноў.

– На зімніх канікулах, калі рыхтаваліся з Ксюшай і Кацяй да ўдзелу ў абласной алімпіядзе, актыўна адпрацоўвалі лекцыі біялагічнага факультэта БДУ, – расказвае В.А.Жыткая. – Электронныя кнігі, да якіх маюць доступ выключна педагогі і студэнты навучальнай установы, знаходзіла для нас выпускніца Ушацкай школы Маша Сцяпчук, зрэшты, таксама колішняя ўдзельніца абласной алімпіяды па біялогіі. Разабрацца з класіфікацыяй костак чалавека (у інтэрнэце, кніжных выданнях прапануецца розная інфармацыя) дапамагла цяперашняя навучэнка Віцебскага дзяржаўнага медуніверсітэта Ангеліна Марачкіна, якая дасылала фотаздымкі сваіх падручнікаў.

Прымалі ўдзел К.Мартынюк, К.Барысёнак і ў сёлетняй рэспубліканскай інтэрнэт-алімпіядзе па біялогіі – Кацярына аказалася ў ліку дыпламантаў, Ксеніі не хапіла ўсяго 0,7 бала. Годна праявілі сябе нашы зямлячкі і ў алімпіядзе Санкт-Пецярбургскага дзяржуніверсітэта. У агульным рэйтынгу навучэнцаў Віцебшчыны, задзейнічаных у алімпіядным руху, дзесяцікласніца і васьмікласніца Ушацкай школы стабільна трымаюцца на лепшых пазіцыях. Пасля “вобласці” ў Кацярыны – другое месца, Ксеніі – трэцяе.

Такі падыход дапамог не разгубіцца ні ў тэарэтычнай, ні ў практычнай частцы алімпіядных заданняў. Пры гэтым Ксенія аказалася “на галаву вышэйшай” за астатніх удзельнікаў па любімай ёю батаніцы – калі сярэдні бал усіх 25 школьнікаў у гэтым тэматычным блоку – 7,20, то ў васьмікласніцы з Ушач – ажно 11.85.

Дзесяцікласніцы ж Кацярыне Мартынюк не было роўных у тэорыі. І гэта пры тым, што многія заданні прадугледжвалі глыбокае веданне прадмета, выключэнняў, уважлівасці – шмат дзе чакаў падвох. Трэба было і правільна разлічыць час: калі, да прыкладу, паглядзець двойчы прапанаваныя відэа-пытанні (па працягласці да дзвюх хвілін), можна проста не паспець з выкананнем іншых. Аднак да гэтага ўшачанка была гатова: удзел у алімпіядзе яна прымае ўжо трэці год – як і К.Барысёнак, пачынала штурм такіх вяршыняў у восьмым класе.

– Сапраўдным выпрабаваннем для ўсіх стала сёлета практычная частка, – прыгадвае Каця. – Па-першае, у Віцебскім дзяржуніверсітэце, дзе праходзіла алімпіяда, мікраскопы не самыя сучасныя – у нашай школе на парадак вышэйшага ўзроўню. Таму даводзілася часам чакаць чаргі да электрычных прыбораў. Па-другое, узніклі несастыкоўкі ў выніках правільна праведзеных эксперыментаў і тым, што павінны былі атрымаць. Так, напрыклад, атрымалі часткі фіялак, вырашчаных, вядома, у дамашніх умовах. Насамрэч жа гэтая кветка ў прыродзе расце ва ўсходніх рэгіёнах Афрыкі, што прадугледжвае іншыя яе “паводзіны” пры розных маніпуляцыях. Пасля аб’яўлення “правільных” адказаў давялося адстойваць у членаў журы свае пазіцыі – і гэта палепшыла канчатковы вынік.

Такія настойлівасць, амбіцыйнасць, а таксама стараннасць Кацярыны і Ксеніі па душы В.А.Жыткай. Ніякіх паслабленняў яны сабе не даюць – зараз актыўна рыхтуюцца да заключнага этапу алімпіяды, які пройдзе вясной. Ці будуць на гэты раз рыхтаваць сукенкі да ўзнагароджання? Безумоўна! Яны – максімалісткі, а значыць, зробяць усё магчымае і нават крышачку больш, каб ярка заявіць пра сябе і аказацца ў ліку лепшых школьнікаў краіны. Пажадаем ім у гэтым удачы!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *