За плечами Елены Подголо — 33 года работы воспитателем в яслях-саде №1 г.п.Ушачи

Общество

Убачыўшы нядаўна ў райбальніцы высокага, статнага ўрача-рэаніматолага, у якім пазнала свайго былога выхаванца, А.М.Падгола нават разгубілася: колькі ж гэта часу мінула, што маленькі Рома Клачок, якога ў дзіцячы садок прыводзіў тата і якога яна часта гойдала на руках, паспеў стаць такім дарослым і сур’ёзным?! Але праведзеныя ў думках падлікі расставілі ўсё па сваіх месцах: у дашкольнай педагогіцы гераіня нашага аповеду працуе ўжо 33 гады. Прычым, увесь гэты час – у яслях-садзе №1 г.п.Ушачы.

“Не скажу, што ў дзяцінстве марыла пра такую прафесію, хоць сябравала і больш часу праводзіла менавіта з малодшымі за сябе хлопчыкамі і дзяўчынкамі, – расказвае ўраджэнка Анікеўшчыны, выпускніца Плінскай школы. – Калі ж прыйшоў час вызначацца, пад уздзеяннем “рэкламнай кампаніі”, якую праводзіла са мной старэйшая сястра Галіна, новаспечаная выпускніца Віцебскага педагагічнага інстытута, у гэтую ВНУ падала дакументы і я”.

Вось толькі доўга вучыцца на фізіка-матэматычным факультэце, куды паступіла з другога раза, А.М.Падгола не стала – зразумела, што да дакладных навук не ляжыць душа. Працавала ў Селішчанскай школе піянерважатай і настаўніцай нямецкай мовы (дарэчы, каб без адпаведнай адукацыі трымаць марку перад вучнямі, ночы напралёт вывучала падручнікі, слоўнікі). Ну а паралельна рыхтавалася да паступлення ў Полацкае педвучылішча імя Ф.Скарыны на спецыяльнасць выхавацеля дзіцячага сада.

А.М.Падгола: “Заўсёды, калі нападае апатыя, закрадаюцца думкі пра выхад на пенсію, прыслухоўваюся да сваёй маці, якая кажа: “Дачушка, мне як медработніку даводзілася працаваць з дзеткамі, якім штосьці балела. Ты ж кожны дзень ідзеш да здаровых, поўных сіл і энергіі – гэта вялікае шчасце!” І такое рэальна танізуе!”

Гэтую ўстанову Алена Мікалаеўна скончыла з чырвоным дыпломам і ў 1989 годзе прыйшла ў яслі-сад №1 г.п.Ушачы. “Добра памятаю свае першыя працоўныя будні, – усміхаецца жанчына. – Заходжу ў групу, а там ажно 25 непасед займаюцца сваімі справамі. На маю прапанову пастроіцца ніхто не адрэагаваў – разгубілася. Але тут з’явіўся нехта са старэйшых выхавацеляў, штосьці прамовіў – і ўсё прыйшло ў парадак. Падумала: можа, зноў не тую прафесію выбрала?! Але калегі дапамаглі. Вельмі ўдзячна загадчыцы Людміле Ягораўне Федарэнка, метадысту Надзеі Пятроўне Мялешка, якія карэктна накіроўвалі, давалі падказкі. Ды і працаваць дазволілі спачатку выключна на падмене – весці групу стала пасля выхаду з дэкрэтнага, у 1993-м. Многаму навучылася таксама ад выхавацеляў Тамары Уладзіміраўны Малашкевіч, Галіны Уладзіміраўны Віннік і Галіны Іванаўны Красновай”.

Цяпер жа А.М.Падгола сама можа праводзіць майстар-класы для прадстаўнікоў галіны. За плячыма – не толькі дзесяцігоддзі адданай працы, атрыманая вышэйшая катэгорыя, але і шэраг узнагарод самага высокага ўзроўню, перанавучанне. Так, напрыклад, нядаўна ад Беларускага парка высокіх тэхналогій прайшла анлайн-курсы “Інфарматыка без разеткі” і зараз вядзе аднайменны гурток у яслях-садзе, асновы выкарыстоўвае і на занятках у сваёй старэйшай інтэграванай групе.

У ёй, дарэчы, 15 дзетак, аднак нагрузка на выхавацеля вялізная! Па-першае, таму, што большасць – хлопчыкі (іх ажно 13!), якім складаней усядзець на месцы. Па-другое, у некаторых дзетак ёсць праблемы з маўленнем, іншыя паталогіі, якія варта ўлічыць пры арганізацыі заняткаў. Патрабаваўся час і на “прыцірку”: у групу трапілі малыя з розных садкоў, тыя, хто дагэтуль такую ўстанову ўвогуле не наведваў. Але з усімі гэтымі нюансамі наша гераіня спраўляецца, нярэдка працуючы з ранку і да самага вечара замест вызначаных 0,5 дня.

Не дае сабе расслабіцца і дома – звычайна гадзін да 22 сядзіць за камп’ютарам, каб знайсці для малышоў штосьці цікавае, пазнавальнае. Вось вы ведаеце, каго баяцца сланы? Выхаванцы ж Алены Мікалаеўны лёгка адкажуць, што мышэй і мурашоў, – такую інфармацыю атрымалі нядаўна на занятках па вывучэнні жывёльнага свету паўднёвых краін. А задумваліся, чаму ногі цяжкога вярблюда не правальваюцца ў рыхлы пясок? Малыя ж разабраліся ў гэтым праз правядзенне вопыту: паспрабавалі засунуць у пясок звычайны аловак, а потым прымацавалі да яго кавалак паралону, імітаваўшы такім чынам шырокія капыты жывёліны.

У вольны ад работы час Алена Мікалаеўна любіць “пачараваць” на кухні – смак яе пірагоў ды тортаў ацанілі родныя, сябры. У ліку захапленняў жанчыны таксама – алмазная мазаіка і маляванне па нумарах.

“Са старэйшымі дзецьмі, – расказвае А.М.Падгола, – вельмі цікава. Часам і для сябе даводзіцца рабіць пэўныя адкрыцці. Вось зараз прарошчваем на падаконніку расліны, назіраючы за іх “паводзінамі” ў розным асяроддзі: у глебе ці, скажам, вадзе. Хтосьці з малых замест прапанаваных мною гарошын, насення перцу ці таматаў прынёс з дому апельсінавую костачку – цяпер усе ў чаканні дрэўца са смачнымі пладамі. А вось з самымі маленькімі інакш – кранальна, але цяжэй фізічна: адных трэба на ручкі ўзяць, з другімі пабегаць, трэцяму спінку пагладзіць перад сном”. Але такая актыўнасць выхавацелю па душы – кожная раніца пачынаецца ў групе з зарадкі, якую робяць і Алена Мікалаеўна, і ўсе выхаванцы. Любяць яны і рухомыя гульні на свежым паветры, не забываючыся пры гэтым пра творчасць. Так, напрыклад, нядаўна змайстравалі са снегу вялізны торт, які аздобілі імправізаванымі свечкамі, – рознакаляровыя ледзяшы замарожвалі загадзя. Ну а якія таленты дэманструюць у групе! Малююць пальчыкамі, паветранымі шарамі, відэльцамі і нават мыльнымі пузырамі, робяць аплікацыі з макаронаў, фарбаванай солі, пілавання. З’яўляючыся некалькі год таму кіраўніком клуба “Мая сям’я”, далучала А.М.Падгола да творчасці і бацькоў выхаванцаў: разам рыхтавалі для малых тэатралізаваныя пастаноўкі, выконвалі ўсходнія танцы. Паспявала займацца і распрацоўкай заняткаў па Ушачызнаўству, з’яўляючыся кіраўніком творчай групы педагогаў.

Алена Мікалаеўна – сапраўдны майстар сваёй справы, пры гэтым вельмі сціплы чалавек. Ад напісання пра яе артыкула доўга адмаўлялася, называючы імёны не менш дастойных калег. “З калектывам мне вельмі пашанцавала! – кажа жанчына. – Хутка знайшла агульную мову з новым кіраўніцтвам: загадчыцай садка Вікторыяй Міхайлаўнай Кляшторнай, яе намеснікам па асноўнай дзейнасці Галінай Пятроўнай Гайко. Удзячна сваёй “правай руцэ” – памочніку выхавацеля Алене Афанасьеўне Радзіеўскай, на якую магу разлічваць у любой сітуацыі. Дарэчы, да яе гэтак жа плённа працавала з Галінай Віктараўнай Апёнак, якая выйшла на заслужаны адпачынак, але сувязі з дашкольнай установай і яе работнікамі не губляе”. З задавальненнем расказвае А.М.Падгола і пра сваіх былых выхаванцаў – колькі б часу не прайшло, усіх памятае па імені, можа назваць нават іх дзіцячыя захапленні. Тыя таксама не застаюцца ў даўгу – падтрымліваюць зносіны, віншуюць са святамі. А некаторыя ўжо сваіх сыноў і дачушак прывялі ў садок да самага лепшага, самага любімага імі педагога.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *