В Ушачах прошел конкурс многодетных семей «Крепка семья — крепка держава»

Общество

Дружныя, творчыя, яркія, якія стаяць адзін за аднаго гарой і могуць смела сказаць, што дзеці – гэта вялікае шчасце. Яны розныя, але аб’ядноўвае іх галоўнае: разам яны – зладжаны сямейны акорд, у якім усе ноты гучаць гарманічна. Усё гэта – пра ўдзельнікаў раённага конкурсу мнагадзетных сямей Ушаччыны “Моцная сям’я – моцная дзяржава”, які прайшоў на мінулым тыдні ў цэнтры культуры і народнай творчасці.

Пра сям’ю Віталя і Веранікі Рэвенка з райцэнтра мы пісалі не раз. Пасля насычаных працоўных будняў на пасадзе фельчара-лабаранта райбальніцы ўшачанка бавіць час з дзецьмі, добраўпарадкоўвае дом і ўчастак ля яго, шчыруе на агародзе. Такая ж актыўнасць характэрна і для галавы сямейства, індывідуальнага прадпрымальніка і сацыяльнага работніка ў адной асобе. Яго можна смела назваць майстрам на ўсе рукі, паколькі займаецца будаўнічымі і аддзелачнымі работамі, у ТЦСАН Ушацкага раёна кіруе працоўнай майстэрняй па вырабе сувенірнай прадукцыі з дрэва, а яшчэ выдатна гатуе – на святы радуе блізкіх смачнымі стравамі. Дапамагае ж яму ў гэтым старэйшы сын Арцём, якому зараз дзесяць. Мае хлопчык і іншыя таленты: паспяхова ўдзельнічае ў прадметных алімпіядах (у 2021-м паказаў лепшы вынік па беларускай мове), вучыцца ў школе мастацтваў, спявае ў дзіцячым хоры, займаецца плаваннем. Не адстае ад яго і сярэдні Цімафей. Другакласнік любіць маляваць, ляпіць з пластыліну, наведвае школу мастацтваў па класе фартэпіяна, а ў вольны час глядзіць мульцікі з малодшым брацікам Андрэем, які ў свае пяць гадоў усім дасць фору ў рухавасці. Вось і на мерапрыемстве ён не мог утрымацца на месцы – паспеў і на сцэне “засвяціцца”, выбіраючы зручнае месца то на руках у маці, то ля экрана з чужой відэапрэзентацыяй, і да гледачоў у залу збегаць.

А яшчэ Рэвенкі вельмі любяць вандраваць. Разам яны аб’ехалі многія славутасці Беларусі: Бярэзінскі запаведнік і Белавежскую пушчу, Нясвіжскі, Лідскі, Ружанскі замкі, Брэсцкую крэпасць… І адусюль прывезлі мілыя фотаздымкі, якія “трансліраваліся” на экране падчас конкурсу. Не шкадавалі гледачы далоняў і для вакальнага нумара Віталя і Веранікі, іх сыночкаў. І калі старэйшыя “бралі” добрым вакалам, то малодшы Андрэй – непасрэднасцю і абаяннем.

Немалая група падтрымкі была ў гэты дзень у сям’і Паўла і Іны Сільвановіч. Прафесійная дзейнасць абаіх доўгі час была звязана з будаўніцтвам – жанчына адзінаццаць гадоў працавала ў ПМК-66. Цяпер яна ў дэкрэтным адпачынку, але ад няпростай справы не адмаўляецца – займаецца аддзелкай сваёй кватэры, беручы на сябе найперш “творчыя” моманты. Там жа, дзе патрэбна фізічная моц, на выручку прыходзіць муж, таксама будаўнік па спецыяльнасці, які працуе зараз вадзіцелем у Лепельскім філіяле ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”.

Заўсёды побач з матуляй – дзесяцігадовая дачушка Паліна. У любой дамашняй справе яна першая памочніца. А талентаў у дзяўчынкі хоць адбаўляй: з’яўляецца выдатніцай вучобы – з трэцяга класа яе фатаграфія вісіць на школьнай Дошцы гонару, паспяхова ўдзельнічае ў прадметных алімпіядах, любіць чытаць, захапляецца алмазнай мазаікай, плаваннем і скалалазаннем, з шасці гадоў займаецца танцамі. Дарэчы, робіць апошняе вельмі ўдала, што пацвердзіла харэаграфічнае выступленне дзяўчынкі і яе сябровак на конкурсе.

Не па гадах сур’ёзны і развіты – сярэдні Мацвей. У свае пяць гадоў хлопчык захапляецца скалалазаннем, любіць складваць лега, пазлы і марыць аб прафесіі канструктара. Не выпускае з рук машынкі і, магчыма, як тата, стане вадзіцелем малодшы Захар, якому ўсяго два годзікі.

Ёсць у сям’і Сільвановіч добрая традыцыя – збірацца ўвечары за вялікім сталом, абмяркоўваць поспехі за дзень і планы на перспектыву. У вольны час яны стараюцца куды-небудзь разам з’ездзіць, дома ж любімцамі абсалютна ўсіх з’яўляюцца крылатыя гадаванцы – папугайчыкі Марык і Моніка.

Адна сфера – толькі ўжо лясная – з’яднала ў свой час Дзмітрыя і Вольгу Рудзёнкаў з вёскі Матырына. Жанчына працуе лесаводам – вырошчвае ў пітомніку саджанцы. І ўсё ж галоўнай сваёй прафесіяй, якая не прадугледжвае адпускоў і выхадных, яна называе мацярынства, клопат пра сваіх двух сыночкаў і дачушку. Галава ж сямейства – вадзіцель-трактарыст лясгаса, які захапляецца рыбалкай і паляваннем, гадуе сабак пароды лайка.

Разам з ім любяць схадзіць у лес ці на возера, якімі так багаты матырынскія мясціны, абодва сыны. Адзінаццацігадовы Ягор паспявае да таго ж займацца народнымі бытавымі танцамі, у чым мелі магчымасць упэўніцца прысутныя ў зале, а таксама, як і дзевяцігадовы брат Антон, саломапляценнем. Дарэчы, майстэрства абодвух – навідавоку: Рудзёнкі прама на сцэне наладзілі невялікую прэзентацыю саламяных вырабаў хлопцаў. Не засталася ў гэты дзень у ценю і маленькая Маша. У свае чатыры годзікі дзяўчынка нярэдка “задае” ў доме настрой: можа і мілымі свавольствамі павесяліць, і вершы пачытаць. Не пабаялася выступіць яна і на публіцы – чатырохрадкоўе ў яе выкананні зала сустрэла авацыямі.

…Кожная сям’я, якая прымала ўдзел у конкурсе, бясспрэчна, заслугоўвае перамогі! Аднак журы ад традыцыйнага складання “рэйтынгу” адысці нельга. У выніку дыплом за трэцяе месца і памятны падарунак ад Ушацкай раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын уручаны сям’і Рудзёнак, дыплом за другое месца і падарунак ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” – сям’і Сільвановіч, ну а лідарам, уладальніцай дыплома і падарунка ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама – сям’я Рэвенка. Паўдзельнічалі ва ўшанаванні канкурсантаў і арганізацыі, у якіх працуюць мнагадзетныя бацькі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *