48 лет посвятила педагогической деятельности Маина Лях. Выпускники помнят о ней и поздравляют с юбилеем

Общество

У рэдакцыю адначасова, не дамаўляючыся, звярнулася некалькі выпускнікоў Ушацкай школы 1986 года з просьбай напісаць пра свайго класнага кіраўніка Маіну Пятроўну Лях. Сем год, з чацвёртага па дзясяты, яна вяла іх у дарослае жыццё і, як бачна, прывіла многа каштоўных рыс. Адна з якіх – памятаць пра блізкіх. Трыццаць пяць год мінула пасля іх выпускнога, рэдка бачацца, аднак толькі добрымі словамі прыгадваюць сваю настаўніцу.

 

– Як сёння памятаю адкрыты ўрок па Чынгізу Айтматаву. Маіна Пятроўна загадзя раздала кожнаму, а не толькі моцным вучням матэрыял, – прыгадвае Таццяна Латышава. – Быў ён выключна з дадатковай літаратуры, што не ўваходзіла ў падручнік. Разумею зараз, колькі часу аддавала падрыхтоўцы. І гэта таму, што вельмі любіла прадмет, які выкладала. Прычым, насычана праходзіў кожны яе ўрок, асабіста мне заўсёды было вельмі цікава. Таму “Вайну і мір” не па дыяганалі, а ад першай да апошняй старонкі я прачытала класе ў сёмым па ўласным жаданні, бо Маіна Пятроўна так зацікавіла творчасцю Льва Талстога, якога сама любіла. Была ў яе выдатная педагагічная рыса – заўсёды хваліла вучняў за падрыхтоўку. Нават калі не дасканалы адказ, аднак ведала, што школьнік стараўся, стымулявала да наступных заняткаў. Яна клапацілася пра кожнага з нас. Памятаю, як мы хадзілі шукаць аднакласніка, неблагога хлопца з праблемнай сям’і, які хаваўся, дзе давядзецца, каб не вяртацца дадому. Не забудуся пра яе падтрымку, калі я пасля восьмага класа вучылася ў тэхнікуме. Некамфортна мне было там, хацела нават зноў вярнуцца ў школу. “Паставіла мэту, ідзі да яе”, – па-бацькоўску параіла Маіна Пятроўна. Наогул яна ведала нас, напэўна, лепш, чым некаторыя бацькі.

– Прычым, ніколі пры гэтым не карысталася агентурнымі данымі, – дадае Сяргей Алабін. – У класе не было інфарматараў. Яна вучыла нас дапамагаць адзін аднаму, ганарыцца поспехамі. Як цікава праходзілі нашы пазакласныя гадзіны, калі на шырокі экран выводзіліся карцінкі пра новабудоўлі, адраджэнне эканомікі. Маіна Пятроўна захоплена гаварыла пра часы сваёй маладосці, каб данесці, што развіты сацыялізм, у якім мы жылі, даўся няпроста. Выхоўвала патрыётамі і перажывала за нашы адзнакі па іншых прадметах. Цеснае супрацоўніцтва было з С.Т.Белавусавым, клас выступаў на абласных зарніцах і аглядах страявой падрыхтоўкі. Маіна Пятроўна вельмі моцны педагог. Пісьмовы экзамен па рускай мове я на выдатна напісаў як пры першым паступленні ў ВНУ, так і ў Акадэмію МУС, хоць пасля школы прайшло шмат часу. Прычым яна так “нацягала” нас на сачыненні, што пісалі мы іх ахвотна, а не пад прымусам.

Маіна Пятроўна Лях нарадзілася ў Расонскім раёне. З-за бамбёжак сям’я часта мяняла жыллё, бо заставалася без даху над галавой. Самыя страшныя ўспаміны, як загінуў брат: знайшоў гранату і яна разарвалася. Бацька прайшоў вайну механікам авіяпалка і пасля вайны ўзначальваў гаспадарку. Маці вельмі рана не стала – у 1947-м, вучылася і пачынала працаваць у Дубраўскай школе ў 1953-м дзяўчына без яе падтрымкі. Настаўнік вышэйшай катэгорыі – калі гаварыць афіцыйна, і проста выдатны прадметнік па водгуках усіх яе вучняў. А іх у Маіны Пятроўны Лях шмат, бо працоўны стаж настаўніцы – 48 гадоў.

– Маіна Пятроўна прывівала ў нас густ, проста застаючыся сама сабой. Заўсёды з прычоскай, на абцасах, модна апранутая, яна была прыкладам. І як бездакорна выглядала сама, такім жа дагледжаным, з ідэальным парадкам, лепшым у школе кабінетам рускай мовы і літаратуры быў і наш клас. Мы разам з ёй фарбавалі яго, развешвалі дадатковы матэрыял і партрэты пісьменнікаў. І вучыліся пачуццю стылю, якім валодала яна. Памятаю, як падказвала, што рамкі могуць вісець на рознай вышыні, розных памераў, але абавязкова паралельна, каб глядзеліся як адзінае цэлае, – прыгадвае Ірына Барысёнак.

– Яна адначасова строгі настаўнік і вельмі душэўны чалавек. І хоць класным кіраўніком была ў нас толькі ў апошнім, дзясятым класе, мая маці заўсёды прыгадвае яе, настолькі цесную сувязь яна трымала з бацькамі сваіх вучняў, – успамінае Людміла Худалеева. – Выдатнае пачуццё гумару. На дыскатэкі ў РДК нам хадзіць забаранялася, і вось Маіна Пятроўна “адчытвае” вучняў з паралельнага класа. А яны ёй у адказ: “Дык вашы ж там таксама былі”. Як жа яна смяялася, расказваючы мне, што яе камсорг яе “падвёў”. Заўсёды з аптымізмам, са шчырай цікаўнасцю пра ўсё, што адбываецца ў школе. Мы падтрымліваем стасункі і яна распытвае пра перамены, падзеі, вучняў. Чытае газету і ведае пра поспехі школы з яе старонак. А яшчэ яна памятае кожнага, каго вучыла: характар, здольнасці і спраўляецца пра далейшы лёс.

– Наташай мяне назвалі, канечне, у гонар Растовай Талстога, – расказвае дачка Н.Ануй. – З-за мамінай прафесіі я ніколі не хацела стаць настаўнікам. Бачыла гэтую кухню знутры. У школе ў сямідзясятыя было і па восем паралеляў, у класах па 30 з лішнім вучняў, і сшыткі яна правярала начамі. Хоць выдатна ведала прадмет, абавязкова перачытвала матэрыял, казала, дзеці не хочуць чытаць, іх трэба зацікавіць. Заўсёды скрупулёзна рыхтавалася. З 1972-га па 1978-ы яна была арганізатарам, тады ў школе адкрываліся працоўныя лагеры. Яна адстойвала сваіх вучняў, расказвала, як праходзіў педсавет, на якім хацелі выключыць са школы аднаго з яе хлопцаў. Дадому дарослая я заўжды прыязджала, каб падзарадзіцца яе аптымізмам і жыццялюбствам. Мама заўсёды на пазітыве, ніколі не скардзіцца на здароўе, хоць гэта не значыць, што ёй нічога не баліць. Яна проста не разумее, як гэта не ўстаць і не пайсці, калі трэба. Праз сілу, праз “не магу”. У яе два асаблівыя захапленні – жывёлай і кветкамі – клумба, дарэчы, даўно ёй праполата – ад зямлі яна падпітваецца. Наогул заўсёды рухаецца, у нас у кватэры ідэальны парадак, паколькі мама педантычная акуратыстка. Як была, так і застаецца модніцай, набывае абноўкі. І галоўнае – вельмі любіць жыццё і не страціла цікаўнасці, як бывае нават у намнога маладзейшых. Паколькі тэлевізар як крыніца інфармацыі яе ўжо не задавальняе, на дзень нараджэння мы дорым ёй смартфон, сказала, што будзе там чытаць навіны.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *