Можно ли ловить щуку на Черствятском озере

Выясняем ситуацию

 

“Усе тры выхадныя правялі з сябрамі на рыбалцы! І надвор’е было добрым, і ўлоў парадаваў!”, – пахваліўся сусед, калі ў панядзелак раніцай мы разам ішлі на работу. Сапраўды, гэты від актыўнага адпачынку ў нашых землякоў – адзін з самых папулярных. І канечне, добрасумленныя рыбаловы стараюцца ўсё рабіць па правілах.

Вось якое пытанне паступіла днямі ў рэдакцыю: “Ведаю, што не так даўно на Чарсцвядскім возеры прайшло зарыбленне шчупаком. Днямі я прыехаў туды на рыбалку, і гэтую рыбу, калі яна траплялася на вудачку, адпускаў назад у вадаём – каб раптам не парушыць закон, бо мяркую, што патрэбны пэўны час, каб яна адаптавалася, падрасла. Але ўбачыў, што іншыя гэтага не робяць… Ці існуе зараз забарона на вылаў шчупака на гэтым возеры?”.

Сапраўды, наша Чарсцвядскае вельмі папулярнае ў рыбакоў усёй краіны, а таму рэспубліканскае “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” уключае яго ў спіс вадаёмаў, рэсурсы якіх трэба аднаўляць. Шчупаком гэтае возера апошні раз зарыблялі мінулай восенню, калі выпусцілі ў ваду 2900 экзэмпляраў сяголеткаў, усяго ж за 2024-ы год вадаём папоўнілі 1610 кілаграмамі (4380 асобінамі). Дадаюць у Чарсцвядскае і іншыя віды: летась, напрыклад, прывезлі каля 6,5 тысячы экзэмпляраў таўсталобіка, а гэтай вясной рыбныя запасы возера прыраслі карпам і белым амурам.

Цікавы факт: летась на Магілёўшчыне на рацэ Сож рыбак злавіў 20-кілаграмовага шчупака! Верагодна, гэта рэкордны трафей для падобнай рыбы. Што да здабычы ўшачан, то дагэтуль мы чулі пра шчупакоў у 10-14 кілаграмаў. Магчыма, нехта лавіў і большых? Дзяліцеся з намі годнымі рыбацкімі дасягненнямі!

“Зарыбленне праводзіцца на падставе біялагічнага абгрунтавання, распрацаванага спецыялістамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, – тлумачыць начальнік Ушацкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Міхаіл Шук. – Навукоўцы ўлічваюць мноства розных параметраў: кармавыя магчымасці вадаёма, тэрміны, асаблівасці будучых насельнікаў. Пры граматным падыходзе ўдаецца павялічыць не толькі прадукцыйнасць азёр, а і іх біялагічную разнастайнасць, аднавіць папуляцыі”.
Што да забароны пасля зарыблення, то ўводзіцца яна не заўсёды. Вось што патлумачыў нам на гэты конт прадстаўнік Полацкай міжраённай арганізацыйнай структуры РДГА “БТПР” у нашым раёне Вадзім Шульга:

“Звычайна такая патрэба ўзнікае, калі вадаём папаўняюць невялікай колькасцю рыбы. Так было, у прыватнасці, калі восенню 2020-га зарыблялі Палазер’е і Вечалле: тады ў іх выпусцілі па 200 кілаграмаў шчупака і па прапанове нашага таварыства райвыканкам прыняў рашэнне аб увядзенні часовай забароны на вылаў гэтага віду на перыяд да 8 чэрвеня 2021 года. У Чарсцвядскае ж выпускалі значна большыя аб’ёмы, таму неабходнасці ў падобных мерах не было”.

Такім чынам, наш неабыякавы да прыроды чытач і ўсе іншыя рыбаловы могуць спакойна здабываць на прыгаданым возеры рыбу – але, канечне, у межах “Правілаў аматарскага рыбалоўства”.

Зарыбленнем вадаёмаў за кошт членскіх узносаў рыбаловаў-аматараў БТПР займаецца з 2014 года і за гэты час папоўніла рыбай больш 100 беларускіх азёр і рэк. У 2021-м Указам Прэзідэнта зацверджана палажэнне, што структура павінна ў абавязковым парадку накіроўваць на гэтыя мэты 50 працэнтаў атрыманых з прыгаданай крыніцы сродкаў.

Іх нам нагадалі ў Полацкай міжрайінспекцыі жывёльнага і расліннага свету. Так, у рыбалоўных угоддзях Прыдзвіння на цяперашні час існуе забарона на вылаў сома звычайнага (з 1 лістапада па 31 сакавіка), а таксама ўсіх відаў рыб на зімавальных ямах (з 1 кастрычніка па 15 красавіка). Ёсць і абмежаванні па так званай “прамысловай меры”: калі здабыты вамі шчупак у даўжыню меншы за 40 см, яго варта вярнуць у вадаём. Такі ж паказчык устаноўлены для белага амура, сіга і судака. Сазан (карп) павінен быць не менш за 20 см, лінь – 22, язь і галавень – 25. Калі ў вашым улове не дасягнуўшая прамысловай меры рыба складзе больш 20 працэнтаў ад колькасці экзэмпляраў кожнага віду, гэта будзе лічыцца парушэннем Правілаў.

Не варта забываць і пра дазволеную колькасць кручкоў на прыладах (не больш 5 на звычайнага рыбалова і 10 – на члена БТПР), а таксама пра пяцікілаграмовае абмежаванне ўлову за суткі на “бясплатных” вадаёмах (калі гэта адна вялікая рыбіна – вага можа быць большай).

Удакладніць нормы Правілаў, як і паведаміць пра іх парушальнікаў, можна па нумары інспекцыі (8-0214) 77-43-27.

Толькі летась на зарыбленне было выдаткавана 557,2 тысячы рублёў.

Наталля БАГДАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *