34 года заботы о женском здоровье

Общество Экономика и малый бизнес

Амаль трыццаць чатыры гады ў тандэме з любімай прафесіяй… Трыццаць чатыры гады самаадданай працы, каб зберагчы здароўе жанчыны. Акушэрка жаночай кансультацыі Зінаіда Мікалаеўна Дуброўская за гады работы ва Ушацкай ЦРБ заваявала давер пацыентак, павагу калег і адміністрацыі.

Пачынаючы сваю працоўную дзейнасць, З.М.Дуброўская нават і не думала, што калісьці гэтая няпростая справа стане сэнсам яе жыцця. Пасля заканчэння медыцынскага вучылішча па размеркаванні трапіла ў Віцебск. Пэўны час працавала ў дзіцячай абласной бальніцы.
У лютым 1978 года Зінаідзе Мікалаеўне выдалася магчымасць пераехаць на малую радзіму – ва Ушачы – і яна выкарыстала яе. Некалькі месяцаў працавала ў тэрапеўтычным аддзяленні, са жніўня стала акушэркай аглядавага кабінета, крыху пазней пераведзена ў жаночую кансультацыю. Дзяўчыне было даволі лёгка прывыкнуць да работы: ва ўсім ёй дапамагалі вопытныя калегі. Можа таму яна так хутка асвоілася – як імгненне, праляцелі тры дзесяткі гадоў.  
– Здаецца, за спіной такі багаты вопыт, але працаваць не становіцца лягчэй, – разважае Зінаіда Мікалаеўна. – Мяняюцца хваробы, трэба пастаянна вучыцца, ды з узростам ацэньваеш усё зусім па-іншаму.
За час работы ў жаночай кансультацыі да З.М.Дуброўскай прыйшлі прызнанне і павага.
– Медыцынскі работнік не мае права на памылку і не можа дрэнна працаваць. Тым больш, акушэр, – лічыць Зінаіда Мікалаеўна. – Калі становіцца на ўлік цяжарная жанчына, адчуваю двайную адказнасць. Трэба паклапаціцца, каб і матуля была здаровай, і немаўлятка з’явілася на свет без адхіленняў. Радуюся, калі ўсё праходзіць добра, даводзіцца сустракаць шчаслівую маладую маму са здаровым дзіцяці.
Галоўнае ў справе медыка, як лічыць З.М.Дуброўская, — гэта ўменне наладзіць кантакт з пацыенткамі. Часам неабходна проста пагутарыць з жанчынай, супакоіць яе. Гэта і лічыць Зінаіда Мікалаеўна сваёй галоўнай задачай. Часта ўшачанкі тэлефануюць ёй на хатні тэлефон, пытаюцца пра набалелае, просяць парады. І яна нікому не адмаўляе, бо адчувае адказнасць за кожную.
Амаль усіх жанчын раёна ведае акушэрка, трымае ў памяці інфармацыю пра кожную. Здараецца, што сама пацыентка забывае што-небудзь важнае, што можа паўплываць на ход лячэння, – тады яна прыходзіць на дапамогу.
Амаль трыццаць чатыры гады жыцця З.М.Дуброўскай напоўнена штодзённым клопатам пра здароўе жанчын. Кожнай з іх патрэбен добры догляд. А таксама – увага і пяшчота.
Зінаіда Мікалаеўна любіць сваю справу, выконвае яе сумленна.
– Мяне з дзяцінства вучылі таму, — гаворыць яна, — што любая справа патрабуе стараннасці і акуратнасці. Гэтым прынцыпам я кіруюся на працягу ўсяго жыцця.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *