Ценные кадры ушачского промкомбината

Общество Экономика и малый бизнес

Поспех у любой справе напрамую залежыць ад жадання чалавека працаваць, ад таго, наколькі яму падабаецца абраная прафесія. Так лічыць і Іна Уладзіміраўна Лабань, якая працуе швачкай на ААТ “Прамкамбінат” ужо 22 гады. Адзін толькі гэты факт гаворыць, што чалавек, што называецца, на сваім месцы, і любіць сваю работу, бо за такі працяглы адрэзак часу можна было б змяніць не адно рабочае месца.
Родам Іна Уладзіміраўна з Лепеля. Там жа скончыла швейнае вучылішча, а па размеркаванні трапіла на працу ва Ушачы на прамкамбінат. Планавала адпрацаваць тут два гады і вярнуцца на пастаяннае месца жыхарства ў Лепель. Але ж часта здараецца зусім не так, як плануеш.
Маладая дзяўчына сустрэла ва Ушачах сваё каханне і выйшла замуж. Ды і працаваць на прамкамбінаце вельмі спадабалася, так што зусім не хацелася нічога мяняць. Вось засталася тут, і ўшацкія мясціны хутка сталі сваімі, роднымі.   
З таго часу кожны дзень І.Лабань з задавальненнем прыходзіць на сваё працоўнае месца, садзіцца за швейную машыну. Многае мянялася больш чым за дваццаць год, але нязменнымі заставаліся пастаўленыя задачы – працаваць для заказчыка, шыць якасна. Сёння швейны цэх, дзе працуе 25 чалавек, шые спецадзенне для такіх вядомых прадпрыемстваў, як “Віцебскаблгаз”, “Нафтан”, а таксама для сваіх, ушацкіх. Абсалютна кожны заказ важны, і выконваць яго трэба з усёй адказнасцю і акуратнасцю.
Іна Уладзіміраўна заўсёды перавыконвае даведзеныя нормы працы ледзь не ўдвая. Дапамагае ў справе і навічкам. Як адзначае майстар Галіна Вікенцьеўна Жаваранак, шмат моладзі прыходзіць працаваць, але многія з іх не затрымліваюцца надоўга, імкнуцца знайсці штосьці лепшае, часта расчароўваюцца ў выбары прафесіі.
Таму ўся работа цэху і трымаецца на касцяку работнікаў са стажам, на правераных і адказных людзях – такіх, як Іна Лабань. Нават у самыя складаныя часы яна засталася верная свайму прадпрыемству.
Калі тэрмінова трэба выканаць заказ, Іна гатова папрацаваць і больш рабочага часу, і ў выхадны дзень. Заўсёды актыўная, удзельнічае ў грамадскіх мерапрыемствах калектыву, абараняла гонар прадпрыемства і на раённых спартыўных спаборніцтвах. Летась яе прозвішча знаходзілася на Дошцы гонару прамкамбіната.
Кіраўніцтва характарызуе І.Лабань як дысцыплінаванага, стараннага, працавітага работніка, а яна ў сваю чаргу пастаянна апраўдвае аказаны ёй давер. З такім багатым вопытам ёй пад сілу выконваць нават самыя складаныя заданні.
– Вельмі люблю сваю работу і ніколі не думала яе памяняць. Часам, вядома ж, бывае цяжка, але так прыемна бачыць вынік свайго старання: людзей у адзенні, пашытым сваімі рукамі, – гаворыць Іна Уладзіміраўна.
На рабоце яна высокакваліфікаваны і выдатны спецыяліст, дома – добрая гаспадыня і клапатлівая маці і жонка. Усе гэтыя якасці ў ёй выдатна спалучаюцца і дапаўняюць адзін аднаго.
В.ПОЛАЗАВА.



1 комментарий по теме “Ценные кадры ушачского промкомбината

  1. Да уж! Приятно когда видишь такую замечательную статью про свою маму!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *